Купалле з Еўропай

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Купалле, як вядома, святкуюць усе славяне — толькі ў розны час. У нас папараць-кветка расцвітае ў ноч з 6 на 7 ліпеня. У Еўропе “купаляць” раней — 24 чэрвеня. Таму заўтра ўночы ў нас ёсць цудоўная магчымасць адзначыць Купалле разам з Еўропай, але — па-беларуску. Ці, дакладней, “па-дарафееўску”, наведаўшы Мірскі замак, ля муроў якога і адбудзецца “Купалле Ірыны ДАРАФЕЕВАЙ: фестываль стыхій” — грандыёзнае шоу, заснаванае на сінтэзе ўсіх відаў мастацтва ў спалучэнні са спортам.

— 13 лютага, — распачала Ірына ДАРАФЕЕВА, — нашу студыю наведаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Размова з ім натхніла на новыя здзяйсненні — паказаць не проста канцэрт, а шоу еўрапейскага ўзроўню, хаця гэта і вымагае вялікіх маральных, фізічных, матэрыяльных затрат. Я была шчаслівая, што атрымала падтрымку. Арганізатарам шоу выступіла АНТ. Тэлебачанне даўно хацела падтрымаць буйны нацыянальны праект, і выбар выпаў на мяне. Усё, што ні здараецца, не бывае выпадковым. Мне часам здаецца, што хтосьці ўжо за мяне прадумаў мой лёс, і трэба толькі чуйна лавіць тыя “падказкі” і знакі, што табе дасылаюцца. Таму вельмі важна быць уважлівай да ўсіх, хто сустракаецца на тваім жыццёвым шляху, знаходзіць час для сяброўскіх чалавечых стасункаў, не скупіцца на добрыя чалавечыя словы. Я не магу сказаць, што ўсяго дасягнула, наперадзе ў мяне яшчэ доўгі шлях — можа, цярністы, з выпрабаваннямі і спакусамі, але менавіта людзі, якія знаходзяцца побач, не дадуць мне расслабіцца.
Уявіце: на тое ж “Купалле” намагаюцца прыехаць мае прыхільнікі з Грэцыі, Кіпра, Турцыі, Мурманска. Многія прадпрыемствы, дбаючы пра брэндавую прадукцыю, хочуць бачыць на ёй твар, імя Ірыны Дарафеевай. Гэткі суцэльны парыў калектываў!
— Але ж справа не толькі ў гэтым! Такой працаздольнасці, як у вас, можна толькі пазайздросціць. Увесь час — штосьці новае, пастаяннае імкненне да незаваяваных вяршынь, самаўдасканальванне. Акрамя ўласна музычных праектаў, удалае выступленне ў якасці тэлевядучай, якая, адкінуўшы сцэнарый, не баіцца імправізаваць у прамым эфіры, удзел у спектаклі “Асцярожна, жанчыны Парыжа!” у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Пастаянна рыхтуеце не толькі новыя песні, але і суцэльныя магнітаальбомы. Сярод апошніх — “Як у першы раз” з маладзёжным рэпертуарам, “Пульс маіх хвілін” — з беларускамоўным, прычым буклет цалкам змяшчае тэксты, каб песні маглі “ісці ў народ”. Зняты 7 кліпаў, якія выйдуць на DVD. Дый “Купалле”, наколькі мне вядома, без прэм’ер не абыйдзецца.
— Дзве новыя песні Кіма Брэйтбурга я выканаю ў дуэце з Русланам Аляхно. Праспяваю і ў трыо з Пятром Ялфімавым і Георгіем Калдуном. Шмат будзе іншых новых кампазіцый, спецэфектаў. Я ўвогуле лічу, што на кожным канцэрце абавязкова павінна быць штосьці новае. Падчас нядаўніх Дзён Масквы ў Беларусі ў нас у гасцях былі Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў. Яны падарылі мне новую песню, якую, спадзяюся, паспею падрыхтаваць да “Славянскага базару ў Віцебску”. Дарэчы, да гэтага фестывалю павінен выйсці яшчэ адзін мой кампакт-дыск. Далей — чарговы гастрольны тур па Беларусі.
— Летась падчас жніва, — да размовы далучаецца прадзюсер Юрый САВАШ, — мы далі на Гродзеншчыне 56 канцэртаў для працаўнікоў сяла. Гэтая шматгадовая традыцыя будзе прадоўжана і сёлета. Нараджаецца яшчэ адна традыцыя — калядных вечароў з Ірынай Дарафеевай.
— Як у Алы Пугачовай?
— Іначай. Там — гламурная “тусоўка”, накіраваная на прыбытак у шоу-бізнесе. У нас — згуртаванасць музыкантаў, якія рады працаваць “жыўцом”. Першы такі канцэрт мы зладзілі ў сталічнай філармоніі, але рэзананс быў такі шырокі, што сёлета вечар адбудзецца ў Палацы спорту з далейшай тэлеверсіяй АНТ.
— Ірына, што ж дае вам сілы, адкуль чэрпаеце столькі энергіі?
— Пэўна, гэта любоў. Я шчаслівая, што займаюся любімай працай, што кожны канцэрт для мяне — свята. І штодзённая мітусня, “ваенна-палявыя” ўмовы, калі спіш адно ў машыне падчас пераездаў, — усё гэта мне падабаецца таксама. Можа, яшчэ і таму, што да такога “палатачнага” жыцця мяне бацькі ў дзяцінстве прывучылі.
— Бацькі? Яны ж у вас настаўнікі — “ціхая”, мірная прафесія.
— Але гэта не перашкаджае ім быць у душы рамантыкамі-авантурыстамі. Яшчэ ў дашкольным узросце я паўсюль ездзіла з імі, мы маглі па два месяцы жыць у палатках, на рыбе, грыбах і ягадах (праўда, у сельскую краму заязджалі па хлеб). Аднойчы, калі мне было гадоў пяць, трапілі ў паводку. Машына засталася на адным беразе, мы — на другім, пераплыць не маглі. Дні чатыры ці пяць так і сядзелі: прадукты скончыліся, хлеба няма. Бацькі мяне суцяшалі: “Нічога, дачушка, як вернемся дадому — купім вялізны торт”. А я ў адказ: “І лустачку хлеба”.
— Дык вось калі вы пазнаёміліся са стыхіяй вады! Дарэчы, якая з чатырох стыхій, заяўленых у купальскім шоу, вам бліжэйшая?
— Вада — як паказваене толькі гараскоп, але і практыка. Здаецца, няма ўжо ў Беларусі такой рачулкі, дзе б я не паплавала і не парыбачыла. Гэта не проста хобі — гэта стан душы. Як толькі бачу нейкі вадаём, адразу хапаюся за вуду — такі азарт прачынаецца! Але камароў баюся да жудасці, бо на скуры плямы застаюцца. Яшчэ мне блізкая стыхія агню. Я магу хутка “запаліцца”, але ведаю, як тушыць той агонь, які можа прынесці шкоду. Увогуле, прырода надарыла мяне такімі якасцямі, што я магу абсалютна гарманічна суіснаваць з усімі знакамі задыяка, бо намагаюся “ўлівацца” ў сітуацыю і запаўняць тыя пустоты, што ўзнікаюць і ў стасунках, і ў творчасці.
— Чатыры стыхіі разам — таксама сімвал гармоніі? Шоу, такім чынам, задумвалася не толькі відовішчным, але і філасофска-канцэптыйным?
— Праз стыхію зямлі мне хацелася перадаць любоў да радзімы. Паветра — гэта вольны палёт, натхненне. Вада — сімвал самога жыцця, яго жыватворнай крыніцы і хуткаплыннасці часу. Агонь — энергія і любоў, якая прымушае нас рабіць немагчымае. Мяне перапаўняе любоў, хочацца перадаць яе людзям — асабліва ў Купальскую ночку, калі чалавек адчувае апафеоз свайго яднання з прыродай, калі ўсё навокал імкнецца да жыцця і любові.
— Любоў, трэба разумець, становіцца лейтматывам і вашага купальскага вечара, і, шырэй, усёй вашай творчасці і жыцця. А каханне? Ці “мастацтва патрабуе ахвяр”?
— Патрабуе, ды яшчэ як! На простыя зямныя пачуцці я збочваю рэдка і ненадоўга. Але не адчуваю сябе няшчаснай, у чымсьці абдзеленай. Змены ў асабістым жыцці плануюцца на 200...-ы год. Як лёс складзецца! Пакуль я ўсю сябе прысвячаю мастацтву. Трэба паспець зрабіць шмат. Я адчуваю падтрымку дзяржавы, аднадумцаў, сяброў, бацькоў і не хачу нікога падвесці.
— Якім жа павінен быць ваш абраннік?— Аднадумцам, прыхільнікам, сябрам, які вельмі глыбока асэнсуе ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, і дапаможа вывесці мяне на новы ўзровень, даць штуршок наперад.
— Вы самі даволі часта даяце “штуршкі наперад” многім маладым артыстам, ператвараючы “Тэатр Ірыны Дарафеевай” у своеасаблівую кузню кадраў.
— Наша студыя заўсёды адкрытая для адораных людзей. Да нас прыходзяць, прыязджаюць, кагосьці я сама запрашаю. Праслухоўваю, даю парады, падбіраю практыкаванні, настройваю, куды рухацца далей. Тая ж Юля Гусева лічыць, што менавіта я дала ёй “пуцёўку” на эстраду, звярнуўшы на яе ўвагу ў Магілёве і накіраваўшы ў прадзюсерскі цэнтр “Спамаш”. Дапамагаем мы і Георгію Калдуну, які сёлета прадстаўляе нашу краіну на Міжнародным конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”. Другая беларуская канкурсантка — Ганна Благава — таксама наша былая выхаванка. Галоўнае, каб у іх цяпер хапіла мужнасці і сілы духу, якіх конкурс вымагае не менш, чым прафесіяналізму. Сцэна “Славянскага базару ў Віцебску” дае ні з чым не параўнальныя адчуванні. Мабыць, такія ж я перажыву ў Мірскім замку.
— У вас быў вопыт выступлення ў Лідскім замку. Не націскаў груз стагоддзяў?
— Наадварот — ля такіх помнікаў даўніны перажываеш асаблівае пачуццё абароненасці, сувязі са сваім народам — усяго таго, што і завецца духоўнай спадчынай.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ