Акварэлісты сабраліся ў Полацку

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Да Міжнароднага дня музеяў супрацоўнікі Полацкай мастацкай галерэі сумесна з Таварыствам акварэлістаў горада Віцебска падрыхтавалі першую ў Беларусі Міжнародную выстаўку акварэлі.

 /i/content/pi/cult/121/457/Aqva1.jpg
 В.Серабракоў. “Венецыя”.
Для ўдзелу ў выстаўцы былі запрошаны мастакі розных творчых
накірункаў з Літвы, Латвіі, Украіны і Расіі. Выстаўка і навукова-мастацтвазнаўчы сімпозіум “Акварэль: традыцыі і эксперыменты ў прасторы сучаснага мастацтва” выявілі незвычайную цікавасць да праблемы стану акварэлі як самастойнага віду мастацтва.
Наталля Озерава, кандыдат мастацтвазнаўства, заснавальнік і праект-дырэктар Санкт-Пецярбургскага таварыства акварэлістаў, у сваім выступленні пазнаёміла ўдзельнікаў з праблемай захавання акварэльнага мастацтва на прыкладзе калекцыі з Рускага музея “Сядзіба ў акварэлях рускіх мастакоў ХІХ ст.”.Член Санкт-Пецярбургскага таварыства акварэлістаў, Міжнароднай асацыяцыі мастакоў ЮНЕСКО і Асацыяцыі мастакоў Мексікі Ніна Дзьякава расказала аб унікальным прыватным Музеі акварэлі, які быў адчынены ў Мексіцы Альфрэда Гуаці Райо на свае ўласныя сродкі. Н.Дзьякава сёння з’яўляецца звязуючым звяном паміж рускімі і мексіканскімі мастакамі-акварэлістамі. У яе акварэлях, нягледзячы на тое, што яна прадстаўляе рускую акварэльную школу, прысутнічае цяпло сакавітага мексіканскага сонца. Адну са сваіх работ — “Прыморскі пасёлак” — яна падарыла Полацкай мастацкай галерэі.
На выстаўцы былі прадстаўлены ўсе класічныя прыёмы працы з акварэльнымі фарбамі і разнастайныя творчыя падыходы да гэтага віду мастацтва. Нягледзячы на тое, што ўсе працы выкананы за апошнія два гады, творчая шчырасць мастакоў розных пакаленняў стварыла максімальна аб’ёмную карціну рэтраспектыўнага развіцця акварэлі, пачынаючы з апавядальных пейзажаў і колерапластычных кампазіцый, вядомых у Беларусі яшчэ ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя, і заканчваючы нетрадыцыйнымі спосабамі падачы акварэлі ў арганічным спалучэнні іншых памежных мастацтваў, а таксама фота, калажа, аб’екта… Прынамсі, гэта найбольш поўна можна было пабачыць менавіта ў работах беларускіх мастакоў.
У выстаўцы прынялі ўдзел 67 творцаў, якія паказалі каля 200 работ. Зразумела, гэтая культурная падзея выклікала вялікую цікаваць не толькі ў мастакоў, але і ў гледачоў. За адзін месяц выстаўку наведалі 1004 чалавекі. Полацк спадзяецца і на далейшае развіццё дадзенага праекта і правядзенне біенале акварэлі ў 2009 годзе.

Ларыса ЛЫСЕНКА,
загадчыца Полацкай мастацкай галерэі