“Сіндром турцэнтра” нібы не праяўляецца, але...

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Працуючы з картай над падрыхтоўкай маршруту, прыходзіш да дзіўнай высновы: па волі лёсу і людзей, ацалелыя гісторыка-культурныя цікавосткі размешчаны на Беларусі досыць кампактна, утвараючы своеасаблівыя турыстычныя зоны, якія ўжо самі сабою натхняюць на ідэі маршрутаў і паслуг. Ды, на жаль, пакуль гэта — толькі ідэі. Брычку, што вязе экскурсантаў з адной шляхецкай сядзібы ў суседнюю, на беларускіх дарогах не сустрэнеш. Адпаведна, наяўнасць помнікаў спадчыны не надта ўплывае на жыццё і дабрабыт тых мясцін, дзе яны знаходзяцца. Хаця ў перспектыве ўплыў можа (і павінен) быць вызначальным. Уласна, гэта адна з прычын, па якой беларуская дзяржава надае такую ўвагу развіццю турызму. Агледзеўшы ў першыя дні велатура толькі некаторыя з адметнасцей аднаго такога “анклаву”, размешчанага на захад ад Камянца, рушылі да іншага — Пружанскага. Але перад гэтым, натуральна, не абмінулі ўвагай і знакаміты “Камянецкі слуп”.

/i/content/pi/cult/283/4532/pic_9.jpg(Працяг. Пачатак у № 33 за 2010 г.)

Сімвал свайго краю

Жыхары Камянца старэйшага пакалення яшчэ памятаюць тыя часы, калі знакамітая вежа ўнутры выглядала не нашмат лепей, чым убачаныя намі закінутыя сядзібы. Сёння яна цалкам адпавядае свайму статусу сімвала Камянеччыны. А ўнутры яе размешчана невялікая, але папраўдзе цікавая і густоўная экспазіцыя.

У чэрвені ў Камянцы адбыўся чарговы рыцарскі фэст - ужо другі па ліку. Пад час яго было вынайдзена арыгінальнае (і, між іншым, недарагое) аздабленчае рашэнне для шэрага паркана, які побач з вежай выглядаў не надта гарманічна. Цяпер ён упрыгожаны графіці - прычым, як ні дзіўна, на рыцарскую тэматыку.

Ці знойдзе гэты фэст працяг у стварэнні анімацыйных праграм, сказаць пакуль цяжка. Сёння філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея прапануе наведвальнікам толькі стандартную экскурсію, а пашырэння прэйскуранту за кошт увядзення новых, арыгінальных, платных паслуг няма нават у планах.

Зрэшты, пакуль на нястачу турыстаў вежы скардзіцца не выпадае. Як адзначылі ва ўстанове, за мінулы год аб'ект наведала 22 тысячы турыстаў, прычым сюды завітваюць вандроўнікі з розных краін - у тым ліку і вельмі ад нас далёкіх.

Сёння вежа ператварылася ў сапраўдны брэнд Камянца, сімвал свайго краю. Такая роля можа быць пад сілу і многім іншым помнікам беларускага дойлідства...

 

 Аквапарк маёнтку не канкурэнт

Адзін старшыня райвыканкама, з гонарам распавядаючы аб захадах па добраўпарадкаванні, тут жа, аднак, дадаў: "Ну, вядома, пакуль у нас не так, як у Пружанах..." І сапраўды: гэты гарадок ужо не першы год лічыцца эталонам дагледжанасці. Аднак стан двух помнікаў спадчыны, што месцяцца ў яго ваколіцах, узорным пакуль не назавеш.

Збочыўшы з шашы ў кірунку пасёлка І/i/content/pi/cult/283/4532/pic_10.jpgнтэрнацыянальны, запыталі ў мясцовых жыхароў шлях да "панскага палаца".

- Можа, вы яго хочаце купіць?- замест адказу выгукнула бабуля, што палола грады. У ейных вачах бліснула іскрынка надзеі.

У пералік "сядзіб на продаж" колішні маёнтак Трымбіцкіх "Лінова" не трапіў. Гэта зразумела: калі складаўся спіс, у палацы яшчэ месцілася кантора крухмальнага завода. Але сёлета ўстанова была прызнана банкрутам. З таго часу жыццё ў пасёлку з гучным імем нібы спынілася...

На правым крыле палаца яшчэ красуецца шыльда мясцовай крамы. Ды, як высветлілася, з месяц таму і гэты трывіяльны аб'ект інфраструктуры закрыты: у Інтэрнацыянальным стала замала пакупнікоў. Таму сёння класіцыстычны гмах цалкам спусцелы. Але, хаця тынкоўка ўжо месцамі аблупілася, дзверы і вокны пакуль - на месцы, дах (напалову з шыферу, а напалову - з бляхі) таксама выглядае досыць трывалым.

Пасля банкруцтва былога гаспадара палац узяў на свой баланс аддзел культуры Пружанскага райвыканкама. Яго начальнік Канстанцін Панімаш выношвае ідэю стварэння там агратурыстычнага цэнтра, які спалучаў бы культурны складнік з камерцыйным.

- Як хто з вас яшчэ не сыграў вяселле, то можаце яго зладзіць там паводле старадаўніх традыцый, - напаўжартам прапанаваў ён нам. - Але не спяшайцеся ў гэтай справе,- час яшчэ ёсць.

/i/content/pi/cult/283/4532/pic_11.jpgЧасу на такое пераўвасабленне і сапраўды спатрэбіцца нямала. А галоўнае - сродкаў. Таму намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Кудравец пакуль не схільны даваць аптымістычныя абяцанні:

- Будзем рэалістамі: знайсці інвестара для гэтага аб'екта нам няпроста. Тым болей, у раёне ўжо ажыццяўляецца некалькі буйных турыстычных праектаў. Нядаўна паўстаў звышсучасны санаторый, неўзабаве мае з'явіцца і аквапарк, плануем будаўніцтва новага гатэля. А прадпрымальнік з Санкт-Пецярбургу стварыў у сваёй роднай вёсцы Клятное - на самым ускрайку Белавежскай пушчы- гэткі этнаграфічна-забаўляльны цэнтр. Адпаведна, ягоным землякам моцна пашчасціла...

Зрэшты, прамых канкурэнтаў у ваколіцах "шляхецкі" тураб'ект не мае, і ў бліжэйшай будучыні яны не прадбачацца. Аквапарк, у сваю чаргу, маёнтку не канкурэнт. Наадварот, гэтыя патэнцыйныя складнікі маршруту могуць "працаваць у комплексе".

Але асаблівая спешка ў справе рэстаўрацыі сядзібы "Лінова", мабыць, і не патрэбна: тэхнічны стан палаца Трымбіцкіх дазваляе яму чакаць не адзін год. І, зважаючы на дынаміку развіцця як Пружаншчыны, так і краіны ў цэлым, час на яго баку.

Аднак толькі пры адной умове- элементарных, але няспынных захадаў па захаванні гэтага помніка спадчыны. Некаторыя мясцовыя жыхары не лічаць за грэх браць тое, што здаецца ім "нічыйным", і таму палац ні ў якім выпадку не павінен ствараць падобнае ўражанне. Гэтаму, дарэчы, спрыяе нават проста наяўнасць ахоўнай дошкі. А прадугледжаныя заканадаўствам затраты на захоўванне помніка потым шматкроць акупяцца- пры складанні каштарысу на рэстаўрацыю.

Сумны прыклад таго, чым не павінен стаць гэты гмах, можна сустрэць літаральна тут жа: правае крыло палаца, якое, відавочна, было закінута далёка не сёлета і ўжо пазбаўлена даху, планамерна ператвараецца ў руіну...

 

Уласнік знайшоўся, а гаспадар?..

Праз паўгадзіны руху паўз жывапісныя палі мы /i/content/pi/cult/283/4532/pic_12.jpgаглядалі яшчэ адзін прыклад шматгадовай безгаспадарчасці. Асноўная частка класіцыстычнага палаца Дзяконскіх у вёсцы Каштанаўка даўно нагадвае антычныя руіны: яе дах абрынуўся долу некалькі дзесяцігоддзяў таму, і ў колішніх пакоях буяе хмызняк. Але праваму крылу пашчасціла больш: яно захавала свой пазнавальны выгляд, хаця цяпер таксама закінутае ды занядбанае.

Нейкі жартаўнік накрэмзаў на пашарпаным муры слова "Рэстаран". Жарты жартамі, але ў "панскай" піўніцы, якая добра захавалася і па сёння, такая ўстанова выглядала б цалкам да месца. З задавальненнем уратаваліся б там ад сквару і мы. Але спусціцца долу па слізкіх прыступках усё ж не наважыліся, хаця дзверы ў сутарэнні былі гасцінна адкрыты - нібы спецыяльна для аматараў прыгод і рызыкі. Пра іх магчымыя наступствы мала хто думае...

У графе "Уласнік" пераліку "маёнткаў на продаж", створанага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, насупраць каштанаўскай сядзібы напісана: "Безгаспадарная". Якім чынам помнік спадчыны займеў гэты "пачэсны" статус, застаецца толькі здагадвацца. Ды, на шчасце, ужо сёння можна ўнесці ў гэтую графу карэктывы.

- Пытанне ўжо вырашана, і сядзіба перададзена на баланс муніцыпальных улад, - адзначыў Канстанцін Панімаш. - Што да новага гаспадара, здатнага ўкласці туды грошы... Тут таксама ёсць пэўныя зрухі.

Да сядзібы ў Каштанаўцы прыглядаецца такое магутнае прадпрыемства, як РУП "Брэстэнерга". Але перш чым яна зменіць уласніка, належыць вырашыць звыклую для падобных аб'ектаў праблему: адсутнасць дакументацыі, неабходнай для заключэння любога пагаднення.

- Зразумела, што калі сядзіба не мела гаспадара, укладаць прыстойныя грошы ў стварэнне дакументацыі папросту не было каму,- кажа намеснік старшыні райвыканкама, які выявіў добрую абазнанасць у справе аховы спадчыны. - І сёння мы ўжо вырашаем гэтую праблему...

Між іншым, цікавасць да сядзіб краю выяўляюць не толькі энергетыкі. Не так даўно на адрас Пружанскага райвыканкама прыйшоў незвычайны факс: арганізацыя, якая называе сябе "тэатрстудыя" і мае прыгожае антычнае імя, выказала інтарэс у адраджэнні старадаўніх сядзіб краю. У кабінетах мясцовай улады ініцыятыва была ўспрынята самым лепшым чынам, але...

- Дарэчы, а ці ведаеце вы што пра гэтую тэатр-студыю? - асцярожна запытаў нас Мікалай Кудравец.

Мы пра яе чулі ўпершыню. Спробы навесці даведкі вынікаў не далі: сайт арганізацыі сёння не працуе, рэцэнзіі на спектаклі "тэатра-студыі" адшукаць не ўдалося. Затое інфармацыйны рэзананс, выкліканы іншым напрамкам дзейнасці рупліўцаў, атрымаўся даволі гучны. Ахвотнікі стаць тэлевядучымі або аператарамі арганізавалі ў Інтэрнеце своеасаблівую кампанію, каб вярнуць свае грошы за курсы, якіх, паводле іх слоў, не было.

Адсюль заканамерна ўзнікаюць адразу два пытанні. Ці выпадае чакаць ад "тэатра" з такой рэпутацыяй добрай "ігры" на новай для яго "сцэне" - у нялёгкай справе адраджэння спадчыны? І ці можна распрацаваць механізмы, здатныя адрозніць рэальныя бізнес-праекты ад авантурных пражэктаў? Апошняе асабліва актуальна для тых сядзіб, якія будуць перадавацца прыватнікам, лічы, задарма - зважаючы адно на іх добрыя намеры. ...

Несумненны фактар турыстычнага патэнцыялу маёнткаў у Інтэрнацыянальным і Каштанаўцы - іх выгоднае геаграфічнае становішча. І да Пружанаў, і да чыгуначнай станцыі адтуль- лічаныя кіламетры. Але пры гэтым, шпацыруючы ў засені ацалелых лістоўніц, там можна адчуць няспешны рытм вясковага жыцця, які натхніў на шэдэўры многіх класікаў. Ды ўсё ж адраджэнне гэтых сядзіб перадусім патрэбна нават не схільным да рамантыкі турыстам, а самім жыхарам абедзвюх вёсак. Нават беглага позірку дастаткова, каб канстатаваць, што пры цяперашніх варунках перспектывы яны маюць невясёлыя. І з'яўленне там аб'ектаў турінфраструктуры - ці не адзіная сіла, здатная даць ім "другое дыханне", адкрыць новую старонку ў іх гісторыі. Дарэчы, першая пісьмовая згадка пра тую ж Каштанаўку датуецца ажно 1563 годам!

 

Пленэры пад вокнамі школы

У Пружанах мелі трохі вольнага часу на адпачынак. Пытанне, дзе яго правесці, нават не паўстала: дагледжанай вуліцай рушылі да былой сядзібы Швыкоўскіх - Пружанскага палацыка. Звышарыгінальны будынак, бы канструктар, складзены архітэктарам Ланці з рознавялікіх аб'ёмаў, па-ранейшаму атачае прыгожы парк. А ў флігелі размясцілася мастацкае аддзяленне Дзіцячай школы мастацтваў - каб юным жывапісцам не даводзілася нікуды выбірацца на пленэры.

- У былыя часы чаго толькі ў палацы ні было: і нейкая бухгалтэрыя, і зубапратэзныя кабінеты... - згадвае Канстанцін Панімаш. - Але пасля таго, як сядзіба стала музеем, яна ператварылася ў сапраўдны цэнтр культурнага жыцця Пружанаў. Сёння ніводная дэлегацыя не абмінае яго ўвагай...

Сёлета ў музеі была завершана пастаянная экспазіцыя. У дадатак да яе, тут ладзяцца не толькі зменныя выстаўкі, але і сустрэчы з пісьменнікамі, паказы моды, камерныя канцэрты на тэрасе... Зрэшты, падрабязна апісваць дзейнасць музея няма сэнсу: інфармацыя пра новыя падзеі рэгулярна трапляе на электронную пошту "К", а адтуль - і на старонкі выдання. Да таго ж, гэтая раённая ўстанова мае адзін з лепшых у "сваёй намінацыі" сайтаў.

 Чаго бракуе ў старым парку - дык гэта зацішнай кавяранькі. Але, па словах Канстанціна Панімаша, канцэпцыя далейшага развіцця музейнай установы прадугледжвае яе стварэнне. На тэрыторыі сядзібы плануецца разгарнуць цэлы комплекс, куды ўвойдуць карчма, гатэльчык, месца для продажу сувеніраў... А таксама адбудаваная аранжарэя - даніна павагі ўладальніку палаца Валенцію Швыкоўскаму, які быў апантаным батанікам і вырошчваў там нават пальмы ды апельсінавыя дрэўцы. Сёння парк ужо не настолькі багаты экзотамі, як у часы Швыкоўскага. Але няма ніякага сумневу ў тым, што даробак гэтага шляхціча спазнаў найлепшы лёс з усіх магчымых. Ды, на жаль, у кожнай сядзібе ўстановы культуры не створыш... "

 

/i/content/pi/cult/283/4532/pic_13.jpgАжыўленне" муроў

Шлях да Ружанаў варты асобнай згадкі ў "дзённіку" велавандроўкі. Вёскі ды жытнія палі паабапал дарогі саступаюць месца лясным гушчарам - добрыя 20 кіламетраў шаша праразае Ружанскую пушчу. Нас няспынна абганялі самазвалы, бетонамяшалкі ды іншыя спецыфічныя віды транспарту. Гэта - прыкметы той вялікай будоўлі, якая папярэднічае наданню былой рэзідэнцыі Сапегаў статуса аграгарадка.

Сам палацавы комплекс здатны сур'ёзна ўразіць кожнага, хто не быў тут які год-два. Яго "візітоўка" - уязная брама - не выглядала гэтак шыкоўна ўжо гадоў мо дзвесце, а на правым флігелі яшчэ а дзевятай вечара працягваліся аздабленчыя работы (яны маюць завяршыцца ўжо да канца месяца). Паралельна з імі, распрацоўваецца і канцэпцыя музейнай экспазіцыі.

Убачанае здзівіла нас яшчэ і таму, што пра ўключэнне гэтага аб'екта ў Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму нам чуць не даводзілася. Пачатак рэстаўрацыі адной з найбольшых турыстычных адметнасцей Беларусі- ініцыятыва, праяўленая "на месцы".

- На сёння там асвоена ўжо больш за два мільярды рублёў, і толькі нязначная частка тых сродкаў была атрымана з абласнога бюджэту,- распавядае Мікалай Кудравец. - Мы шукаем розныя крыніцы фінансавання: гэта і райбюджэт, і ахвяраванні прадпрыемстваў, і крэдыты, і нават сродкі ад правядзення суботнікаў...

Заходні флігель пакуль што кантрастуе са сваім шыкоўным сабратам: ён па-ранейшаму ў руінах. Але, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, праектная дакументацыя ўжо падрыхтавана і праходзіць экспертызу.

- Тое, што вы бачылі ў Ружанах- гэта толькі пачатак рэстаўрацыі, - пракаменціраваў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Леанід Несцярчук. - У планах таксама - аднаўленне знакамітага сапегаўскага тэатра, аркады... Агульны каштарыс складае прыблізна 17,5 млрд. рублёў...

Сам палац Сапегаў пакуль што плануецца толькі закансерваваць: яго рэстаўрацыя патрабуе велізарных сродкаў. Але... Як адзначыў Леанід Несцярчук, у залежнасці ад варункаў, планы могуць і змяніцца. Заяўка аб уключэнні аб'екта ў Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму ўжо пададзена. Ды і палац Пуслоўскіх, які "суседнічае" з Ружанамі ў большасці турмаршрутаў, сёння паспяхова аднаўляецца за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

- Знаходзіць грошы ў межах раёна нам вельмі цяжка, і я баюся, што ажыццявіць задуманае ўласнымі рэсурсамі мы не здолеем, - кажа Мікалай Кудравец. - Тым больш, рэстаўрацыйныя расцэнкі вельмі высокія, і, на жаль, яны не заўсёды адпавядаюць якасці выкананых работ падрадчыка, які ў нас працуе...

Першая музейная экспазіцыя адкрыецца ў палацы задоўга да завяршэння работ. Адпаведна, помнік спадчыны пачне прыносіць і першыя платныя паслугі. Сёння плату за ўваход на яго тэрыторыю браць няма каму.

Зрэшты, хочацца верыць, што банальнымі "білецікамі" справа не абмяжуецца. Дырэктар Ружанскага дома культуры, дэпутат гарсавета і проста патрыёт свайго мястэчка Аляксандр Барысевіч марыць пра той час, калі палац стане сапраўдным культурным цэнтрам Ружанаў. І- выношвае ідэі па "ажыўленні" старых муроў:

- Я даўно перакананы ў тым, што тут павінен праходзіць свой фестываль, з арыгінальнай канцэпцыяй,- кажа ён. - Планавалі ўжо сёлета распачаць гэтую традыцыю, але... пакуль не далі рады. Калі ў Доме культуры ідзе рамонт, я жыву паводле графіка будаўнічых работ...

Фестываль мае грунтоўную культуралагічную ідэю: адкрыць для сучаснай моладзі багацце праваслаўнай культуры песняспеваў. Балазе яшчэ адзін ініцыятар імпрэзы - настаяцель Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр ужо здолеў добра паразумецца з новым пакаленнем ружанцаў і заваяваць сярод яго аўтарытэт. ...

Зразумела, што рэстаўрацыя такога аб'екта, як рэзідэнцыя Сапегаў, можа выклікаць нямала навукова-метадалагічных цяжкасцей. Але Леанід Несцярчук упэўнены, што ўсе яны - вырашальныя. Бо галоўны фактар поспеху ў дадзеным выпадку - навідавоку.

- Душа і сэрца любога такога пачыну - рупнасць мясцовых улад, - безапеляцыйна сцвярджае ён. - На жаль, ёсць кіраўнікі, якія не ведаюць і не ўсведамляюць каштоўнасці сваёй спадчыны. Яны не толькі не праяўляюць уласную ініцыятыву, але нярэдка і паралізуюць тыя захады, што мы робім на абласным узроўні. Таму высакародная пазіцыя старшыні Пружанскага райвыканкама Аляксандра Юркевіча, які не спалохаўся аніякіх цяжкасцей і распачаў вялікую справу, вартая шчырага захаплення і паўсюднага пераймання. І, вядома, нельга не адзначыць тую ўвагу, якую надае ружанскай рэзідэнцыі - ды і раёну ў цэлым - старшыня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч.

 

Даход ад турызму - хіба "на марожанае"...

Непадалёк ад брамы з гербам Сапегаў пабачылі двух хлапчукоў, якія правялі для нас някепскую "экскурсію" і заслужана атрымалі "на марожанае". На жаль, гэта была адзіная праява турінфраструктуры, сустрэтая намі ў Ружанах...

Сябры прасілі нас "разведаць" месцы начлегу ў гэтым мястэчку, маючы цвёрды намер яго наведаць. Але... Як выявілася, адзіны гатэльчык не так даўно быў набыты прыватнікам і цяпер рамантуецца. Ды нават яго з'яўленне наўрад ці кардынальна вырашыць праблему: нават стандартная тургрупа там не змесціцца.

Запытваючы мясцовых жыхароў, ці адчуваюць яны хаця б трохі "сіндром турцэнтра", паўсюдна атрымлівалі адмоўны адказ. Госці аглядаюць палац - і далей едуць сваім шляхам, бо затрымацца ў мястэчку ім пакуль няма дзе - хай сабе проста дзеля добрага абеду. Хаця жаданне, напэўна, узнікла б у многіх. Бо, апрача ўласна палаца, у Ружанах захавалася і мноства іншых адметнасцей, што, у комплексе, і ствараюць тую атмасферу даўніны, у пошуках якой айчынныя турысты зазвычай выпраўляюцца за мяжу.

Як і ў часы Сапегаў, архітэктурнымі дамінантамі ружанскай плошчы з'яўляюцца вежы двух храмаў. Чатырох'ярусная званіца Траецкага касцёла надае абрысам мястэчка стромкую выразнасць. Святыня, якая размяняла ўжо пятае стагоддзе гісторыі, не мае на сваіх мурах яе кідкіх "адмецін"- яна цешыць вока яркай свежай тынкоўкай. Ды і на фасадзе баракальнай Петрапаўлаўскай царквы, што была збудавана ў XVIII стагоддзі, акурат ідуць "касметычныя" работы.

На жаль, яшчэ адзін тыповы для беларускіх мястэчак культавы будынак вока пакуль не радуе. Велічная некалі сінагога ўжо доўгі час стаіць закінутая, з прагнілым дахам, які восьвось, падаецца, абрынецца. Скрозь вялізны прагал у муры відаць рэшткі аздаблення інтэр'ера, адкрытыя для ўсіх стыхій...

Канстанцін Панімаш у нашай гутарцы сам закрануў тэму гэтага помніка спадчыны, адзначыўшы, што знайсці для яго новага ўласніка пакуль не ўдалося, - хаця пэўныя намаганні мясцовыя ўлады ўжо рабілі. Зрэшты, падобная сітуацыя характэрная для многіх узораў гэтага "звышпраблемнага" тыпу культурных каштоўнасцей.

Але ж гэта не нівеліруе значнасць такіх помнікаў для нас, сучаснікаў,- хутчэй, наадварот. Закінутая сінагога - ці не апошні матэрыяльны напамін пра цэлы пласт гісторыі Ружанаў. Калі той напамін знікне, без яго гісторыя мястэчка будзе няпоўнай.

Тым болей, гэты будынак важны і для гісторыі яўрэйскага народа. Калісьці яго наведваў юны Іцка Езярніцкі - будучы ўтрапёны змагар за незалежнасць Ізраіля, а потым і яго Прэм'ер-міністр Іцхак Шамір. Дарэчы, ягоным папярэднікам на гэтай пасадзе быў Менахім Бегін з Брэста, а наступнікам - Шымон Перэс з Вішнева.

Уласна, гэта мы да таго, што ружанская сінагога ў перспектыве можа стаць ключавым аб'ектам паказу спецыфічнага турмаршруту. На айчынным рынку ён пакуль толькі ў планах, а ў нашых суседзяў - даўно працуе. Але перш-наперш гэты помнік спадчыны патрабуе кансервацыі.

Стан капліцы Святога Казіміра, збудаванай адначасова з замкам архітэктарам Янам Бекерам, таксама далёкі ад ідэальнага, але вецер там не гуляе. Каталіцкая парафія не мае рэсурсаў для рэстаўрацыі храма- як не мае і патрэб у ім для правядзення набажэнстваў, аднак парадак там падтрымліваецца.

Мабыць, менавіта ў гэтым зацішным кутку, на старых могілках, куды амаль ніхто з турыстаў не дабіраецца, лепш за ўсё можна адчуць дух і філасофію старадаўняга мястэчка, углядаючыся з высокага схілу на яго краявід. Але ўрэшце наспявае час спусціцца долу. Ружанскія вуліцы не надта радуюць увечары сваёй утульнасцю: там цёмна, ды і яміны трапляюцца. Праблемы ў сферы добраўпарадкавання мястэчка назапашваліся дзесяцігоддзямі. Затое цяпер яны маюць вырашыцца за лічаныя гады.

Пра выгоды, якія можа прынесці ў іх край развіццё турызму, ружанцам распавядаць ужо не трэба. Пасля таго, як непадалёк ад мястэчка адкрыўся ці не самы сучасны на Беларусі дзіцячы санаторый, актуальная для малых гарадоў праблема з працаўладкаваннем была практычна вырашана.

 

Фрэскі на аблупленай тынкоўцы

Ад Ружанаў да наступнага пункта нашай вандроўкі - сядзібы ў Падароску - усяго якая гадзіна язды па добрай шашы. Мы, аднак, трацім утрая болей часу, каб патрапіць у Лыскава, бо тамтэйшая адметнасць - колішні кляштар місіянераў - вартая спальвання дадатковых калорый.

Праўда, відовішча гэта даволі сумнае. Велічны баракальны касцёл сёння ператвараецца ў велічныя руіны. Унутры яго ўжо паспеў вырасці цэлы гай, і нават на самым версе красуюцца бярозкі ды рабіны. Храм стаіць без даху не першае дзесяцігоддзе, але старыя муры ўпарта змагаюцца са згубным уздзеяннем навакольнага асяроддзя. Нейкім дзіўным чынам яны нават захавалі частку фрэсак і шыкоўнай некалі ляпніны. Дый ці доўга яшчэ пратрывае тое хараство?

- Што рабіць з гэтым цудоўным помнікам архітэктуры мы, па шчырасці, не ведаем, - са скрухай канстатаваў Мікалай Кудравец. - Райбюджэт яго рэстаўрацыю не пацягне, а разлічваць на мясцовых каталікоў, на жаль, не выпадае: у вёсцы іх добра калі дзесяць сем'яў. Таму ў бліжэйшай перспектыве плануем хіба закрыць вокны і дзверы: знаходжанне ў такім будынку можа быць небяспечным. Што да перспектывы далёкай... Хочацца верыць, што некалі ў гэтым намоленым месцы адродзіцца кляштар... Побач з вялікай адметнасцю - яшчэ і малая: магіла знанага паэтасентыменталіста Францішка Карпінскага. Яе дагледжанасць красамоўна сведчыць за тое, што пасільную працу па ахове спадчыны мясцовыя ўлады робяць не на словах.

Ад Ружанаў да Лыскава - якіх 20 кіламетраў, але сёння тураўтобусы туды не збочваюць: разбітую гравійку іх кіроўцы не любяць. Але ўжо неўзабаве праблема вырашыцца: літаральна ля муроў касцёла будзе праходзіць аб'язная шаша вакол Белавежскай пушчы. І магчыма, што менавіта ўвага турыстаў стане "рухавіком" аднаўлення храма - як тое ўжо было з іншымі помнікамі спадчыны...

(Заканчэнне будзе.)

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Ілля СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты