Мастацкія крылы Зямлі беларускай

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

3-га верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё Рэспубліканскай выстаўкі сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Зямля пад белымі крыламі". Экспазіцыя прадставіць творы народных мастакоў краіны і лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі.

Як пісала ўжо "К", выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі стане першым мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі. І, па словах Уладзіміра Карачэўскага, яе маштаб і разнастайнасць зададуць тон і настрой усяму мастацкаму форуму.

На экспазіцыі прадставяць творы як з фондаў Нацыянальнага мастацкага, так і новыя работы мастакоў рэспублікі.

- Надышоў час убачыць дасягненні некалькіх пакаленняў, - адзначыў дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў, - каб прасачыць тэндэнцыю развіцця беларускага выяўленчага мастацтва.

Прадстаўнікі рабочай групы Рэспубліканскай выстаўкі, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч і прарэктар па навуковай працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна падкрэслілі: мастацкі форум пазнаёміць з усім спектрам жанраў, накірункаў жывапісу, графікі, скульптуры...

- Гэта будзе цэласны агляд сучаснага мастацтва, а не выбраных твораў членаў Беларускага саюза мастакоў, - заўважыў Міхаіл Баразна.

Што да твораў стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, то, па словах М.Баразны, іх суседства з работамі вядомых майстроў выглядае цалкам натуральным.

- Для таго, каб стаць лаўрэатам фонду Прэзідэнта, - адзначыў прарэктар БДАМ, - неабходна быць лаўрэатам міжнароднага конкурсу або сур'ёзнай міжнароднай выстаўкі. І ўсе маладыя аўтары, заяўленыя на экспазіцыі, валодаюць дасягненнямі міжнароднага ўзроўню: іх прадстаўніцтва на форуме - годнае і вельмі яскравае. Мяркую, што глядач не толькі атрымае задавальненне ад убачанага, але будзе здзіўлены тым, што наша моладзь імкнецца не толькі скапіраваць сталых майстроў, але і дзесьці іх нават апярэдзіць.

Літаральна за адкрыццём выстаўкі ў НММ мастацкую эстафету падхопяць музеі і галерэі абласцей Беларусі.

На прэс-канферэнцыі была ўзнята і тэма ўдзелу Беларусі ў 54-й Венецыянскай біенале. Як паведаміла арганізатар нацыянальнага павільёна, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч, на сённяшні дзень ужо адбылася паездка рабочай групы ў Венецыю з мэтай выбару памяшкання для будучай экспазіцыі. "Было прагледжана звыш пятнаццаці пляцовак, і пакуль мы вылучылі некалькі з іх для далейшых перамоў", - дадала яна.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"