Дыялог з Прынямоннем

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Апошнім часам Беларускі саюз мастакоў знаёміць сталічных аматараў выяўленчага мастацтва з творчасцю сваіх членаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны. Не так даўно мінчане мелі магчымасць пазнаёміцца з работамі майстроў Віцебшчыны, сёння ж можна ўбачыць дасягненні гродзенцаў: больш за 120 работ 35-ці майстроў аб'яднала экспазіцыя "Мастакі Прынямоння" на выставачнай пляцоўцы Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва".

/i/content/pi/cult/284/4562/pic_35.jpgВарта адзначыць, што гродзенцы - мастакі вельмі пладавітыя. Толькі за апошнія тры гады імі было зладжана 46 выставак у краіне і за мяжой. У скарбонцы выязных імпрэз- 14 пленэраў. Што і казаць, за апошнія гады абласная арганізацыя вырасла і колькасна, і якасна: выхад мастакоў Прынямоння на сталічную і міжнародную арэны стаў значна шырэйшы. Аднак вялікай калектыўнай выстаўкі гродзенцаў, якая магла б паказаць рэальны творчы ўзровень, даць магчымасць параўнаць і зрабіць высновы, сталічныя калегі і аматары мастацтва не бачылі ўжо колькі гадоў.

Экспазіцыя сапраўды ўражвае маштабамі. Каб адлюстраваць аблічча сучаснага мастацтва рэгіёна найбольш дакладна і поўна, арганізатары не абмяжоўваліся ні ўзроставымі, ні жанравымі рамкамі. "Увогуле, асаблівасць нашага калектыву,- распавядае старшыня Гродзенскай арганізацыі БСМ Аляксандр Анціпенка, - у цесных стасунках з прадстаўнікамі розных нацыянальных культур, а таксама ў пастаянным супрацоўніцтве з творцамі заходніх краін, своеасаблівым абмене. Усё гэта робіць айчыннае мастацтва цікавым і ў нечым незвычайным для жыхароў іншых абласцей краіны"./i/content/pi/cult/284/4562/pic_36.jpg

Сапраўды, паглядзець ёсць на што. Варта адзначыць хаця б тое, што асноўны пласт прадстаўленых работ - творы знаных майстроў. Валянціна Шоба, Юрый Якавенка, Станіслаў Кічко, Вікторыя Ільіна, Аляксандр Варакса, Уладзімір Панцялееў, Мікола Бандарчук, Іван Русачак - імёны, добра знаёмыя аматарам і прафесіяналам. Экспазіцыя сапраўды шматаблічная: побач з манахромнымі палотнамі Сяргея Асапрылкі прадстаўлены эпатажныя творы Сяргея Грыневіча, а поруч з вытанчанымі керамічнымі работамі Яўгена Адзіночанкі - масіўныя і яркія "Структуры" Ірыны Радкевіч, што выглядаюць цэласнымі, завершанымі, дасканала прадуманымі. Кераміцы гродзенцы ўвогуле адвялі вельмі значнае месца: калі традыцыйна на калектыўных экспазіцыях скульптурныя кампазіцыі толькі дапаўняюць жывапісныя палотны, дык на гэтай выстаўцы згаданыя віды выяўленчага мастацтва - насамрэч раўнапраўныя.

 Асобная частка экспазіцыі - шкляныя вырабы мастачкі Галіны Сідарэвіч: яе празрыстыя яблычкі і незвычайныя вазы адразу прыцягваюць увагу гледача, яшчэ раз падкрэсліваючы самавітасць і рознабаковасць гродзенскіх мастакоў.

Творцы рэгіёна ідуць, як кажуць, у нагу з часам: традыцыйных работ, створаных у класічных жанрах, тут амаль не сустрэнеш. Усё больш значным для мастакоў становіцца пошук саміх сябе, свайго месца ў жыцці, уласнага вышэйшага прызначэння. Таму і творы ў іх- усё больш філасофскія. Так, у адарваных ад "натуралістычных рэалій" формах паспяхова працуюць майстры над галоўнай праблемай узаемаадносін чалавека з навакольным светам.

/i/content/pi/cult/284/4562/pic_37.jpgТворчасць мастакоў Гродзеншчыны разнастайная і шматаблічная ў замацаванні тых галоўных імкненняў, якімі сёння жыве ўсё беларускае мастацтва. Сутнасць яго - у пошуках новых форм выяўлення вобразных думак, сугучных нашаму няпростаму часу, у спалучэнні традыцыйнасці і навізны. Той традыцыйнасці, што ідзе з глыбіні шматгадовага мастацкага вопыту, і той навізны, якая жывіцца непаўторнай цікавасцю аўтараў да ідэалаў чысціні, гармоніі і дасканаласці, без чаго творчасць - немагчымая.

Зараз надышоў час "дыялога" мастака не толькі са сваім гледачом, але - што не менш важна - з самім сабой. Менавіта такая форма камунікацыі прысутнічае на сённяшняй выстаўцы ў поўным аб'ёме і на добрым эмацыйным уздыме.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ