ІР-перспектыва рэгіёнаў і...

№ 35 (955) 28.08.2010 - 03.09.2010 г

Праект “Белтэлекама” і Міністэрства культуры “падключыць” да інтэрактыву ўстановы галіны

/i/content/pi/cult/284/4543/pic.jpgЗдаецца, мы прызвычаіліся, што мастацтва пачатку XXI стагоддзя ўсё больш актыўна ўбірае ў сябе найноўшыя тэхналогіі. І такія "ноў-хаў", па сутнасці, здольныя не толькі садзейнічаць уласна стварэнню, але і прасоўванню ў інфармацыйнай прасторы мастацкага прадукту, дапамагаючы спектаклям, жывапісу, кінастужкам, канцэртам знайсці сваіх прыхільнікаў. І гаворка тут найперш - пра рэгіёны. Для гэтай катэгорыі спажыўцоў творчага прадукту перспектыўнай спробай быць у цэнтры культурнага працэсу становіцца інтэрактыўнае тэлебачанне. Спецыяльна для названай групы сваіх абанентаў нацыянальны аператар электрасувязі "Белтэлекам" запусціў унікальны кантэнт, які з гэтага года пачне пашырацца дзякуючы ўдзелу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што актыўна ўключылася ў распрацоўку перспектыўнага праекта.  

 

Культпраграма "па сумяшчальніцтве"

Любоў да мастацтва, вядома ж, не вымяраецца адлегласцю да сталічных сцэн і выставачных залаў. Але і гэты фактар сваю ролю адыгрывае. Прыкладам, маё дзяцінства, праведзенае ў Салігорску, было напоўнена шматлікімі школьнымі "культпаездкамі" ў Мінск: у тэатр, на канцэрты, у музеі... А вось старэйшаму пакаленню для здзяйснення падобных "экскурсій" неабходны былі добра наладжаныя магчымасці калектыўных заказаў на прадпрыемствах. Сумяшчаючы выезд па справах у той жа Мінск, скажам, з наведваннем тэатра, рызыкуеш "праляцець" з набыццём білетаў. У найбольш папулярныя тэатры накшталт Купалаўскага або Вялікага нават за месяц-паўтара не заўжды знойдзеш білет на "топавыя" спектаклі. Пэўным чынам ратуюць сітуацыю гастролі папулярных артыстаў, абменныя канцэрты, выязныя музейныя экспазіцыі, фестывалі ў раёнах рэспублікі. Але гэтага, відавочна, не дастаткова...

Спробу наблізіць культурны кантэкст да шырокай аўдыторыі, у тым ліку і да гледача з рэгіёнаў, зрабіла Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Белтэлекам". Амаль год нацыянальны аператар электрасувязі ў пакеце інтэрактыўнага цыфравога тэлебачання "Zala", якое ахоплівае аўдыторыю ўсіх абласцей краіны, прапануе дадатковую бясплатную функцыю: каталог аўдыёвізуальных твораў. У яго ўвайшлі пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Тэатра-студыі кінаакцёра, тэлевізійныя спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, цыкл праграм "Галерэя", спектаклі і відэаматэрыялы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, стужкі "Беларускага відэацэнтра".

Не так даўно мультымедыйную прэзентацыю унікальнага кантэнту зладзілі для прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

- Праект "Белтэлекама" прыняў пад увагу інтарэсы розных катэгорый грамадзян, і ў першую чаргу - насельніцтва рэгіёнаў, - распавёў пра ўражанні ад прэзентацыі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі. - Ужо існуе дамоўленасць з нацыянальным аператарам электрасувязі аб пашыраным прадастаўленні магчымасцей ІР-тэлебачання для ўстаноў культуры ў абласцях. Жыхары малых гарадоў і вёсак пра цікавыя мерапрыемствы нашай галіны часцей за ўсё даведваюцца праз выпускі навін цэнтральных тэлеканалаў краіны. Аднак фармат такіх праграм не дазваляе падрабязна распавесці аб праектах як самога Міністэрства, так і шматлікіх устаноў культуры рэспублікі. Сучасны кантэнт дапаможа таму, хто не прысутнічаў на самой імпрэзе, у поўным аб'ёме пабачыць яе на сваім тэлеэкране. Канешне ж, праект у гэтай сувязі патрабуе пашырэння аб'ёму адзнятага матэрыялу...

ІР-тэлебачанне тэхналагічна мае вялікі рэсурс, таму распрацоўшчыкі арыгінальнага праекта гатовы "заліваць" у кантэнт не толькі пастаноўкі са сталічных падмосткаў, але і спектаклі, канцэрты, выстаўкі з абласных і нават раённых цэнтраў.

- Аматару мастацтва з Брэстчыны цяпер не трэба будзе шукаць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў суседняй вобласці, праз Інтэрнет або іншымі шляхамі. Можна будзе проста выбраць патрэбную "закладку" ў меню і пабачыць усё на свае вочы, - працягвае Уладзімір Карачэўскі. - У многіх народных калектываў, палацаў культуры, раённых музеяў ёсць відэазапісы сваіх мерапрыемстваў, таму і пытанняў з папаўненнем менавіта рэгіянальнага каталога не павінна ўзнікаць аніякіх...

Такім чынам, "з лёгкай рукі" інтэрактыўнага тэлебачання павінна наладзіцца дзейсная сістэма мэтанакіраванага знаёмства і абмену вопытам паміж работнікамі культуры рэгіёнаў. І наўрад ці гэта будзе "гульня ў адны вароты": сталічны жыхар, асабліва ў тым выпадку, калі гаворка вядзецца пра работніка сферы культуры, упэўнена, пазнаёміцца, а то і "пазычыць" сёе-тое з вопыту калег.

- Як бачым, у кожнага творцы, незалежна ад месца, дзе знаходзіцца яго майстэрня, з'явіцца магчымасць годна прэзентаваць сябе, - зазначыў першы намеснік міністра культуры.

Лічбавая заслона ўздымаецца

Унікальныя магчымасці ІР-тэхналогіі захапілі ўвесь свет. Толькі ў краінах Усходняй Еўропы новым фарматам тэлебачання ўжо карыстаюцца мільёны людзей. Сучасная тэхналогія аб'ядноўвае перавагу кабельнага тэлебачання і інтэрактыўнасць глабальнай сеткі: глядач у он-лайн рэжыме можа кіраваць тэлеэфірам, складаць яго ў адпаведнасці са сваім густам і вольным часам. Да прыкладу, уладальнікам звычайнага тэлебачання неабходна чакаць, калі пэўны спектакль або перадача з'явіцца ў эфірнай сетцы. Новыя ж тэхналогіі дазваляюць у любы час сутак самастойна выбіраць з каталога патрэбны твор, а пры жаданні глядзець яго фрагментамі, як на звычайным DVD-плееры.

- Атрымліваецца своеасаблівае індывідуальнае тэлебачанне, дзе кожны карыстальнік будзе выбіраць тое, што зацікавіла менавіта яго, - распавёў Уладзімір Карачэўскі. - Гэтая ўласцівасць ІРрэсурсу, у сваю чаргу, адкрывае безліч магчымасцей для вывучэння попыту спажыўцоў творчага прадукту. Прыкладам, лічбавыя тэхналогіі дазваляюць правесці інтэрактыўныя галасаванні або апытанні. Падобны маніторынг можа пайсці на карысць як самім творцам, так і складальнікам каталога аўдыёвізуальных твораў...

Падобнае заглыбленне ў магчымасці ІР-тэхналогій пакуль - у планах на перспектыву. Першапачатковым пытаннем для Міністэрства культуры краіны з'яўляецца паўнавартаснае знаёмства з "ноў-хаў" усіх падпарадкаваных яму ўстаноў. На сёння каталог аўдыёвізуальных паслуг прадстаўлены далёка не ўсімі творчымі калектывамі нават з ліку сталічных "кітоў".

- Скажам, вядучыя тэатры Мінска фіксуюць на відэаносьбітах свае прэм'еры, аднак адзняты матэрыял часта выкарыстоўваецца толькі на мастацкім савеце, а потым ляжыць у архівах. З дапамогай ІР-тэлебачання гэтыя запісы стануць выкарыстоўвацца больш плённа, - зазначыў Уладзімір Карачэўскі. - Калі ж відэаматэрыялаў у якой-небудзь установе не знойдзецца, то, магчыма, новыя перспектывы прасоўвання на арт-рынку дапамогуць іх кіраўнікам задумацца: свае мерапрыемствы трэба здымаць на відэа, каб потым мець магчымасць у лічбавым фармаце прадэманстраваць іх усёй рэспубліцы.

Дарэчы, падобны кантэнт дапаможа вырашыць яшчэ адну праблему беларускай мастацкай сферы. Відэаматэрыялы такога кшталту, як вядома, амаль немагчыма знайсці ў свабодным доступе: DVD з тымі ж тэатральнымі пастаноўкамі адшукаюцца ў адзінкавых сталічных крамах, але гэта будуць... здымкі з маскоўскіх і пецярбургскіх падмосткаў...

Пульт замест указкі

Моладзь адчувае сябе ў эпоху глабальнай камп'ютэрызацыі, як рыба ў вадзе. Нашы дзеці, яшчэ не навучыўшыся выводзіць у сшытку літары, ужо вельмі добра друкуюць іх на клавіятуры, а падлеткі ўсё часцей пазнаюць свет праз форумы ды блогі. Жарсцю да ўсяго новага можна скарыстацца ў добрых мэтах: пакуль ІР-тэлебачанне з'яўляецца моднай навінкай, моладзь з задавальненнем будзе вывучаць усе яго магчымасці, у тым ліку і каталог аўдыёвізуальных твораў.

Ужо сёння кантэнт інтэрактыўнага тэлебачання адкрывае неабсяжныя гарызонты студэнтам творчых ВНУ. У прыватнасці, вялікі раздзел каталога прысвечаны Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У тэлевізійных закладках - курсавыя і дыпломныя спектаклі, выстаўкі, канцэрты, вучэбныя відэаработы і кліпы. Падобнае супрацоўніцтва ІР-тэлебачання і навучальных устаноў надае дадатковую матывацыю навучальнаму працэсу, бо лепшыя работы змогуць выйсці на аўдыторыю ў маштабах краіны. Зрэшты, па найлепшых дыпломных і курсавых могуць рабіць свае высновы і патэнцыйныя працадаўцы, здольныя прапанаваць лепшым з лепшых першае месца працы.

Поле для інтэрактыўнай будучыні

Інавацыі прэзентуюць выхад на новую ступень узаемадзеяння паміж творцай і гледачом. Галоўнае- не спыніцца на дасягнутым, паступова пашыраючы "лічбавыя межы".

- Не буду загадзя раскрываць усе карты, зазначу толькі, што сёння Міністэрства культуры сумесна з РУП "Белтэлекам" распрацоўвае шэраг цікавых напрамкаў, у тым ліку звязаных з фестывальнай дзейнасцю. Цяпер прапрацоўваецца юрыдычны аспект, узгадняюцца пытанні з аўтарскімі правамі. Упэўнены: пры правільным падыходзе, новыя тэхналогіі змогуць узяць на сябе вялікую частку справы па папулярызацыі мастацтва, - адзначыў Уладзімір Карачэўскі.

Інтэрактыўнае тэлебачанне з'яўляецца добрым шанцам адчувальна пашырыць аўдыторыю прыхільнікаў мастацтва. Просты доступ да каталога аўдыёвізуальных твораў стварае спрыяльную глебу для працы з рэгіёнамі. Уладзімір Карачэўскі ў сувязі з гэтым падкрэсліў: "Калі інтэрактыўнае тэлебачанне дае культуры шыкоўную магчымасць у разы пашырыць глядацкую аўдыторыю, пазнаёміць з плёнам сваёй дзейнасці новую публіку, дык гэты шанс нельга ўпускаць ні ў якім выпадку!"  

 

Ад рэдакцыі

Як уключыцца ў "Zala"?

У гэтым нумары мы распачалі гаворку пра перспектывы ІР-рэсурсу "Zala" і аб магчымасцях працы з каталогам аўдыёвізуальных твораў. Прагучаў і пункт погляду патэнцыйнага, так бы мовіць, карпаратыўнага кліента рэсурсу. Варта адзначыць, што супраца з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь забяспечвае плённае супрацоўніцтва і ўкараненне тэхналогій ва ўсю сетку ўстаноў галіны. Неўзабаве мы зноў вернемся да гэтай актуальнай тэмы: ужо дасягнута дамоўленасць аб інтэрв'ю з кіраўніцтвам РУП "Белтэлекам".

Што да тэхнічных акалічнасцей, дык далучыць установу культуры да "Zala" не складае вялікай цяжкасці. Каб стаць уладальнікам ІР-тэхналогіі, трэба проста наведаць сервісны цэнтр "Белтэлекам", які ёсць у кожным горадзе. У абаненцкім аддзеле прадастаўляецца гарантыйны ліст, завераны пячаткай установы. Адзінае, што можа выклікаць пытанні, - тэхнічныя магчымасці: стан тэлефоннай лініі, наяўнасць свабоднага абсталявання. Але падобныя акалічнасці выяўляюцца за некалькі хвілін у самім сервісным цэнтры. Спіс апошніх, тарыфныя планы (лінейка сум абаненцкай платы для юрыдычных асоб вагаецца ў межах 3 - 31 тысячы рублёў за месяц карыстання), расклад тэлевізійнай сеткі, пакеты паслуг, іншая дадатковая інфармацыя знаходзяцца на афіцыйным сайце інтэрактыўнага тэлебачання "Zala".

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"