Дыстанцыя паміж інвестарам і сядзібай

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Як спрасціць шлях не ў абыход заканадаўства? або Пераразмеркаванне адказнасці — не дзелавы падыход

Апошняя частка нашай вандроўкі па старых шляхецкіх сядзібах атрымалася самай аптымістычнай. Яна натхніла на прыемную выснову: тыя праблемы, якія мы адлюстроўвалі ў папярэдніх публікацыях, з'яўляюцца вырашальнымі - хай і ў перспектыве. Але... Варта памятаць, што хэпі-энды бываюць толькі ў казках. У жыцці ўвогуле не бывае "-эндаў"- яно працягваецца, спараджаючы новыя праблемы. Наіўна меркаваць, што адна толькі перадача сядзібы ў чыюсьці ўласнасць забяспечыць ёй росквіт і ўратуе ад знішчэння. Сусветная практыка мае ў сваіх аналах розныя прыклады стаўлення прыватнікаў да помнікаў спадчыны - як станоўчыя, так і не вельмі... Адпаведна, сістэму аховы гісторыка-культурнай спадчыны могуць чакаць новыя выпрабаванні. Але тыя раёны, дзе яна сапраўды эфектыўна працуе, праблем не баяцца.

 

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 33 - 34.)

Маёнтак ідзе "з малатка"

/i/content/pi/cult/284/4554/pic_19.jpgЗ Лыскава - апошняга нашага прыпынку на Пружаншчыне - рушым у вёску Падароск Ваўкавыскага раёна. Абіраем шлях напрасткі, пазначаны на карце як "дарога з пакрыццём". Гродзеншчына сустракае нас... экстрымам.

Брукаванка пад нашымі коламі, пракладзеная яшчэ, здаецца, пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім, часам ператваралася ў зарослую травой лясную сцяжыну. На ёй часта сустракаліся глыбокія лужыны, якія даводзілася аб'язджаць, балансуючы на "памежжы" ўзбочыны і бруднай вады. І гэтак - кіламетраў пад дваццаць...

Але ўсе перашкоды рана або позна заканчваюцца. Выбраўшыся на сапраўды ўтульны асфальт і блаславіўшы дасягненні сучаснай цывілізацыі, мы неўзабаве ўбачылі і мэту шляху па бездарожжы - вытанчаны фасад палаца ў Падароску, збудаванага ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Раманам Бохвіцам, сынам вядомага філосафа Фларыяна.

У параўнанні з тымі сядзібамі, якія мы наведалі ў папярэднія дні вандроўкі, будынак выглядае досыць прыстойна. Сёння ён - закінуты, але яшчэ не так даўно там месцілася кіраўніцтва гаспадаркі, а да гэтага - сярэдняя школа. У 2004 годзе над класіцыстычным палацам паўстаў пытальнік няпэўнасці.

Нярэдка ў такіх выпадках пачынаецца тое, што кімсьці было трапна акрэслена "сіндромам пераразмеркавання адказнасці": гэта калі кожная з адказных асоб спрабуе перакінуць адказнасць на іншыя плечы - і ўсе разам чакаюць "ініцыятыву зверху" ды сродкі з рэспубліканскага бюджэту. У Ваўкавыскім раёне ад гэтай заганнай практыкі рашуча адмовіліся.

Пасля таго, як стала зразумела, што мясцовая гаспадарка не праяўляе асаблівай рупнасці ані ў пошуку новых уласнікаў для гэтага помніка спадчыны, ані нават у належным яго захаванні, аддзел культуры прыняў рашэнне ўзяць "праблемны" аб'ект на свой баланс. І- вырашыць яго праблемы.

- Мы плануем выставіць сядзібу на аўкцыён - з умовай, каб будучымі ўладальнікамі тут быў створаны аб'ект аграэкатурызму,- кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Ларыса Ружанская, адказная за ахову гісторыка-культурнай спадчыны краю.

Здавалася б, сказана - зроблена... Але галоўная праблема ў тым, што прадаць сядзібу ў Падароску з захаваннем усіх юрыдычных фармальнасцей сёння немагчыма: няма належнай тэхнічнай дакументацыі. Такая сітуацыя - звыклая для "бросовых" аб'ектаў, і патлумачыць яе няцяжка. "Цана пытання" (г. зн., стварэння адпаведнага пакета дакументаў) - даволі высокая: дзесяткі мільёнаў рублёў.

Але гэтыя сродкі ў раённым бюджэце знайшліся. Знайшліся яны і на праект ахоўнай зоны помніка спадчыны, распрацоўку якога ультыматыўна (ды, на жаль, не заўсёды вынікова) патрабуе беларускае заканадаўства.

- Ужо ў верасні гэты праект, які каштуе каля 20 мільёнаў рублёў, будзе гатовы, - кажа начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Іван Маржала. - Тады адразу звернемся ў Міністэрства культуры краіны для правядзення ацэнкі маёнтка.

І толькі тады забяспечаная поўным пакетам дакументаў сядзіба пойдзе "з малатка". Патэнцыйныя ўласнікі прыглядаюцца да былога маёнтка Бохвіцаў ужо сёння. Ды, тым не менш, адносна поспеху першай спробы яго прадаць спецыялісты аддзела культуры маюць пэўныя сумневы. Яны абгрунтаваны хаця б нядаўняй эпапеяй з продажам знакамітага маёнтка ў Красках. Але Ларыса Ружанская запэўніла, што гэтая спроба ні ў якім выпадку не будзе апошняй:

- Паставіўшы мэту знайсці гаспадара для гэтага помніка спадчыны, мы не адступімся ні перад якімі цяжкасцямі,- кажа яна. - Нават новыя фінансавыя выдаткі нас не спалохаюць.

Прыклад таго, што гэтая мэтанакіраванасць - зусім не галаслоўная, знаходзіцца зусім непадалёк ад Падароска.

Калі зноў расцвітуць Краскі?

Да сядзібы, чыя назва сёння не сыходзіць са старонак газ/i/content/pi/cult/284/4554/pic_22.jpgет, ад палаца Бохвіцаў усяго чатыры кіламетры. Паабапал дарогі - папраўдзе "альпійскія" краявіды. Але замест іх сузірання мы думалі зусім пра іншае: як нас прымуць у Красках?

Са снежня мінулага года маёнткам валодае расійскі бізнесмен. Па чутках, якія цыркулююць увесь гэты час, пранікаючы нават у СМІ, ён адгарадзіў сваю ўласнасць высокім парканам, і "простыя смяротныя" не могуць нават наблізіцца да шыкоўнага палаца.

Зрэшты, перасцярогі аказаліся марнымі. Як выявілася, злыя ахоўнікі з сабакамі існуюць хіба ў свядомасці некаторых заўсёднікаў інтэрнет-форумаў. Нам сустрэўся толькі мужчына сярэдніх гадоў ("Гаспадар ад'ехаў, дык папрасіў папільнаваць"), чыя рэакцыя на наша з'яўленне была ветлай і, папраўдзе, даволі абыякавай: глядзіце, фатаграфуйце...

Сядзіба ў Красках - адзін з аб'ектаў паказу турмаршруту, які актыўна рэкламуе мінскі аператар. Экскурсіі завітваюць туды рэгулярна.

- Ніякіх праблем з тым, каб правесці групу турыстаў на тэрыторыю сядзібы, мы пакуль што не мелі, - кажа дырэктар турфірмы Аляксандр Варыкіш. - Аднойчы нават натрапілі на самога гаспадара, і той ахвотна пагутарыў з экскурсантамі. А вось беспадстаўныя закіды журналістаў яму і праўда ўжо надакучылі...

Як адзначыла Ларыса Ружанская, уласнік прынцыпова "за" тое, каб набытую ім сядзібу наведвалі турысты.

- Натуральна, мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з пакупніком і высветлілі яго пазіцыю, - кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры. - Трэба проста загадзя паведаміць, што турысты жадаюць яе наведаць, - і дазвол абавязкова будзе атрыманы.

Да 2005 года ў былой сядзібе Сегеняў месціўся дзіцячы санаторый. Стаўшы яе ўладальнікам, аддзел культуры планаваў стварыць там этнаграфічна-турыстычны комплекс. Але гэтым планам не было наканавана ажыццявіцца. Час ішоў, парк зарастаў, палац пакрысе разбураўся... Таму і прынялі рашэнне прадаць яго ў прыватныя рукі.

Гэтая ініцыятыва раённых улад выклікала гарачыя дыспуты ўжо на самым пачатку - тым болей, прэцэдэнтаў у яе не было. Выклікае яна іх і цяпер, хаця пытанне ўжо вырашана.

Грамадскасць хвалююць пераважна два пытанні: ці не стане гэты помнік спадчыны закрытым для шараговых грамадзянаў, і ці не будзе яго аблічча скажонае пад час рэстаўрацыйных работ? Як вядома, адказы на абодва пытанні ёсць у беларускім заканадаўстве. Таму застаецца толькі задаць трэцяе: ці ажыццяўляецца належны кантроль за яго выкананнем?

Ларыса Ружанская дастае з шуфляды рабочага стала папку, дзе складзены ўсе матэрыялы, датычныя сядзібы ў Красках, у тым ліку і ахоўныя абавязальніцтвы, што ўласнік падпісаў без усялякай прынукі... Засталіся і вольныя файлы: туды будуць змешчаны копіі дакументаў, якія адлюстроўваюць ход рэстаўрацыі сядзібы. Пакуль што яна яшчэ не пачалася: ідзе назапашванне матэрыялаў і стварэнне праектнай дакументацыі.

- Гаспадар выказаў жаданне правесці гэтыя работы на высокім навуковым узроўні, з улікам усіх магчымых архіўных звестак, і таму ён не спяшаецца, - кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры. - Спадар Вадзім Селіхаў (а менавіта так завуць уласніка Красак) знаёмы з беларускім заканадаўствам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і выяўляе намер строга яго прытрымлівацца.

Сядзіба на балансе аддзела культуры больш не лічыцца, але яго супрацоўнікі, якім нададзена функцыя кантролю за аховай помнікаў спадчыны ў раёне, завітваюць туды рэгулярна. Адпаведна, для іх эпапея з пераўвасабленнем палаца ў Красках яшчэ не скончана: продаж не азначае пазбаўленне ад адказнасці.

А шлях гэты быў пакручасты... Першы аўкцыён, на які была выстаўлена сядзіба, меў адбыцца напрыканцы 2008 года. Але не адбыўся. Ангажыраваныя спецыялісты ацанілі гэты помнік спадчыны ў паўтара мільярда рублёў. Такі кошт ніякага імпэту ў патэнцыйных інвестараў не выклікаў. Тым часам мінуў тэрмін дзеяння ацэнкі, і яе давялося праводзіць наноў - вядома ж, не за бясплатна... Мясцовыя ўлады цярпліва трывалі ўсе гэтыя часавыя і фінансавыя выдаткі...

Другая спроба прадаць сядзібу за стартавую цану таксама аказазалася няўдалай. І тады пачатковая лічба была зніжана адразу на 80% працэнтаў. Тут і аб'явіўся адзіны ахвотнік стаць гаспадаром маёнтка. Адпаведна, напружаных таргоў не было...

Айчынная практыка сведчыць, што стартавая цана выстаўленых на аўкцыён помнікаў спадчыны не адпавядае рынкавай: першая вызначаецца згодна з пэўным алгарытмам, а другая кіруецца выключна камерцыйным попытам, які на такія аб'екты пакуль зусім не ажыятажны. Зрэшты, перавага аўкцыёну менавіта ў тым, што ён урэшце дапамагае вызначыць рэальную рынкавую цану, якая можа быць не толькі большай, але і значна меншай за стартавую.

Рынак ёсць рынак. А здзіўляцца таму, што шыкоўны сядзібны комплекс каштаваў меней за кватэру ў мінскай дзевяціпавярхоўцы, таксама не выпадае. Каб прывесці Краскі да ладу, спатрэбяцца шматкроць большыя сродкі.

Тут неабходна зрабіць адну важную рэмарку. Тыя чатыры гады, цягам якіх вырашаўся лёс сядзібы, яна не заставалася без нагляду: аддзел культуры знайшоў магчымасць увесці вакансіі вартаўнікоў для палацава-паркавага комплексу. Калі б на такія крокі (мусіць, не надта затратныя) пайшлі і, скажам, уласнікі сядзібы ў Жамыслаўлі, шыкоўная кафляная печ у яе палацы, мабыць, ацалела б. ...

Пагутарыўшы з Ларысай Ружанскай, можна было прыйсці да высновы, што сфера яе кампетэнцыі - гэта выключна помнікі спадчыны. Ды, як выявілася, галоўны спецыяліст аддзела культуры адказвае за ўсе шматлікія сферы культурнага жыцця раёна.

- Хацелася б мець болей часу для наведвання аб'ектаў спадчыны, працы з уласнікамі, - кажа яна. - Але яго бракуе, бо ёсць жа яшчэ і народныя калектывы, і школы мастацтваў...

Варта нагадаць, што Міністэрства культуры краіны паслядоўна адстойвае пазіцыю, паводле якой справай аховы спадчыны ў раёне павінен займацца асобны спецыяліст, не перагружаны ніякімі іншымі абавязкамі. Тым болей, калі гутарка - пра Ваўкавыскі край, дзе ахоўваць папраўдзе ёсць што: у Дзяржаўны спіс уключана болей за сорак аб'ектаў рэгіёна.

Дзякаваць богу, Багудзенкі ацалелі...

/i/content/pi/cult/284/4554/pic_20.jpgДарога ад Красак да Поразава таксама вартая згадкі. Роўны асфальт змяніла разбітая гравійка, тая, у сваю чаргу, плаўна перацякла ў старую брукаванку, потым - ізноў асфальт... Прычым гэты музей дарогабудаўніцтва доўжыцца ўсяго якіх 15 кіламетраў.

Цяперашні аграгарадок Свіслацкага раёна Поразава і сёння нагадвае тыповае заходнебеларускае мястэчка са сваім асаблівым каларытам. На шчасце, піруэты гісторыі не парушылі яго рытм жыцця і архітэктоніку. Касцёл, царква, сінагога з бутавага каменю - зрэшты, сёння закінутая... Няма гаспадара пакуль і ў іншай старасвецкай камяніцы- плябаніі.

Каб знайсці самы адметны архітэктурны помнік Поразава - сядзібу "Багудзенкі", утоеную на самым ускрайку мястэчка, мусілі, у каторы ўжо раз за гэтую вандроўку, пытаць шлях у мясцовых жыхароў: турыстычныя ўказальнікі ў нашых краях - пакуль з'ява рэдкая. Зрэшты, ёсць тут і свая карысць: можна даведацца пра нешта цікавае...

Паказаўшы шлях і распавёўшы адну з версій узнікнення гэтага сакавітага тапоніма (назва сядзібы гучыць літаральна як "Дзякаваць богу" па-польску), паважнага веку спадарыня дадала на чысцюткай беларускай мове:

- Некалі тут, у Поразаве, яўрэі жылі і палякі. Я вось таксама полькай лічылася, бо каталічка. А пана апошняга памятаю, як жа! Пра яго ніхто кепскага слова не скажа. Калі трэба, і грошай пазычаў, і дапамагаў...

Большасць шляхецкіх палацаў, збудаваных у ХІХ - ХХ стагоддзях, вельмі падобны паміж сабою. Тыпавое будаўніцтва існавала і ў той час, калі паўсюдна панаваў класіцызм. Але ўласнікі Багудзенак Бутаўт-Андрэйкавічы відавочна вылучаліся арыгінальнасцю. Так на свет паўстаў самабытны драўляны будынак са спічастымі вежамі, зігзагападобнай лініяй даху, ліштвамі, балясінамі і мноствам іншай аздобы. Нічога падобнага на Беларусі бачыць нам не даводзілася.

Раней у гэтым зацішным кутку месцілася Поразаўская бальніца. Але ў 2002-м яна была зачынена, і цэлых восем гадоў дом прастаяў без гаспадара. Аднак захаваўся ён досыць прыстойна: ацалеў не толькі дах, але нават шыбы ў вокнах, а дробныя злодзеі, на шчасце, абышлі гэтае месца бокам.

Начальнік аддзела культуры Свіслацкага райвыканкама Браніслаў Кісялеўскі з радасцю паведаміў: сёлета ў сакавіку сядзіба знайшла свайго гаспадара. Праўда, пакуль - толькі часовага.

- Цяпер сядзіба здадзена ў арэнду на пяць гадоў мясцовай фермерскай гаспадарцы, якая плануе размясціць там аб'ект аграэкатурызму, - распавяла нам дырэктар Свіслацкага гісторыкакраязнаўчага музея Наталля Марцінчык, якая адказвае за справу аховы спадчыны ў раёне. - З цягам часу ў будынку мае быць зроблены невялікі рамонт...

І сапраўды, нават няўзброненым вокам відаць, што рамонт тут патрэбны. Акенца над фасадам - зусім перакошанае...

- Мы ўжо пачалі работы па правядзенні электрычнасці ў сядзібе, - кажа яе арандатарка Яніна Казюк, - а вось за рамонт пакуль не бяромся: чакаем дазволу з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Калі яго атрымаем, заменім вокны, дзверы, падлогу...

 Як адзначыў Браніслаў Кісялеўскі, "несанкцыянаваныя" работы, якія могуць сказіць унікальнае аблічча поразаўскага палаца, катэгарычна выключаны: аб'ект знаходзіцца пад пастаянным кантролем аддзела культуры. У сядзібе плануецца ладзіць тэатралізацыі на гістарычныя тэмы - у якасці турыстычнай прынады.

І сапраўды, аднавіць тут дух шляхецкага маёнтка можна вельмі лёгка.

Здаецца, яшчэ больш паважныя праекты магчыма ладзіць там з удзелам аддзела культуры. Яго начальнік пакуль пра гэта не думаў: сваю пасаду ён займае меней за месяц, ды і іншых праблем у раёне назапасілася нямала. Браніслаў Браніслававіч запрасіў праз некаторы час журналістаў "К" наведаць Свіслацкі край для правядзення нашай традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучкі", дзе, у тым ліку, абавязкова будзе гучаць і пытанне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. ...

Па тое, што тураб'ект у Багудзенках мае добрую перспектыву, можна меркаваць па яго суседу - аграсядзібе ў "нацыянальным стылі", паўз якую мы праязджалі, кіруючыся на Ваўкавыск: кажуць, у выхадныя туды - не прабіцца.

У гасцях у Баграціёна

У гісторыі Ваўкавыска ёсць адзін, здавалася б, /i/content/pi/cult/284/4554/pic_18.jpgдробны, але адметны эпізод. У 1517 годзе там заначаваў аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Гіберштэйн. Падарожнік, які прамінуў добрую палову Еўропы, адзначыў у сваіх нататках: менавіта ў гэтым горадзе быў самы лепшы гатэль, які трапіўся яму праз увесь шлях!

Сёння Ваўкавыск трымае марку. Мясцовы гатэль задаволіць любога і камфортам, і цаной. Толькі вось шыльдачка "Месцаў няма" ў рэцэпцыі з'яўляецца рэгулярна... Гэта тычыцца і гарадскіх кавярняў.

Утульны, чысты, дагледжаны горад, па якім мы з задавальненнем шпацыравалі ўвечары, цалкам можа быць цікавым для турыстаў, асабліва- замежных. Праўда, ён "распавядае" не столькі пра беларускую даўніну, колькі менавіта пра сучаснасць. І робіць гэта вельмі пераканаўча - значна лепей за любыя словы.

 У самім райцэнтры не маглі не завітаць у яшчэ адну сядзібу - 1805 года пабудовы, у якой цяпер размешчаны Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна. З 2003 па 2005 год гэты будынак знаходзіўся на рэстаўрацыі, таму сёння ўстанова культуры выглядае вельмі прывабна.

Як распавяла дырэктар музея Ала Суета, багатыя фонды дазваляюць штомесяц ладзіць новую выстаўку. Але музейшчыкі не абмяжоўваюцца сваімі фондамі, а ўзаемадзейнічаюць таксама і з іншымі музеямі Беларусі, Расіі, Латвіі.

Усё гэта дазваляе ўстанове няблага зарабляць. Лічыце самі: калі за ўвесь мінулы год музейшчыкі зарабілі прыкладна 9 мільёнаў рублёў, дык толькі за восем месяцаў бягучага - ужо 8 мільёнаў. Перавыкананню плана, на думку дырэктара, паспрыяла шырока наладжаная рэклама як на мясцовым, абласным, так і на рэспубліканскім тэлебачанні.

Не можам не згадаць і пра яшчэ адну крэатыўную і досыць паспяховую ў фінансавым плане "фішку" ўстановы. Пачынаючы з 2006-га, кожны год на Купалле музейшчыкі працуюць да 3-4 гадзін ночы, і дзверы ўстановы адкрыты для кожнага. Наведваюць яе з 6 на 7 ліпеня даволі шмат ахвотных, тым больш - у гэты дзень у музеі абавязкова ладзіцца новая цікавая выстаўка. Зразумела, уваход у музей у гэты дзень не бясплатны...

"Фасадны" рамонт

Здалёк палац у вёсцы Гнезна выглядае бадай ідэальна. /i/content/pi/cult/284/4554/pic_17.jpgСветлая тынкоўка на класіцыстычным порціку цешыць вока. Ды і яго "партэр" дагледжаны страраннямі мясцовых жыхароў: трава пакошана, паўсюль - клумбачкі...

Каля палаца засталіся і іншыя сядзібныя пабудовы: стайня, лядоўня, флігелі... Сёння ніводная з іх не пустуе. Ды і ўвогуле - сядзіба здавён з'яўляецца цэнтрам вясковага жыцця. У гэтым антуражы, на вольным паветры, ладзяцца ўсе ўрачыстасці і важныя падзеі.

Здавалася б, за лёс сядзібы Тарасовічаў, якая ўжо шмат гадоў таму стала тутэйшым агменем культуры, застаецца хіба парадавацца. Але па меры набліжэння пачынаеш разумець, што радасць гэтая - пакуль заўчасная. Вось і на тым самым порціку праглядаецца шчэрбіна, адкуль тырчаць дошкі... Потым заўважаеш, што месцамі тынкоўка ўжо абвальваецца, хай яна і адносна нядаўняя... А зайшоўшы ўнутр, разумееш, што ў Гнезне імпрэзы на "вольным паветры" - гэта фармат вымушаны.

Актавую залу можна дыпламатычна назваць камернай: туды змяшчаецца ад сілы 120 чалавек - седзячы на старых драўляных крэслах. Па выхадных, калі крэслы прыбіраюцца, каб саступіць прастору для танцаў, людзей змяшчаецца яшчэ меней. І таму мясцовая моладзь абірае іншыя дыскатэкі.

А іншых памяшканняў, апрача гэтай залы, у Цэнтры культуры і адпачынку няма. Палац толькі на паверку выглядае вялізным. Насамрэч, другі яго паверх сёння ўвогуле не выкарыстоўваецца. Таму наведвальнікам дзесяці аматарскіх аб'яднанняў, створаных пры ўстанове, даводзіцца або дзяліць паміж сабою тую ж глядзельную залу, або карыстацца гасціннасцю мясцовай музычнай школы.

Побач з актавай залай, у невялічкім пакойчыку туліцца і сельская бібліятэка. Відавочна, што ў гэтых памяшканнях таксама патрэбны рамонт: у некаторых месцах працякае дах, ды і зімой бывае халодна.

/i/content/pi/cult/284/4554/pic_21.jpgСпыталі дырэктара ўстановы Людмілу Ігнаценка, калі апошнім часам унутры будынка рабіўся рамонт. Яна нічога падобнага не прыгадала, хаця працуе тут ужо 23 гады.

А нагода ж - была... Гнезна - адзін з першых у раёне аграгарадкоў. Дзякуючы новаму статусу, старажытная вёска сапраўды змянілася. Але ў выпадку з агменем культуры сродкаў хапіла хіба на "фасадны" рамонт. Ды яшчэ і на новую шыльду: "Сельскі цэнтр культуры і адпачынку".

- Тады нам вельмі не пашчасціла, - кажа Ларыса Ружанская. - Акурат на ўстанове культуры скончыліся грошы. Але мясцовыя ўлады маюць цвёрды намер вярнуцца да гэтага аб'екта, і тады ўжо давесці яго да ладу.

Яшчэ пяць гадоў таму быў распрацаваны праект пераўтварэння гэтай установы ў "цацачку". Пасля перапланіроўкі будынка глядзельная зала мае павялічыцца прыблізна ўдвая, а на другім паверсе знайшлося б месца і памяшканням для гуртковай работы, і бібліятэцы, і музейнаму пакою, прысвечанаму гісторыі сядзібы... Прадугледжана нават стварэнне невялічкага бара. Адным словам - паўнавартасны Цэнтр культуры і адпачынку...

- Вырашэнне пытання каштуе 3 мільярды рублёў, - кажа Іван Маржала. - Баюся, у наступным годзе знайсці такія грошы будзе нерэальна. Але я ўжо абмяркоўваў гэтую праблему са старшынёй райвыканкама, і ўпэўнены, што яна паспяхова вырашыцца ў 2012-м...

Рамонт палаца патрэбны не толькі мясцовым жыхарам. Калі задуманае ўрэчаісніцца, турыстам будзе куды завітаць, балазе іх у вёску прыязджае нямала. Галоўны аб'ект паказу - невялікі, але велічны гатычны касцёл, збудаваны яшчэ на пачатку XVI стагоддзя. Гэта самы каштоўны камень у цэлым суквецці каталіцкага дойлідства розных часоў і стыляў, якое прываблівае ў раён турыстаў.

Стараннямі мясцовай грамады вернікаў, сёння унікальны помнік спадчыны радуе сваёй дагледжанасцю. Але гадоў дваццаць таму ён мала чым адрозніваўся ад убачанага намі ў Лыскаве закінутага храма місіянераў.

Едучы да старадаўняга касцёла, турыст міжволі знаёміцца з жыццём сучаснай беларускай вёскі: з яе зграбнымі дамкамі, атынкаванымі парканамі, кветкамі на падворку... Аграгадок "Гнезна" з гісторыяй у палову тысячагоддзя - акурат тое месца, дзе мінуўшчына шчыльна знітавана з сучаснасцю. І абодва бакі медаля могуць выглядаць вельмі прывабна - не толькі з боку фасада.

Замест пасляслоўя...

Тое, што поспех любой ініцыятывы наўпрост залежыць ад яе інфармацыйнага забеспячэння (у тым ліку і піару), у наш век зразумела кожнаму. Перад выпраўленнем у вандроўку вырашылі пацікавіцца адлюстраваннем кампаніі па пошуку гаспадароў для закінутых сядзіб у айчыннай медыяпрасторы. Балазе гэта можна лёгка зрабіць з дапамогай Інтэрнета. Поўны пералік "сядзіб на продаж" можна знайсці толькі на сайце Міністэрства культуры краіны. Спіс утрымлівае назвы населеных пунктаў і ўласнікаў аб'ектаў. Як слушна адзначыў міністр спорту і турызму Алег Качан пад час чэрвеньскага выязнога пасяджэння калегіі міністэрства ў Брэсцкай вобласці, больш падрабязная інфармацыя пра маёнткі павінна была з'явіцца на інтэрнет-рэсурсах муніцыпальных органаў улады.

Безэмацыйны пошукавік распавёў нам, што гэтае даручэнне было выканана толькі двума абласнымі турыстычнымі парталамі - Віцебскім і Гомельскім, а таксама некалькімі сайтамі райвыканкамаў. Аб правядзенні на мясцовым узроўні піар-кампаніі, пакліканай не толькі праінфармаваць, але і зацікавіць, нават гутаркі няма. Адпаведна, не выпадала здзіўляцца таму, што амаль ніхто з людзей, сустрэтых намі на маршруце, нават не ведаў пра маштабную ініцыятыву, распачатую на ўзроўні Урада. У іх ліку, між іншым, былі нават некаторыя ўласнікі сядзіб, уключаных у падрыхтаваны Міністэрствам культуры пералік.

Ці ведаюць пра тую ініцыятыву ўсе патэнцыйныя інвестары?..

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Ілля СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Камянецкі раён - Пружанскі раён - Ваўкавыскі раён - Свіслацкі раён -Мінск

Фота аўтараў