Праз акно — да саду Орды

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Заўсёды складана выбраць удалы падарунак на свята, тым больш - на юбілей. Іншая рэч, калі юбіляр - мастак. Складана прыдумаць падарунак для творцы лепшы, чым персанальная выстаўка. Менавіта асабістай экспазіцыяй святкуе сваё 70-годдзе Уладзімір Капшай.

/i/content/pi/cult/284/4564/pic_41.jpgУ адной з выставачных залаў сталічнага Палаца мастацтва гэтымі днямі адкрылася рэтраспектыўная выстаўка пейзажаў і нацюрмортаў, напісаных мастаком цягам усяго творчага шляху. Ёсць тут і студэнцкія работы, і палотны, якія адлюстроўваюць першыя гады яго працы настаўнікам, і творы апошніх гадоў. "Усё жыццё - як на далоні,- распавядае Уладзімір Міхайлавіч. - Некаторыя мясціны ўжо зусім забыліся, карціны - адзіны напамінак пра іх. Колькі гадоў таму напісаў від з акна сваёй майстэрні. Сёння ўсё выглядае зусім інакш. Вось у такіх "злоўленых" момантах і ёсць вартасць рэалістычных твораў".

Фарміруючы асноўную канцэпцыю экспазіцыі, аўтар спыніўся на работах, напісаных выключна з натуры. Усе яны ствараліся ў свой час на пленэрах, пад час адпачынку або проста, як ужо згадвалася, "праз акно". Наведвальніка выстаўкі ўражваюць багатыя на колер нацюрморты з палявымі кветкамі; малюе Уладзімір Міхайлавіч і гарадскія куточкі, але найбольш значную частку экспазіцыі займаюць выявы браслаўскіх азёр - улюбёнага месца мастака. Капшай увогуле жывапісец неабыякавы да таго, што адлюстроўвае яго пэндзаль. Пачуцці аўтара - гэта не любоў да прыроды турыста з яе захапленнем, а разважна/i/content/pi/cult/284/4564/pic_40.jpgя, глыбокая павага да мясцін, дзе нарадзіўся і рос. Іх мастак добра ведае і шануе. Мабыць, таму яго работы - каларыстычна насычаныя і, у той жа час, вельмі стрыманыя на эмоцыі.

У творчай скарбонцы майстра - афармленне экспазіцыі філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў вёсцы Вязынка, Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, музея М.К. Агінскага ў вёсцы Залессе Гродзенскай вобласці...

Апошнім часам мастак працуе над стварэннем знешняга выгляду Музейнага комплексу Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэты праект - асабістая ініцыятыва Уладзіміра Міхайлавіча, таму пра працу над ім мастак гаворыць з асаблівай пяшчотай: "Хочацца стварыць вобраз сапраўднай шляхецкай сядзібы, куды было б цікава прыязджаць. Дарэчы, гэта цэлы комплекс, у якім акрамя галерэі і музея будзе мастацкая школа, прыгожы сад..."