Вердыкт куратара, або Як пазбыцца комплексу “непрызнанага генія”?

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

За апошні год інтэнсіўнасць падзей у тым сегменце айчыннай культуры, які многія называюць contemporary art, пабіла ўсе рэкорды ў не вельмі доўгай гісторыі з’явы. Беларусь заявіла пра ўдзел у Венецыянскай біенале, у Мінску прайшлі некалькі буйных фестываляў (прычым — на вельмі паважных пляцоўках), нарэшце адкрылася спецыялізаваная галерэя… Яшчэ адна падзея засталася пакуль незаўважанай у шырокіх колах: беларускім сучасным мастацтвам зацікавіўся куратар міжнароднага калібру.

/i/content/pi/cult/283/4531/pic_8.jpgДырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва ў Вільнюсе Кейстутас Куізінас прыехаў у Мінск зусім не дзеля турыстычнай цікаўнасці. З дапамогай беларускай калегі, дырэктара галерэі Леаніда Шчамялёва Таццяны Бембель, ён рыхтуе выстаўку пад назвай "Дзверы адчыняюцца", якая адкрыецца ў Вільнюсе 19 лістапада.

- Погляд паважнага замежнага куратара на наш айчынны арт-працэс для нас вельмі важны, - адзначыла Таццяна Бембель. - Ён дазволіць убачыць тыя нюансы, якія можа ўгледзець толькі чалавек незаангажыраваны.

Гэтая "ацэнка збоку" цікавая для суайчыннікаў яшчэ і таму, што стаўленне да contemporary art у беларускім культурным асяродку дагэтуль цалкам не сфарміравалася, і сам феномен спараджае не ўзважаны аналіз, а палярныя эмацыйныя выказванні: ад натхнёнага пляскання ў ладкі да злоснага фыркання. Яшчэ адна прыкрая з'ява грамадскай свядомасці - "комплекс непаўнавартаснасці": маўляў, усё беларускае - другаснае ды "непрафесійнае".

- Мы мелі такія самыя праблемы, - кажа Кейстутас Куізінас, - і таму спецыяльна запрашалі замежных куратараў, каб тыя маглі прадэманстраваць свой погляд на літоўскае мастацтва, рыхтавалі яго рэпрэзентатыўныя выстаўкі. Краіна ў нас маленькая, усе ўсіх ведаюць, і погляд звонку вельмі патрэбны.

Зрэшты, ад агульнага і вычарпальнага "дыягназу" беларускага арт-працэсу куратар катэгарычна адмовіўся, адзначыўшы толькі, што ён вельмі зацікавіўся нашым мастацтвам і будзе рады прадставіць яго на сваіх экспазіцыйных плошчах, дзе лічаць за гонар выстаўляцца сапраўдныя карыфеі contemporary art з усяго свету. У той самы час, апошняя "панарамная" выстаўка беларускага мастацтва ў найбліжэйшай ад нас замежнай сталіцы адбылася болей за дваццаць гадоў таму...

- На жаль, мы вельмі мала ведаем нават пра паўсядзённае, побытавае жыццё нашых бліжэйшых суседзяў, - кажа Кейстутас Куізінас. - Тым болей, пра жыццё мастацкае. Час хаця б трохі прачыніць гэтыя "дзверы" даўно прыспеў.

 

Чалавечыя зносіны як мастацкі фактар

На думку літоўскага куратара, многія беларускія мастакі пакуль занадта "сціплыя": яны не ўмеюць маляўніча і абгрунтавана прадстаўляць свае арт-практыкі і той ментальны кантэкст, які іх атачае. Прычым гэта адбываецца зусім не таму, што нашым аўтарам няма чаго сказаць.

- У вас яшчэ пануе гэткае рамантычнае ўяўленне пра творцаў, многія з іх лічаць сябе свайго кшталту "непрызнанымі геніямі", якіх хтосьці павінен знайсці і "раскруціць", - кажа ён. - Хтосьці - але толькі не яны самі! Калі на пачатку 90-х мы адчулі цікавасць да літоўскага мастацтва з боку замежнікаў, я вадзіў куратараў па майстэрнях нашых аўтараў і прасіў тых распавесці пра сваю творчасць. Тады ім было складана нават пару слоў звязаць. Але сёння мастакі ўжо навучыліся распавядаць пра сябе - толькі дай ім такую магчымасць... Звыклая справа - персанальны сайт на розных мовах. Бо ад гэтага ў значнай ступені залежыць поспех. Таму, думаю, праблема "сціпласці" вашых творцаў вырашыцца сама сабою...

У рамках выстаўкі "Дзверы адчыняюцца" запланаваны не толькі традыцыйны вернісаж, але таксама "круглыя сталы" і імпрэза, пад час якой кожны з удзельнікаў праекта (плануецца, што агулам іх будзе каля дваццаці) здолее прэзентаваць сваю творчасць.

Нярэдка прэрагатыву вербальнага тлумачэння мастак свядома перадае куратарам. Але, як сведчаць некаторыя нядаўнія выставачныя праекты, гэтая папулярная сёння на Беларусі арт-функцыя па-ранейшаму не набрыняла адэкватным зместам.

- На маю думку, трэба падзяляць куратараў і Куратараў, - кажа Таццяна Бембель. - Першыя ідуць услед за мастаком і выконваюць выключна арганізацыйныя функцыі, гэта абслугоўваючае звяно. Другія - нібы дырыжоры, якія самі не граюць, але адбіраюць і склад аркестра, і партытуры. Яны прымаюць непасрэдны ўдзел у стварэнні новых работ, а не толькі выстаўляюць тое, што ўжо нарадзілася і без іх.

Паняцце "куратарскі дыктат" на Беларусі пакуль не актуальнае. Зрэшты, па словах Кейстутаса Куізінаса, такі падыход да працы страчвае папулярнасць і за мяжой:

- Новая тэндэнцыя куратарскай працы - не дыктаваць аўтару сваю волю, а шукаць магчымасці для плённага супрацоўніцтва. Я ніколі не кажу мастаку: "Ты мусіш!", - але проста выказваю сваё меркаванне. Паміж намі сама сабою распачынаецца дыскусія, і ў яе выніку часта нараджаюцца новыя цікавыя ідэі. Дарэчы, менавіта гэтак адбываецца і мая праца над беларускай выстаўкай, якой я займаюся тут, у Мінску. Простыя чалавечыя зносіны мастака і куратара - важны рухавік нашай агульнай справы.

Уласна, менавіта куратары ў значнай меры фарміруюць "трэнды" сучаснага мастацтва. Крытэрыі ў гэтай сферы заўсёды будуць справай спрэчнай. Бо часам яны падаюцца настолькі іррацыянальнымі і "валюнтарысцкімі", як, скажам, у сферы моды.

- Ніколі не задумваўся над такім параўнаннем, але лічу, што яно не пазбаўлена рацыі, - прызнаўся Кейстутас Куізінас. - Зрэшты, свой уплыў на фарміраванне крытэрыяў робяць мноства фактараў: прэса, мастацтвазнаўцы, інстытуцыі, дылеры, галерэі... Так, спрэчкі на гэты конт будуць узнікаць заўсёды, бо густы розняцца. Але... За многія гады сваёй працы заўважыў такую акалічнасць: калі збіраецца кола кваліфікаваных экспертаў, якім трэба ацаніць тыя або іншыя мастацкія праекты, у 90% выпадкаў іхнія "вердыкты" супадаюць.

- Што мяне больш за ўсё ўразіла ў дзейнасці Цэнтра, якім кіруе Кейстутас, - дык гэта самі прынцыпы яго функцыянавання, - кажа Таццяна Бембель. - Палітыку ўстановы, яе стратэгію вызначае куратарскі савет, які складаецца з шасці персон, а фінансавыя, арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні- гэта ўжо другаснае. У нас жа слова "куратар" нават у штатных раскладах адсутнічае.

 

Сертыфікат на графітавую пляму

Сцвярджэнне адносна таго, што фінансавым апірышчам для сучаснага мастацтва можа быць рынак, пакуль застаецца амаль бяздоказным у беларускай рэчаіснасці. Зрэшты, абышоўшы тузін-другі галерэй любога еўрапейскага горада, можна лёгка прыйсці да высновы, што амаль усе яны спецыялізуюцца менавіта на традыцыйных відах мастацтва: жывапісе і скульптуры. Яно і зразумела: інсталяцыю на сценку спальні не павесіш.

- Справа ў тым, што калекцыянеры бываюць дзвюх катэгорый, - пярэчыць Кейстутас Куізінас. - Першыя купляюць тое, што ім даспадобы, каб потым размясціць гэтыя работы ў свой інтэр'ер або, скажам, у палісаднік катэджа. А другія ставяцца да справы куды больш прафесійна і кіруюцца не толькі крытэрыем "падабаецца/не падабаецца". Нярэдка яны маюць сваіх дарадцаў з мастацтвазнаўчай адукацыяй, якія адказваюць за фарміраванне іх калекцый.

У такім выпадку інсталяцыі, аб'екты або эксклюзіўныя дыскі з фільмамі чакаюць свайго часу дзесь у прыватных "запасніках", каб потым, пры нагодзе, трапіць у экспазіцыю той або іншай выстаўкі. Побач з імем мастака на шыльдачцы будзе красавацца і імя ўласніка твора. Адным словам - някепскі піар.

- Але для гэтага трэба, каб у людзей бізнесу трохі змянілася свядомасць, каб іхнія культурныя патрэбы эвалюцыянавалі, - працягвае куратар. - У Літве, на шчасце, гэта ўжо адбываецца, хай і не вельмі хуткімі тэмпамі. Прыехаўшы неяк у Люксембург на Міжнародную біенале "Маніфеста", я сустрэў там знаёмага бізнесмена з Літвы. Са здзіўленнем запытаўся: "Слухай, а ты што тут робіш?" І пачуў адказ: "А мне проста цікава!"

У сферы contemporary art калекцыянер плаціць перадусім за саму ідэю, а не за яе матэрыяльнае ўвасабленне, якое можа быць вельмі сціплым або нават наогул адсутнічаць. І, натуральна, - за імя аўтара. Класічны прыклад - "выстаўка пустэчы" Іва Кляйна: "экспанаты" яе разышліся за вельмі прыстойныя грошы, бо кожнаму з няісных твораў спадарожнічаў афіцыйны сертыфікат з аўтографам мэтра. Зрэшты, як выявілася пад час нашай гутаркі, той энцыклапедычны выпадак меў нямала працягаў у сучаснай практыцы.

- У нашым Цэнтры была выстаўка вядомага нямецкага мастака Ульрыха Рукрэма, - распавядае Кейстутас Куізінас. - Ён вымераў сцены экспазіцыйнай залы і зрабіў іх паменшаныя рэплікі ў выглядзе графітавых плям (вядома, па сканчэнні выстаўкі мы мусілі іх зафарбаваць). І калі трапляеш у экспазіцыю, адчуваеш папраўдзе фізіялагічнае ўздзеянне такіх мінімалістычных работ: праз памер, тэкстуру, спалучэнне з прасторай. Гэты праект мяне надзвычай уразіў. Акурат тады ў маім офісе адбываўся рамонт, там былі белыя сцены, і мастак спытаў: "Якую з іх абярэш? Я хачу падарыць табе сваю работу". І вось, сёння ў мяне ёсць падпісаны ім сертыфікат, і я магу прадаць гэты твор за прыстойную суму.

 

Каб была нагода для дыскусій

Акурат напярэдадні прыезду ў Мінск Кейстутас Куізінас атрымаў прыемную навіну: яго куратарскі праект выйграў тэндэр на права прадставіць краіну на чарговай Венецыянскай біенале. Куратарам нацыянальнага павільёна Літвы ён будзе ўжо не ўпершыню, і таму задаць яму асцярожнае пытанне адносна стратэгіі поспеху ўдзелу ў біенале было цалкам дарэчы.

Зрэшты, на яго думку, агульных рэцэптаў тут быць не можа. Хіба што адзіны прынцып: звяртацца да міжнароднай аўдыторыі на зразумелай для яе мове.

- Спробы выставіць на біенале сучаснага мастацтва этнаграфічна-рэтраспекцыйны матэрыял, які ўжо рабілі некаторыя краіны, выклікалі хіба ўсеагульнае неўразуменне, - кажа куратар. - І аргумент аб "нацыянальнай самабытнасці" тут не спрацоўвае. Беларускае мастацтва ў кожным выпадку будзе адрознівацца, скажам, ад ісландскага, яно прасякнута ментальнасцю гэтага народа, але, у той самы час, і адлюстроўвае пэўныя універсальныя тэндэнцыі. Напэўна, менавіта гэта важна прадэманстраваць для ўсяго свету. Увогуле, калі я сустракаюся з калегамі, якія кіруюць цэнтрамі сучаснага мастацтва ў іншых гарадах, і распавядаю ім пра праект беларускай выстаўкі, зазвычай чую ў адказ: "Беларусь! Вельмі цікава! Мы пра яе ўвогуле нічога не ведаем". І таму спадзяюся, што сфарміраваная намі выстаўка атрымае "гастрольны" працяг. Буду прыкладаць для гэтага намаганні.

...У суседніх краінах, дзе contemporary art стала моднай забаўкай "істэблішменту", казаць пра яго кепска - маветон. "Прыстойныя манеры" прадугледжваюць зацікаўленае ківанне галавой пры праглядзе нават тых твораў мастацтва, сам факт прысутнасці якіх у экспазіцыйнай прасторы (а не на бліжэйшым сметніку) выклікае ў цябе здзіўленне.

- Сучаснае мастацтва - гэта значны фактар іміджа краіны, - кажа Кейстутас Куізінас. - Менавіта таму еўрапейскія дзяржавы навыперадкі будуюць вялізныя арт-цэнтры, увасабляючы самыя амбіцыйныя архітэктурныя праекты. Многія людзі могуць увогуле не разбірацца ў сучасным мастацтве, але пры гэтым ствараць уражанне яго ўтрапёных аматараў. Наўрад ці ў сучасным свеце хтосьці будзе выказваць сумневы ў тым, што такое мастацтва патрэбна. ...

Зрэшты, пэўную прастору для сумневаў, усё ж, напэўна, варта пакінуць. Бо гэта - акурат тая ментальная фактура, з якой, у значнай меры, і складаецца contemporary art. Многія яго ўзоры цікавыя перадусім як нагода для дыскусій.

На здымку: Кейстутас Куізінас і Таццяна Бембель.

 Фота аўтара