Маркетолаг Дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб'яднання "Белмастацпромыслы" Віктар Долаб паведаміў, што 15 кастрычніка там адкрываецца новы фірменны магазін прадпрыемства - "Свет сімвалаў". Тут, па словах Віктара Долаба, можна будзе набыць атрыбуты дзяржаўнай сімволікі - сцяг, герб, вымпелы - і сувенірную прадукцыю з іх выявамі. Аднак гэта не толькі крама, але і дызайн-студыя. Інакш кажучы, любы ахвотны спажывец можа замовіць тую прадукцыю, якая яму патрэбна, у неабходным матэрыяле і маштабе.
Адзначым, аб'яднанне "Белмастацпромыслы" дзейнічае з 1999 года, мае ў структуры 16 мастацкіх фабрык, якія знаходзяцца ў Мінску, Бабруйску, Пінску, Брэсце, Радашковічах, Івянцы... Фабрыкі спецыялізуюцца на ўсіх традыцыйных нацыянальных промыслах: кераміцы, дрэваапрацоўцы, лозапляценні, ткацтве, вышыўцы...