Турнір і “фаер”

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Колькі гасцей у Соф’і Гальшанскай?

/i/content/pi/cult/284/4551/pic_10.jpg21 жніўня аграгарадок "Гальшаны" Ашмянскага раёна было не пазнаць. Сотні гледачоў назіралі за выдатна зробленай тэатралізацыяй на сцэне: прыездам у госці да Соф'і Гальшанскай уладальнікаў Мірскага, Навагрудскага, Любчанскага ды іншых замкаў... І гэта быў толькі пачатак другога па ліку фестывалю "Гальшанскі замак".

Як ужо пісала "К", сёлетняе мерапрыемства прысвяцілі 400-годдзю Гальшанскага замка, 730-годдзю з дня заснавання мястэчка, 605-годдзю Соф'і Гальшанскай і 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. І, на думку як гасцей фестывалю, з якімі ўдалося пагутарыць карэспандэнту "К", так і саміх арганізатараў форуму, мерапрыемства праходзіла на значна вышэйшым узроўні, чым летась.

- Я быў у Гальшанах мінулай восенню на першым фестывалі, - кажа мінчанін Сяргей, - і магу з упэўненасцю сказаць: сёлетні форум нашмат лепшы. Гэта тычыцца і арганізацыі, і таго, што запрошаны вядомыя гурты, і галоўнай "фішкі" фестывалю: вечаровага фаер-шоу.

- Пачалі рыхтавацца да "Гальшанскага замка" яшчэ з мінулай восені, - распавяла аб працы над мерапрыемствам начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская. - Напрыклад, сёлета вырашылі адмовіцца ад выступлення нашых творчых калектываў і сканцэнтраваліся на паказе тэатралізаванага прадстаўлення, што, лічу, надало фестывалю патрэбны сярэднявечны антураж, якога не ставала летась. Таксама запрасілі народных майстроў з усёй Беларусі, прычым - абсалютна бясплатна: маўляў, прыязджай і гандлюй. Дамовіліся як з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, так і з прыватнікамі, каб яны размясцілі тут свае гандлёвыя кропкі, - і таксама не бралі з іх грошай. Таму, як мне падаецца, сёлетні форум - чарговы крок на шляху да ўдасканалення нашай працы.

І захады як аддзела культуры, так/i/content/pi/cult/284/4551/pic_11.jpg і іншых арганізатараў "Гальшанскага замка" паўплывалі на колькасць гасцей мерапрыемства - іх сёлета аказалася прыкладна ў два разы болей, чым летась: звыш трох тысяч чалавек. І гэта нягледзячы на тое, што кошт білета быў не надта танны: 25 тысяч рублёў. Дарэчы, для ўраджэнцаў Ашмяншчыны ён быў роўны пяці тысячам, а жыхары Гальшанаў атрымалі 500 бясплатных запрашальнікаў на мерапрыемства. Такім чынам, арганізатары нікога не пакрыўдзілі.

- З кошту білета мы як адны з арганізатараў атрымаем прыкладна сем працэнтаў,- кажа Галіна Балінская, - і гэта, лічу, неблагая сума. Плюс мы самастойна зрабілі праграмкі фэсту - па пяцьсот рублёў за асобнік. Усе іх ужо разабралі, а гэта 600 экземпляраў! Такім чынам, зрабілі яшчэ адзін унёсак у выкананне плана платных паслуг аддзела культуры. Будзем працаваць падобным чынам і на наступных фестывалях.

Як зазначыў на прэс-канферэнцыі, зладжанай у Доме культуры аграгарадка, старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык, задача зарабіць на фестывалі перад арганізатарамі "Гальшанскага замка" пакуль не стаяла.

- Галоўнае - гэта правесці на належным узроўні свята.

З цягам часу, пасля "раскруткі" фестывалю на больш шырокім узроўні, магчыма, мы будзем і зарабляць на гэтым іміджавым мерапрыемстве.

Трэба адзначыць, што прапановай ашмянскіх улад прыехаць са сваёй прадукцыяй актыўна скарысталіся і дзяржаўныя прадпрыемствы, і прыватныя. А, да прыкладу, вырабы народных рамёстваў прадавалі гасцям амаль 60 майстроў з усёй Беларусі.

Цягам дня ахвотныя маглі ўбачыць турнір лучнікаў, конны турнір, сфатаграфавацца побач з сапраўднымі рыцарамі... Але асноўнае мерапрыемства, якое чакалі шматлікія госці свята, пачалося пад вечар, а 6-й гадзіне: на сцэне каля Гальшанскага замка выступалі беларускія гурты, што граюць старадаўнюю музыку. Ды так, што ногі самі прасіліся ў скокі!

Танцы ля сцэны з артыстамі ў старадаўніх строях, сярод якіх былі і госці свята, доўжыліся прыкладна да 9-й гадзіны вечара. А пасля ўсіх чакала незвычайнае па сваёй прыгажосці фаер-шоу, зладжанае тэатрамі "Гістарыён" і "Дэ-Грыза"...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"