Цырк, узняць ветразі! Праекты “ноў-хаў” і трукі без “копій”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Чатыры зменныя арэны: падлога для эстрадных шоу, класічны манеж, танцавальны паркет, лядовы пляц… Купал вышынёй 18 метраў, мабільны басейн, асобны манеж для рэпетыцый… Гаворка — пра абноўлены будынак Беларускага дзяржаўнага цырка, які неўзабаве адкрые свае дзверы для гледачоў. “Літаральна 1 верасня распачынаецца першы этап перасялення калектыву ў новы будынак, — адзначае галоўны рэжысёр установы Сяргей (а ў творчых колах — Серж) БАНДАРЧУК, — і мы не можам дачакацца, калі, нарэшце, скончацца нашы “вялікія пярэбары”. Што ж прапануе айчынны цырк у адноўленым антуражы? Ці дыктуюць змены высокія тэхналогіі? Што, увогуле, сёння ўяўляе з сябе цырк як культурная індустрыя і бізнес-прадпрыемства? “К” вырашыла пагутарыць з галоўным рэжысёрам установы Сяргеем Бандарчуком аб тым, якім яму бачыцца шлях Белдзяржцырка.

/i/content/pi/cult/283/4537/13-1.jpg

- Серж, ды ўсё ж якім паўстане перад намі стары цырк?

- Старым яго ўжо не назавеш: ён сучасны, высокатэхналагічны, яркі... Першапачаткова гаворка ішла толькі пра абнаўленне будынка. Але цяпер можам сказаць: ён зведаў глабальную рэканструкцыю, і ад старога там засталіся, бадай, толькі апорныя канструкцыі.

Праекціроўшчыкам і архітэктарам давялося нялёгка: перад імі была пастаўлена задача стварыць адзін з лепшых цыркаў у свеце. Гэта, насамрэч, надзвычай складанае заданне, з вялікай доляй рызыкі, бо існавалі пытанні, якія ўвогуле было невядома як вырашаць. Колькі сёння ў свеце існуе стацыянарных цыркаў? Пералічыць можна па пальцах адной рукі. Далучыце да гэтага ўвядзенне новых тэхналогій - зусім іншыя патрабаванні, адрозны ад ранейшага комплекс задач. Як усё спалучыць так, каб было прыгожа і функцыянальна?

Наш новы цырк будзе мець шмат "ноў-хаў": па тэхналогіях і па апрацоўцы. Па-першае, што да інтэр'ераў, дэкор старога будынка захаваецца ў колішнім ампіры, але самі матэрыялы, іх якасць, вядома, цяпер будуць на зусім іншым узроўні: гэта граніт, мармур, сусальнае золата, аксаміт... Напрыклад, для гледачоў зроблены крэслы з натуральнага дрэва, абабітыя аксамітам. Крэслы, удакладню, - з падлакотнікамі, што вялікая рэдкасць. Нават перадавы расійскі цырк - імя Юрыя Нікуліна - не мае падобнай "раскошы". Акрамя знешніх змен, нас забяспечаць сучасным тэхнічным абсталяваннем: гэта чатыры зменныя манежы, мабільны басейн, што будзе падымацца і апускацца, новыя святло, гук... Ды яшчэ - адрамантаваны гараж, стайня, ветэрынарная клініка, кухня для жывёл, абноўлены касцюмерны цэх... Больш за тое: акрамя новага аздаблення і тэхнічных інавацый, наша ўстанова пабагацела, бадай, на самае галоўнае - рэпетыцыйную базу: гэта другі будынак за старым гмахам. У ім ёсць усё для працы артыста: утульныя грымёркі з душавымі, манеж для рэпетыцый... Нарэшце выканаўцам не давядзецца "біцца" за месца для трэніровак. Побач размешчана гасцініца. Усё гэта вельмі важна для стварэння нацыянальнай школы, базы і, адпаведна, - павышэння ўзроўню беларускага цырка.

- Вядома, што новая форма дыктуе і новы змест. Якія змены чакаюць наш цырк з пераездам у "новыя старыя" памяшканні?

- Паўтаруся, для нас цяпер самая надзённая задача - стварыць моцную цыркавую базу. Патлумачу: колькі б прамоўтэры ні ўкладвалі ў тэхнічны антураж нумароў, галоўным усё роўна застаецца артыст. Святло, гук, пастаноўка - усё гэта, безумоўна, важна, але гэта толькі неабходны "дадатак" да таленавітага выканаўцы.

А каб "выгадаваць", выхаваць талент, патрэбны адпаведныя ўмовы і магчымасці. У артыста трэба ўкласці вельмі шмат сіл - справа нават не ў фінансах. Гэта вельмі карпатлівая і цяжкая праца. Усё мусіць быць сканцэнтравана ў адным месцы, - і цяпер мы такое месца займеем.

Ці ёсць у Беларусі цыркавая школа? Па сутнасці, няма. Мы ведаем пра адпаведныя ў Маскве і ў Кіеве, якія выпускаюць спецыялістаў да гэтай пары - і на 90 % забяспечваюць... заходнія цыркі новымі талентамі. Мы хочам падцягнуцца ў гэтым накірунку: заснаваць сваю школу, што прапануе не толькі належную адукацыю, але і перспектывы працаўладкавання, каб выканаўцы ведалі, што тут, на радзіме, іх забяспечаць добрай зарплатай, зручнымі ўмовамі пражывання, цікавай працай. Патрэба шукаць "іншы бераг" адпадзе сама сабой.

Што да цыркавых зорак, педагогаў з замежжа... Цыркавыя артысты, - людзі сямейныя, якія перадаюць сваю справу з пакалення ў пакаленне. І часам завабіць іх працаваць у сваю ўстанову можна нават не грашыма, а - добрымі ўмовамі пражывання. Выканаўцы могуць зарабляць, скажам, у Еўропе, выступаючы ў пэўным шапіто і кватаруючы ў прыстасаваных трэйлерах, але часам хочацца адпачыць ад "палявых умоў" і пажыць некалькі месяцаў "з усімі выгодамі". І гэты "козыр" часта спрацоўвае, калі запрашаеш кагосьці. Але, падкрэслю, новы цырк для нас, у першую чаргу, - месца для згуртавання і выхавання беларускіх цыркавых артыстаў.

- Ваша пазіцыя, Серж, зразумелая. Але які накірунак у канцэптуальным плане абярэ новы беларускі цырк: цырк відовішчаў або трукаў?..

- Безумоўна, галоўным у свеце цырка заўжды быў і застаецца - трук, якасць яго выканання. І хоць шоу - таксама неабходны складнік, без адоранага артыста, паўтаруся, цырка не існуе.

Я разумею, што маеце на ўвазе і феномен канадскага цырка "Дзю Салей", папулярнага ва ўсім свеце. Ці будзем мы рабіць штосьці падобнае? Разумееце, калі мы створым "копію" гэтага цырка - гэта зусім не значыць, што з намі пачнуць заключаць дамовы замежныя прамоўтэры. Толькі ў адной Канадзе акрамя ўласна "Дзю Салей" працуюць чатыры падобныя прафесійныя калектывы вельмі высокага выканальніцкага ўзроўню. Копіяй сёння нікога не здзівіш. Скараць публіку патрэбна унікальным нумарам, які ніхто яшчэ да гэтай пары не бачыў. А значыць - мы зноў вяртаемся да сваёй школы. На базе яе і можа быць створана унікальная праграма. Галоўнае - кадры.

 Так, будынак нашага цырка - гэта вельмі прыгожая пабудова. Ён манументальны, прэзентабельны. Такому цырку неабходна адпаведнае начынне. Таму на адкрыццё мы плануем прадставіць яскравую праграму, нават у нечым пафасную, з бляскам, каб здзівіць гледача і "падтрымаць" багемны антураж. У далейшым жа - абавязкова прывязём у Мінск еўрапейскі цырк, каб айчынны глядач атрымаў магчымасць убачыць замежных калег.

- А ці мяркуе наш цырк адмовіцца ад дрэсіроўкі жывёл?

- Наконт дрэсіроўкі жывёл - гэта асобнае пытанне. На сённяшні дзень засталося толькі некалькі краін, дзе ў цырку працуюць з жывёламі. Еўропа практычна адмовілася ад падобных атракцыёнаў, не за гарамі і закрыццё падобных нумароў у ЗША.

Мы, у сваю чаргу, будзем працаваць у гэтым накірунку, пакуль нам дазваляе грамадства. Так, мы робім стаўку на выканаўцаў, жанглёраў, паветраных акрабатаў, гімнастаў, але цырк без артыстаў-жывёл, на маю думку, гэта не цырк. Ведаеце, я неаднойчы быў на прадстаўленнях "Дзю Салей" - і не бачыў у зале дзяцей... Гэта выглядае вельмі дзіўна. І мне здаецца, што нумары з жывёламі - гэта тое, што робіць цырк жывым. Сам манеж з'явіўся ў цырку для язды на конях.

Іншая справа - знайсці людзей, якія любяць працаваць з жывёламі, могуць гэта рабіць. Апошняе ж - не так і лёгка. Я магу сёння прыдумаць такія нумары з нацыянальным каларытам, як, да прыкладу, выступленні з бусламі, з вожыкамі, з ваўкамі, але перш за ўсё мне трэба знайсці таленавітых дрэсіроўшчыкаў, якія здолелі б ажыццявіць гэтыя задумы. У артыста мусяць быць жаданне і талент, - а ўсё астатняе дадасца.

 - Серж, Вы выдатна вызначылі задачы цырка як культурнай індустрыі, але ўстанова працуе яшчэ і як бізнес-прадпрыемства...

- Так, вы маеце рацыю. Калі б мы не былі бізнесменамі, дзяржава не аказала б нам такі давер. У перспектыве, безумоўна, плануем выйсці на самаакупнасць, стаць прыбытковым прадпрыемствам. Задум, як дасягнуць гэтага, у нас мноства: па-першае, - стварэнне сваёй праграмы ў стацыянарным будынку, падругое - запрашэнне еўрапейскіх зорак цырка з выступленнямі ў Мінск, па-трэцяе - запуск праекта перасоўнага цырка, які будзе даваць прадстаўленні спачатку на Беларусі, а потым у Еўропе, так бы мовіць, мабільны цырк-шапіто з эмблемай "Беларускі цырк".

Сярод іншага, разглядаем магчымасць арганізацыі Міжнароднага цыркавога фестывалю, каб акунуцца ў цыркавое мастацтва свету здолелі ўсе.

 - Да ўсяго, я ведаю і аб вашай прамоўтэрскай дзейнасці: арганізацыя канцэртаў замежных зорак не абыходзіцца без вашага ўдзелу...

 - Што да прамоўтэрскай дзейнасці, тут мы выступаем даволі сціплымі партнёрамі кампаніі, якая бярэ на сябе асноўную частку працы. Але гэтая магчымасць заробку нам таксама не падаецца залішняй. З аднаго боку, прызнаюся, нельга сказаць, што, да прыкладу, канцэрт Элтана Джона быў прыбытковым, але гэта не значыць, што спрабаваць зрабіць гэты накірунак бізнесу рэнтабельным немагчыма. Так, мы прымаем удзел у запрашэнні вядучых зорак сусветнай сцэны ў Беларусь, ды ўсё ж не гэта галоўная задача. Памкненні нашы сягаюць значна далей: у стварэнне адметнага цыркавога мастацтва.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"