Наталля Сяргееўна родам з Віцебшчыны. Яна атрымала адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава і ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці. Пасля заканчэння апошняга працавала мастаком друкаванага малюнка на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін. Потым - ізноў у родным горадзе, дзе выкладае на кафедры дызайну, а з 1993-га яна - дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Працуе ў галіне габелена, у тэхніцы ручнога ткацтва і ў тэкстыльным дызайне.
Ведаюць Наталлю Сяргееўну і як навукоўцу-практыка па распрацоўцы і ўкараненні вялікай колькасці структур тканін і малюнкаў на шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
Наталля Лісоўская шмат выстаўляецца на рэспубліканскіх і замежных выстаўках. Што ж яе прываблівае ў мастацтве? "Мой любімы колер - чырвоны. Ён сімвалізуе каханне. Любімы пісьменнік і паэт - Іван Бунін; з беларусаў - Максім Багдановіч. З габеленшчыкаў Беларусі мне даспадобы работы Валянціны Бартлавай, Галіны Крываблоцкай, Ларысы Густавай, Тамары Лісіца. Інтарэс да габелена выяўляюць і зусім маладыя мастакі. Тое значыць, што мастацтва габелена будзе жыць доўга. Захапляюся і жывапісам, але габелену ніколі не здраджваю, бо ў ім - мая душа і сэрца, мой настрой..."
Што галоўнае ў работах Наталлі Лісоўскай? Прыгажосць і захапленне беларускай прыродай ва ўсе поры года, таленавіта ўвасобленай аўтарам з дапамогай поўсці, сізалю, льна, шкла ("Начное возера", "Квітнеючыя лугі", "Свет вярбы", "Гарадскія рытмы", "Раніца", "Чырвонае лета", "Зімовыя вокны", "У зімовым садзе")...
Іван АРХІПАЎ