Арыфметыка аркестра

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Днямі Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам ФІНБЕРГАМ пачаў свой 24-ы сезон. Гэтым тыднем ішлі рэпетыцыі, а 4- га верасня калектыў рушыць у Мазыр, дзе, паводле традыцыі, дасць першы канцэрт сезона.

/i/content/pi/cult/283/4536/pic_19.jpg- Цяперашні сезон, - распавёў Міхаіл Якаўлевіч, - будзе пралогам юбілейнага, 25-га, да якога мы рыхтуемся ўжо сёння. Усе "сакрэты" юбілею раскрываць не буду - даведаецеся праз год. Асаблівасцю ж 24га сезона стане яго прысвячэнне беларускаму мастацтву.

- Але ж вы і ваш калектыў заўсёды надаяце нацыянальным творам вялікае значэнне: яны чырвонай ніткай праходзяць літаральна праз усе вашы праграмы. Дастаткова сказаць, што толькі ў малых гарадах Беларусі вы правялі 117 фестывальных канцэртаў, прысвечаных нашай спадчыне, выдалі больш за дзесятак кніг з найноўшымі даследаваннямі нашых навукоўцаў, сканцэнтраваных вакол нацыянальнай культуры...

- Так, але сёлета мы акцэнтуем усё гэта яшчэ больш. Тым больш, што на гэты сезон прыпадае некалькі значных юбілеяў нашых класікаў. Так, сёлета наш аркестр адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння двух вядомых кампазітараў - Рыгора Пукста і Дзмітрыя Лукаса. Яшчэ адзін канцэрт будзе прысвечаны творчасці Аляксея Туранкова. Падкрэслю: гэтыя тры творцы былі сярод тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння беларускай прафесійнай кампазітарскай школы ХХ стагоддзя. Адзначым мы і 70-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Навінкай сезона стануць таксама два новыя фестывалі, якія рыхтуюцца нашым калектывам. Адзін з іх прысвечаны ўвядзенню Магдэбургскага права на беларускіх землях. Бо ў 2010-м спаўняецца 620 гадоў, як Магдэбургскае права, заснаванае ў ХІІІ стагоддзі, прыйшло і ў наш край: у 1390 годзе яно было нададзена Брэсту, у 1391-м - Гродна. Вядома, гэты статус адбіваўся і на культуры, што мы і акрэслім у нашай праграме. Ну, а другім шырокамаштабным святам стане Фестываль беларускай песні і паэзіі, які пройдзе не ў Маладзечне, а ў Мінску. Ён будзе складацца з трох канцэртаў. У першы з іх увойдзе музыка беларускага замежжа - творы нашых кампазітараў, якія воляй лёсу апынуліся за межамі роднай краіны, але захавалі сваю нацыянальную культуру. А вось другі будзе ўтрымліваць песні і рамансы Эдуарда Зарыцкага паводле беларускай класічнай паэзіі. Гэты кампазітар даўно і мэтанакіравана працуе ў такім напрамку, фарміруючы багаты вакальны рэпертуар, заснаваны на перлінах нашай паэтычнай думкі. Здаралася, не ўсе нашы паэты "надзяляліся" ўвагай кампазітараў, творчасць некаторых здавалася настолькі самадастатковай, што далучэнне музыкі ўяўлялася ці то непатрэбным, ці то ўвогуле немагчымым. Эдуард Зарыцкі "парушае" гэтае сцвярджэнне і ўзбагачае не толькі музыку, але і ўласна літаратуру, прапаноўваючы "музычныя" прачытанні вершаў нашых класікаў. Трэці ж канцэрт прымяркуем да 80годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

 - Пэўна, новыя фестывалі не заменяць старыя, а далучацца да іх?

 - Так, ужо ў верасні прадоўжацца традыцыйныя святы камернай музыкі ў Тураве і, напрыканцы месяца, у Мсціславе. Пройдуць такія фестывалі і ў Заслаўі, Нясвіжы, Міры, Пінску, Іванаве, Чачэрску. У лютым адбудзецца 22-і па ліку "Мінскі джаз". У сакавіку - IV форум "Шлягер на ўсе часы". Ён будзе складацца з чатырох канцэртаў: першы прымеркаваны да 75-годдзя Райманда Паулса, другі - да 70-годдзя Давіда Тухманава, трэці - "Лепшыя песні кіно" - уключыць музыку Арно Бабаджаняна, Аляксандра Зацэпіна, Ігара Талькова, Аскара Фельцмана. Чацвёртым жа канцэртам упершыню стане "Шансон у Мінску".

 - А самыя бліжэйшыя планы, акрамя традыцыйнай "справаздачы" ў Мазыры?

- Канешне ж, удзел у святкаванні Дня горада ў Мінску.

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"