Мейнстрым? Гэта — па-нашаму!

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

На “Беларусьфільме” шукаюць рэцэпт ідэальнага тэлекіно

/i/content/pi/cult/284/4565/pic_42.jpgКалі раней мастацкія прыёмы пераходзілі з "вялікага" кіно ў "малое", то цяпер ці не наадварот: стужкі для кінапракату ствараюць пад вялікім уплывам тэлевізійнай стылістыкі. Да таго ж, і фінансавы складнік тэлевізійнай кінавытворчасці выглядае больш надзейным, не такім залежным ад патрэб публікі. Якое ж яно, сучаснае беларускае тэлекіно? У гэтым паспрабаваў разабрацца наш карэспандэнт.

Самае галоўнае, што адбылося ў тэлекіно за апошнія дзесяцігоддзі, - падобныя стужкі больш не з'яўляюцца эквівалентам "тэатра на экране", нечым другасным, чым, як лічылася, вопытныя рэжысёры займаліся ў паўзах паміж працай для вялікага экрана. Нават жанр так званай тэленавелы, "першапраходцам" якога яшчэ ў часы Савецкага Саюза стала бразільская "Рабыня Ізаура", выглядае цяпер нашмат прывабней і карыстаецца павагай у тых жа акцёраў: атрымаўшы ролю ў тэлевізійным серыяле, можна зрабіць неблагую кар'еру.

Беларускае кіно заўсёды было ў эпіцэнтры тэлепрацэсу. Дастаткова згадаць стужкі, якія спецыяльна здымаліся айчынным тэлебачаннем і мелі поспех далёка за межамі БССР: "Уся каралеўская раць", "Атланты і карыятыды", "Мы - хлопцы жывучыя"... Не саступаў тэлебачанню "Беларусьфільм" са сваімі шматсерыйнымі экранізацыямі нацыянальнай класікі кшталту "Людзей на балоце", "Плачу перапёлкі"...

Апошнія дзесяцігоддзі, праўда, сталі часам, калі беларускія тэлеаматары мелі магчымасць глядзець адно замежную прадукцыю. Нават, калі яна была знята ў Мінску (як знакамітая "Каменская"), пэўны "асадак" заставаўся: нашы могуць не горш... Аднак за некалькі мінулых гадоў на айчынным тэлеэкране з'явіліся беларускія тэлестужкі, і справа, здаецца, зрушылася з мёртвай кропкі.

У мінулым годзе "Культура" пісала пра карціну Аляксандра Яфрэмава "Снайпер. Зброя помсты", створаную сумесна з расійскімі кінематаграфістамі. Сёлета есць шанц казаць пра ўласна беларускія тэлевізійныя фільмы, тым больш, што камедыйная меладрама "Трамвай у Парыж" вучня Міхаіла Пташука - рэжысёрадэбютанта Дзмітрыя Лася, напрыкл/i/content/pi/cult/284/4565/pic_43.jpgад, была высока ацэнена на нядаўнім Нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце. Чатырохсерыйны дэтэктыў Ігара Чацверыкова "Ілюзія палявання" адразу атрымаў запатрабаванасць каналаў: яго прэм'ера на гэтым тыдні адбылася на АНТ.

На чарзе - здымкі лірычнай меладрамы Івана Паўлава "Усё, што вам патрэбна". А ў гэтыя дні поўнай хадой ідзе праца над новай стужкай Рэнаты Грыцковай "Ціхі цэнтр". Карэспандэнт "К" паспрабаваў вызначыць асноўныя рысы сучаснага тэлевізійнага праекта проста на здымачнай пляцоўцы апошняй карціны.

Меладрама як нагода

Праца над новай стужкай Рэнаты Грыцковай вядзецца ў самым вялікім павільёне Нацыянальнай кінастудыі (тут вельмі натуральна і з вялікім майстэрствам пабудаваны інтэр'еры цэлага пад'езда). Тэлевізійны фільм "Ціхі цэнтр" павінен стаць яшчэ адным крокам беларускага кіно да вяртання даверу шырокай глядацкай аўдыторыі. Прынамсі, усе перадумовы для гэтага ёсць: якасны сцэнарый, вопытны рэжысёр, вядомыя беларускія і расійскія акцёры ў ролях. Галоўную праблему сучаснага кіно - цікавую драматургічную аснову - вырашылі з дапамогай праверанага часам метаду: "Ціхі цэнтр" - гэта экранізацыя аднайменнага рамана журналісткі Тамары Лісіцкай. Пасля поспеху яе першай кнігі "Ідыёткі" студыя прапанавала Лісіцкай напісаць сцэнарый па наступным творы. Матэрыял прыйшоўся даспадобы рэжысёру Рэнаце Грыцковай.

Сюжэт новай стужкі - тыпова "серыяльны", меладраматычны: фільм распавядае пра жыццё жыхароў пад'езда двухпавярховага жылога дома ў самым цэнтры вялікага горада. Вобраз месца, дзе адбываюцца падзеі, амаль "спісаны" з аднаго з будынкаў на вуліцы Кісялёва, каля сталічнай плошчы Перамогі. Дарэчы, менавіта там і адбываецца частка натурных здымак. У карціне- адразу некалькі галоўных герояў, чые пачуцці праходзяць праз шматлікія выпрабаванні. І сюжэт, і вобразы персанажаў новай карціны гарманічна ўпісваюцца ў сучасную схему глядацкага мейнстрыму. Генерал ь н ы накірунак выт в о р ч а с ц і мастацкіх стужак для тэлебачання можна лёгка высветліць, пераключаючы ўвечары каналы. "Ціхі цэнтр" у гэтым сэнсе адпавядае агульным тэндэнцыям.

- Мейнстрым бывае не толькі такім, якім прывыклі яго азначаць кінааглядальнікі спецыялізаваных выданняў,- упэўнена Рэната Грыцкова. - Так, наша кіно больш сціплае па маштабах, але гэта не значыць, што ў тэлевізійным кіно вельмі проста трымаць увагу гледача! Наадварот! Таму робім усё магчымае, каб з самай першай серыі "Ціхі цэнтр" захапіў аўдыторыю.

Калі цікава гледачу?

Патрабаванне быць цікавым не толькі на радзіме - цалкам слушнае для сучаснага кінапрацэсу. Беларусь мае пэўную перавагу ў гэтым сэнсе, бо знятыя ў нас стужкі не патрабуюць дадатковых тлумачэння і перакладу на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза - аднаго з самых буйных рынкаў кінапрадукцыі ў свеце. Менавіта гэтая акалічнасць садзейнічае супрацоўніцтву "Беларусьфільма" з замежнымі п/i/content/pi/cult/284/4565/pic_44.jpgрадзюсерамі. Не дзіўна, што і карціны, якія айчынныя кінематаграфісты здымаюць самастойна, маюць пэўныя рысы сумесных пастановак. Таму і галоўныя ролі ў "Ціхім цэнтры" выконваюць, у тым ліку, і ўкраінскія ды расійскія акцёры. Але колькасць беларускіх і замежных артыстаў у карціне знаходзіцца ў раўнавазе.

- Замежных акцёраў мы выбіралі на агульным кастынгу,- сцвярджае Рэната Грыцкова. - Усе яны ідэальна падыходзяць да сваіх персанажаў.

- Здымацца ў "Ціхім цэнтры" ўвогуле вельмі цікава. Рэната Грыцкова - "акцёрскі" рэжысёр, з ёй цікава працаваць, бо тыя задачы, што яна ставіць, дазваляюць праявіць сваё майстэрства, - зазначае актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы Святлана Анікей.

Захоплены працай і карыфеі Купалаўскай сцэны Тамара Міронава і Зінаіда Зубкова. Апошняя выконвае ролю хворай актрысы і кажа, што праца на пляцоўцы "Ціхага цэнтра" - не адпачынак ад тэатральнай сцэны і вымагае шмат высілкаў.

■ ■ ■

Жорсткія фінансавыя межы, у якіх даводзіцца дзейнічаць кінематаграфістам, здавалася б, не даюць шмат магчымасцей для самавыяўлення. Але па стаўленні да працы стваральнікаў "Ціхага цэнтра" відаць: у псіхалагізме акцёрскай гульні ды рэжысёрскіх выкладак, працы над касцюмамі ды дэкарацыямі можна ўбачыць нагоду для спадзявання, што тэлемейнстрым па-беларуску будзе не толькі камерцыйна-паспяховым, але і па-мастацку адметным.

На здымках: кадры са здымак фільмаў "Ілюзія палявання" і "Ціхі цэнтр". 

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА