“…Кавапіцце” з Уленшпігелем

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

V.I.P.-госць Беларусі

/i/content/pi/cult/284/4546/pic_6.jpgТвар гэтага чалавека добра вядомы кожнаму кінагледачу, старэйшаму за трыццаць гадоў. Эстонскі акцёр Лембіт УЛЬФСАК стаў знакамітым пасля кінаэпапеі Аляксандра Алава і Уладзіміра Навумава "Ціль Уленшпігель", дзе ён сыграў легендарнага персанажа. Потым была роля ў тэлевізійным мюзікле Максіма Дунаеўскага "Мэры Попінс, да пабачэння!" рэжысёра Леаніда Квініхідзэ і знакаміты Паганель у семісерыйнай стужцы Станіслава Гаварухіна "Па слядах капітана Гранта". Пакінуў след народны артыст Эстоніі і ў скарбонцы "Беларусьфільма", сыграўшы ў адной з лепшых казак Леаніда Нячаева "Пітэр Пэн". У апошнія гады акцёр заняты збольшага ў тэатры, а ў кіно калі і з'яўляецца, дык, у асноўным, у невялікіх ролях у серыялах. Але нават некалькі хвілін прысутнасці Лембіта Ульфсака на экране становяцца для стужкі своеасаблівым "знакам якасці": ягоныя персанажы - заўсёды яркія і запамінальныя. Гэтым разам акцёр разам з сынам Юханам прыехаў на "Беларусьфільм" літаральна на адзін дзень: ёсць верагоднасць, што абодва Ульфсакі будуць іграць у запланаваным сумесным беларуска-эстонскім праекце. У перапынку паміж кінапробамі Лембіт Ульфсак адказаў на пытанні нашай газеты.

Галоўнае ў кіно - чалавек

- Спадар Ульфсак, вельмі рады бачыць Вас у беларускай сталіцы. Калі ж Вы апошнім разам былі ў Мінску? Якія ўражанні ад сучаснай Беларусі?

- Апошнім разам я быў тут больш за дваццаць гадоў таму, і цяпер прыемна ўражаны. Ваш горад не толькі вельмі чысты і прыгожы - яго класічнае аблічча не зведала істотных змен, якія выпалі іншым буйным гарадам былога СССР. У Мінску няма хмарачосаў, што псуюць агульны стыль горада, адбудаванага пасля вайны. І гэта вельмі добра, бо лічу беларускую сталіцу надта прывабнай і унікальнай у сваім родзе. Талін- таксама вельмі старажытны ды прыгожы, але, як і Масква, спазнаў плён камерцыйнай забудовы, што адбілася на ім не лепшым чынам.

 - Вашы самыя знакамітыя героі ў кіно, як правіла, - людзі рамантычнага складу. Між тым, сучасны кінагерой, у першую чаргу,- так званы "чалавек справы", рашучы, нават жорсткі. Як ставіцеся да такіх перамен?

- Адмоўна. Нават упэўнены, што калі пачынаў бы кар'еру сёння, то наогул ніякіх роляў не атрымліваў, бо па сваім складзе я зусім іншы чалавек. А напрыканцы семідзесятых - у васьмідзесятыя сітуацыя мне спрыяла, ды і знаходзіўся я тады менавіта ў "ідэальным узросце", каб сыграць Ціля Уленшпігеля і Паганеля.

- Якім Вы бачыце сучаснага кінагероя?

- У кожнай краіне здымаюць сваё кіно, і ў ім - свае героі. У Эстоніі цяпер ствараюць зусім не шмат стужак, а тыя, што робяцца, у асноўным - пра бандытаў, як, на жаль, і ў многіх краінах свету. Адным словам - камерцыя на экране! Што да еўрапейскіх некамерцыйных артстужак, то героі ў іх - нейкія незразумелыя, збольшага нецікавыя для мяне.

- Якім жа, на Вашу думку, павінен быць ідэальны герой?

- На жаль, акцёрская прафесія не дае магчымасці выбіраць ролі, адбываецца, хутчэй, наадварот. Абіраць іх сабе могуць, бадай, толькі галівудскія зоркі. Таму я даўно ўжо не мару пра тое, што мне сапраўды падабаецца. Да таго ж, сучаснае кіно - мастацтва для маладых: большасць работ разлічана на людзей таго ўзросту, з якога я даўно выйшаў. Тут- як у спорце, і я не імкнуся ў кіно, гэтак сама, як не прэтэндую на ўдзел, скажам, у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.

- Калі сёння пераглядваеце стужкі, дзе прымалі ўдзел, ці ўзнікае жаданне сыграць якуюсьці сваю колішнюю ролю па-іншаму?

- Ведаеце, акцёрская праца на здымках, усё ж такі, не сола, а- агульная работа, у якой галоўнымі з'яўляюцца рэжысёр і прадзюсер, таму малюнак акцёрскай ігры вырашаюць менавіта яны. Я ж заўсёды падпарадкоўваюся рэжысёрскай волі, таму нават цяпер не маю права вырашаць, ці можна нешта змяніць у маіх персанажах.

- У былыя часы рэжысёры з іншых рэспублік здымалі эстонскіх акцёраў, у тым ліку, каб надаць сваёй стужцы, так бы мовіць, адчуванне нейкага замежжа...

- Так, такая з'ява назіралася, але цяпер я пагаджаюся на ролі толькі ў тых расійскіх стужках, што здымаюцца непасрэдна ў Эстоніі. З апошніх удалых прыкладаў - роля ў серыяле "Ісаеў" рэжысёра Сяргея Урсуляка і ў стужцы Сяргея Мінаева "Далёка ад Сансет-бульвара". Абодва аўтары мне вельмі падабаюцца, бо нагадваюць рэжысёраў старой школы, якіх больш цікавіў чалавечы складнік працы.

Новае дыханне для тэатра

- Давайце пагутарым пра тэатр, якому Вы аддана служыце ўжо амаль сорак гадоў. Ці камфортна сёння выходзіць на сцэну?

 - Так, і мне, і майму сыну Юхану куды прасцей іграць у тэатры, дзе мы маем больш магчымасцей для самавыяўлення. Я працую ў Эстонскім тэатры драмы і выконваю, у асноўным, ролі ў класічных п'есах, да прыкладу, Фірса ў "Вішнёвым садзе", Вілі Ломана ў "Смерці коміваяжора" Артура Мілера. Гэтыя ролі я лічу сваімі любімымі. З класікай адчуваю сябе камфортна: мо таму, што з узростам сам станаўлюся кансерватарам. Юхан, наадварот, некалі з сябрамі стварыў тэатр, дзе асноўная ўвага аддаецца авангардным эксперыментам, і аб'ездзіў з ім ужо ці не ўвесь свет. У мінулым годзе моладзь з тэатра Юхана запрасіла мяне на сумесную пастаноўку "Чайкі", дзе Юхан увасабляў Трэплева, а я... Аркадзіну. Спектакль, лічу, удаўся, бо з ім мы ездзілі на гастролі, у тым ліку ў Маскву.

- Вы сказалі, што паступова становіцеся кансерватарам, але пагадзіліся іграць у авангардным прачытанні Чэхава - ды яшчэ галоўную жаночую ролю?..

- Галоўнае для мяне - каб спектакль быў пастаўлены ад шчырага сэрца. Нейкія штучныя канструкцыі ў разліку на крытыкаў мяне не задавальняюць і не прывабліваюць...

 - Але і глядач цяпер- зусім не той, які быў раней. Шмат беларускіх рэжысёраў і акцёраў скардзяцца, што цяпер людзі ходзяць у тэатр не за высокімі эстэтычнымі ўражаннямі...

- У Эстоніі - тая ж самая праблема: інтэлектуальная частка публікі вельмі паменшылася колькасна. Але той жа інтэлектуальны спектакль не абавязкова павінен выглядаць як прафесійная размова двух фізікаў-ядзершчыкаў... Калі ён зроблены цікава, таленавіта, калі кранае, то глядач пойдзе ў тэатр, нягледзячы ні на што. А глядач ва ўсім вінаваты толькі ў няздатных рэжысёраў. Дзякаваць богу, сучасная эстонская драматургія дае магчымасць выбару: у апошнія дзесяць гадоў у нас з'явілася новае пакаленне драматургаў, што пішуць вельмі цікава, і публіка з задавальненнем ходзіць на спектаклі па гэтых творах. Ёсць і інтэлектуальна насычаныя пьесы. У адной з такіх - "Бясконцае кавапіцце", дарэчы, аўтарства вучонага-фізіка Мадыса Кыйва, дзе паказаны дзесяцігоддзі з жыцця вядомага некалі ў Тарту універсітэцкага кафэ "Вернер", - я выконваю ролю сталага наведвальніка, які сядзіць сабе і балбоча за сталом, а вакол яго разгортваюцца падзеі і дзейнічаюць знакавыя персоны адразу некалькіх эпох.

- А ў чым сакрэт з'яўлення новай драматургічнай плыні?

- Галоўнае - быць неабмежаваным у сваёй творчасці. З пачатку дзевяностых эстонскі тэатр перажываў не лепшыя часіны: даводзілася змагацца за існаванне. І вось, калі пераходны перыяд мінуў, у нас адкрылася "другое дыханне", чаго і вам жадаю.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА