Знакі габелена чырванню і льном

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Першая персанальная выстаўка габелена віцябчанкі Наталлі Лісоўскай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва называецца “Знакі роднай зямлі”.

/i/content/pi/cult/283/4534/pic_15.jpgНаталля Сяргееўна родам з Віцебшчыны. Яна атрымала адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава і ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці. Пасля заканчэння апошняга працавала мастаком друкаванага малюнка на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін. Потым - ізноў у родным горадзе, дзе выкладае на кафедры дызайну, а з 1993-га яна - дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Працуе ў галіне габелена, у тэхніцы ручнога ткацтва і ў тэкстыльным дызайне.

Ведаюць Наталлю Сяргееўну і як навукоўцу-практыка па распрацоўцы і ўкараненні вялікай колькасці структур тканін і малюнкаў на шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Наталля Лісоўская шмат выстаўляецца на рэспубліканскіх і замежных выстаўках. Што ж яе прываблівае ў мастацтве? "Мой любімы колер - чырвоны. Ён сімвалізуе каханне. Любімы пісьменнік і паэт - Іван Бунін; з беларусаў - Максім Багдановіч. З габеленшчыкаў Беларусі мне даспадобы работы Валянціны Бартлавай, Галіны Крываблоцкай, Ларысы Густавай, Тамары Лісіца. Інтарэс да габелена выяўляюць і зусім маладыя мастакі. Тое значыць, што мастацтва габелена будзе жыць доўга. Захапляюся і жывапісам, але габелену ніколі не здраджваю, бо ў ім - мая душа і сэрца, мой настрой..."

Што галоўнае ў работах Наталлі Лісоўскай? Прыгажосць і захапленне беларускай прыродай ва ўсе поры года, таленавіта ўвасобленай аўтарам з дапамогай поўсці, сізалю, льна, шкла ("Начное возера", "Квітнеючыя лугі", "Свет вярбы", "Гарадскія рытмы", "Раніца", "Чырвонае лета", "Зімовыя вокны", "У зімовым садзе")...

Іван АРХІПАЎ