“Я за тое, каб опера “ішла ў народ”

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Няхай даруе мне шаноўны чытач трывіяльнае параўнанне, але салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Аксана ВОЛКАВА — падалася мне пры сустрэчы сапраўднай Кармэн “во плоти”. Яркая брунетка, чарнавокая, статная, Аксана падаецца ўладальніцай асаблівай харызмы, якая “ўздзейнічае” на цябе, нібы святло месяца. А што да якасцей характару, дык тут наша вядомая мецца-сапрана намнога апярэдзіла ракавую прыгажуню Праспера Мэрыме: сярод яе душэўных здабыткаў ёсць і дабрыня, і весялосць, і лёгкасць нораву, і мэтанакіраванасць, і разумнае стаўленне да жыцця… Да прыкладу, толькі на мінулым тыдні беларуская вакалістка вярнулася з V Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў, што ладзіўся ў Эстоніі. Аксана прывезла адтуль не толькі прыемныя эмоцыі, заманлівыя прапановы, але і пэўныя высновы — чаго не стае беларускім выканаўцам для таго, каб скараць такі вядомы, але надзвычай своеасаблівы еўрапейскі свет оперы.

Конкурс пад апекай “Аве Марыі”

— Па-першае, адразу хачу адзначыць, — пачынае размову Аксана, — што Беларусь на конкурсе я прадстаўляла не адна. Разам са мной быў Ілля Сільчукоў, мой калега, які атрымаў на форуме трэцюю прэмію і яшчэ вельмі прэстыжную спецыяльную ўзнагароду “Аве Марыя” за выкананне гэтага вельмі няпростага твора Шуберта…
— На жаль, павіншаваць яго мы можам толькі праз газету, бо зараз ён знаходзіцца ў Маскве…
— Так, Ілля зноў паехаў на конкурс, гэтым разам — імя Чайкоўскага.
— Пачакаем вынікаў. А пакуль, Аксана, распавядзіце, калі ласка, пра асаблівасці вакальнага спаборніцтва ў Пярну…
— З ахвотаю. Гэты конкурс адносна малады, яму ўсяго пяць гадоў, і першапачаткова, мяркую, ён ладзіўся як конкурс менавіта камернага кшталту. Звычайна жанчын і мужчын разам не ацэньваюць, гэта дзве розныя катэгорыі, таму я раблю такую выснову. Але з цягам часу форум вырас да міжнароднага, і, да прыкладу, сёлета ў склад яго журы ўваходзілі ўжо такія важкія фігуры музычнай сцэны, як арт-дырэктар опернага тэатра ў Манрэалі Алайн Нонат, генеральны дырэктар Эстонскай оперы Пол Хіма, выканаўцы Уладзімір Пруднікаў, Джэні Анвільд, Інгрыд Крэмлін, баюся каго-небудзь прапусціць… Узначальвала журы сусветна вядомая спявачка Барбара Хендрыкс. Што і казаць, трапіць “на суд” такіх людзей — вельмі пачэсна і прыемна, хоць і, безумоўна, адказна.
— На што асабіста звярталі ўвагу карыфеі?
— Праграма пярнскага конкурсу, скажам так, мела адну асаблівасць. Усе яго ўдзельнікі без выключэння ў другім туры мусілі выканаць вядомы твор Шуберта “Аве Марыя”. Для опернага конкурсу падобная ўмова — дзіва, але ў выніку іспыт даў свой плён: “Аве Марыя” акурат і стала тым “цвёрдым арэшкам”, які не ўсім выканаўцам прыйшоўся “па зубах”. Твор, падаецца, ва ўсіх на слыху, але мае многа тонкасцей, якія не ўсім удавалася адчуць і, галоўнае, — выканаць. І я вельмі ганаруся тым, што наш Ілля Сільчукоў не проста добра выканаў твор, а атрымаў за сваё выкананне “Аве Марыі” спецыяльную ўзнагароду. Можаце ўявіць, як ён спяваў!
— А як вам удалося вытрымаць гэты іспыт?
— Прызнаюся, было не вельмі лёгка. “Аве Марыя” мне пакуль “не адкрылася”. Усё ж такі спевы на нямецкай мове — гэта цэлая прафесія, і ёю трэба займацца. Тут гук не цягнецца, і трэба асаблівым чынам замыкаць словы. Мне стала зразумела падчас конкурсу, што пытанне з фанетыкай тэрмінова патрабуе вырашэння. Сёння я спадзяюся шчыльна заняцца мовамі, бо без стылістыкі спеваў еўрапейскія конкурсы, як, дарэчы, і публіку, не скарыць.

У кожнай музыкі — свая стылістыка

— Аксана, ці выявіў конкурс у Эстоніі здабыткі і хібы нашай вакальнай школы?
— Увогуле, гэты конкурс і шматлікія іншыя паказваюць, што руская, беларуская, украінская вакальныя школы вылучаюцца незвычайнай прыгажосцю галасоў. Пра гэта можна пачуць, як кажуць, у розных краінах. Але чаго не стае нашым выканаўцам, дык гэта менавіта майстэрства выканання. Руская, французская, нямецкая музыка — кожная выконваецца па-рознаму і ў кожнай — свая стылістыка. А калі спяваць, да прыкладу, нямецкіх кампазітараў па-славянску, як гэта робім мы, — эмацыянальна, як кажуць, выварочваючы душу, гэта для заходняй публікі выглядае, прынамсі, дзіўна. А адсюль жа “растуць” і разуменне, і поспех. Таму многія нашы вакалісты і застаюцца ў цені. Я, напрыклад, вельмі люблю рускую музыку: Чайкоўскага, Рахманінава, Рымскага-Корсакава… Выконваючы іх творы падчас конкурсу, я прытрымлівалася менавіта акадэмічнай манеры выканання — больш еўрапейскай — і ў выніку толькі выйграла — выйшла ў фінал. А многія вельмі добрыя вакалісты з Расіі засталіся ззаду. Такім чынам, магу адзначыць, што поспех у Еўропе вызначае не толькі голас, а і тое, як ты ім валодаеш. 

Вакалісты выступалі лежма

— Калі прадоўжыць тэму параўнанняў, дык еўрапейская публіка з увагай ставіцца не толькі да майстэрскага вакальнага выканання, але і да эксперыментаў у оперы…
— Беларуская публіка, мне падаецца, таксама гэтым “грэшыць”. Толькі сёлета ў нас былі дзве сучасныя пастаноўкі, якія, мне падаецца, трошкі адышлі ад азначэння “класічны оперны спектакль”, — “Сіняя Барада і яго жонкі” Віктара Капыцько і “Запіскі звар’яцелага” Вячаслава Кузняцова. І хоць, як выканаўцы ролі Трэцяй жонкі-абжоры Сіняй Барады, мне было вельмі нялёгка, усё ж мне падабаецца гэтая спроба рэжысёраў паглядзець на оперу па-новаму. І намаганні тэатра, бадай, не былі марныя: публіка ацаніла спектакль.
— Такім чынам, можна чакаць ад беларускай оперы эксперыментаў і далей?
— Я зацікаўлена ў новых смелых пастаноўках і як глядач, і як вакалістка. Мне ўвогуле падабаецца ўсё новае, калі гэта не пераходзіць пэўных межаў як у маралі, так і ў музыцы. Эксперымент, пагадзіцеся, таксама мусіць быць стыльным, густоўным і пакідаць музыку... музыцы. У Пярну я бачыла пастаноўку “Кармэн” з удзелам пераможцаў і дыпламантаў мінулых конкурсаў. Гэта быў вельмі мадэрновы спектакль: вакалісты там спявалі лежма, апускалі галаву ў аркестравую яму, куляліся, чаго толькі ні рабілі... Але ўсё, як ні дзіўна, выглядала вельмі арганічна і пераканаўча, бо музыка і выкананне заставаліся музыкай і выкананнем. І мне вельмі хочацца, кааб падобнае было і ў нас, але каб опера ў той жа час заставалася высокім мастацтвам. 

Дзеля чаго мае перасцярогі?

Проста, я бачу столькі прыкладаў, калі эстраду прадстаўляюць людзі, якія не маюць да яе аніякага дачынення. Чамусьці ў прадзюсераў прынята сёння гаварыць пра тое, што спявак мусіць мець знешнія даныя, што ён, да прыкладу, павінен арганічна выглядаць на сцэне і г. д., і да т. п., а тое, што ён абавязаны ўмець спяваць, — пра гэта сёння ўжо ніхто не кажа. У выніку мы чуем паўсюль музыку нізкай якасці і ў выкананні спевакоў, якія не маюць не тое што школы, а нават і харызмы. Такім чынам, я — цалкам за эксперыменты, але каб яны засноўваліся ў першую чаргу на галоўным — музыцы і высокім выканальніцкім майстэрстве.
— Вам, дарэчы, прыйшоўся даспадобы праект АНТ “Дзве зоркі”, пераможцам якога стаў Уладзімір Громаў?
— Для ўсіх нас яго перамога сталася сапраўдным святам. Мы ўсе вельмі за яго “хварэлі”, хваляваліся, і, канешне, было вельмі прыемна, што нашы сімпатыі ў выніку падзялілі і гледачы. Гэта значыць, што людзі ўсё ж на баку прафесіяналізму.
Ведаеце, я ўвогуле за тое, каб опера “ішла ў народ”, каб было паболей такіх праектаў, як “Ноч оперы ў Мірскім замку”, каб новыя і смелыя пастаноўкі прыцягвалі людзей у Оперны тэатр. Але, у той жа час, я — і за тое, каб узровень нашага вакальнага майстэрства павышаўся, каб больш было перамог у беларускіх маладых выканаўцаў. А гэта немагчыма без пераемнасці пакаленняў, без разумення ўласных мэт і жаданняў ды проста — без працы. Таму я ў першую чаргу за тое, каб — працаваць.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Дзмітрыя АЗОНЧЫКА 

Даведка
Аксана ВОЛКАВА нарадзілася ў 1980 годзе ў Мінску. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, спецыяльнасць “вака-льнае майстэрства” (клас прафесара Лідзіі Галушкінай). Дыпламант і лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: Нацыянальна-га конкурсу маладых выканаўцаў “Убельская ластаўка”, Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладых вакалістаў імя С.Манюшкі, Міжнароднага конкурсу маладых вакалістаў імя А.Дворжака. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Выканаўцапартый Канчакоўны ў оперы “Князь Ігар” Барадзіна, Любашы — у“Царскай нявесце” Рымскага-Корсакава, Паліны — у “Пікавай даме” Чайкоўскага, Кармэн — у “Кармэн” Бізэ і інш.   

Анкета “К”
1.Колер, які натхняе.
Чорны.
2.У якую пару года падабаецца працаваць?
У любую.
3. Любімы мастак.
Марк Шагал.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Андрэй Міронаў, Наталля Гундарава, Іна Чурыкава.
5. Творы якіх пісьменнікаў перачытваеш?
“Спяваючыя ў цярноўніку” К.Макалоу.
6. Каго слУхаеш?
“ДДТ”, Жэрара Прэсгурвіка.
7. Радзіма — гэта што?
Беларусь.
8. ЛюбімАя кветка?
Бэз.