Сяргей КАЦЬЕР, кінакрытык, журналіст: “Найперш — пра сваё!”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

— Самай відавочнай з’яўляецца праблема персанальнай адказнасці за вынікі працы. Прадзюсера, які нясе асабістую адказнасць за мастацкую якасць і эканамічную эфектыўнасць кінапраектаў, у нас дасюль няма. Другой па значнасці лічу праблему недахопу якасных сцэнарыяў. Аўтары не апісваюць рэальнае жыццё, і пакуль гэтае становішча не зменіцца, беларускі глядач будзе аддаваць перавагу галівудскім стужкам, у якіх заўсёды існуюць яркія персанажы і вострыя канфлікты.

 

Што да дэфіцыту творчых кадраў, то, на мой погляд, з патэнцыйнымі аўтарамі павінна весціся паўнавартасная "селекцыйная" праца. Разумець гледача можа чалавек толькі з вельмі развітай інтуіцыяй, якая, напрыклад, была ў Міхаіла Пташука. Вось менавіта такіх рэжысёраў і трэба "гадаваць" на студыі. І апошняе, але, бадай, галоўнае. Нашым сродкам масавай інфармацыі, найперш - тэлебачанню, трэба як мага больш прапагандаваць айчыннае кіно, надаваць сваёй працы ў гэтым накірунку сістэмны характар, а не ствараць, фактычна, рэкламу замежным кінавытворцам, што мы можам назіраць у пэўных тэлепраграмах на тэму кіно.