Семнаццаты — абноўлены

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

З 5 па 12 лістапада на Беларусі семнаццаты раз пройдзе Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". Інтрыга заключаецца ў новым абліччы, якое павінен прыняць адзіны ў нашай краіне кінафорум буйнога маштабу. Абноўленая каманда прапануе гледачу шэраг прэм'ер, рэтраспектыў і сустрэч з вядомымі дзеячамі сусветнага кіно.

 

Ва ўрачыстай абстаноўцы будуць уручацца спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" на цырымоніях адкрыцця і закрыцця форуму.

Праграма паказаў "Лістапада" ўпершыню будзе складацца адразу з чатырох конкурсных праграм. Як паведамілі "Культуры" ў дырэкцыі фестывалю, да асноўных конкурсаў - ігравога і дакументальнага кіно - дадаюцца адпаведныя спаборніцтвы для рэжысёраў-дэбютантаў. Прычым, калі ў асноўныя праграмы адбіраюцца стужкі з краін, якія некалі ўваходзілі ў склад СССР і краін Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы - удзельніц колішняга сацыялістычнага блоку, - то на форум маладога кіно арганізатары чакаюць карціны з усяго свету.

Што да колькасці конкурсных стужак, то, у адрозненне ад мінулых "Лістападаў", іх будзе не так шмат. Як абяцаюць арганізатары, у асноўным конкурсе ігравога кіно будзе прадстаўлена не менш за 12 фільмаў, у конкурсе ігравых дэбютаў - 8, і не менш за 20- у асноўным "дакументальным" конкурсе. Стужкі ўсіх чатырох праграм будуць судзіць чатыры міжнародныя журы, якія і ўручаць адпаведныя ўзнагароды за лепшыя работы.

Да таго ж, як тое і прынята на "Лістападзе", публіка зможа зноў паўдзельнічаць у працы глядацкага журы: кожны наведвальнік фестывальных паказаў ацэніць фільм па праглядзе. А па выніках падліку галасоў стане зразумелым, каму ж гледачы аддалі перавагу. Праўда, галоўны прыз "Лістапада" - "За лепшы фільм" - гэтым разам уручыць усё-такі вялікае журы конкурсу ігравых стужак.

Як паведамілі ў дырэкцыі "Лістапада", у рамках кінафоруму мяркуецца прадставіць рэтраспектыўныя паказы, а таксама запланаваны творчыя сустрэчы з майстрамі сусветнага кінематографа, "круглыя сталы" па актуальных для кінаіндустрыі пытаннях. Са стваральнікамі фестывальных фільмаў будуць праводзіцца прэс-канферэнцыі і- што ўпершыню на "Лістападзе" - абмеркаванні пасля прагляду з удзелам крытыкаў.