“Калі “прарастае” якасць?..”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Антаніна КАРПІЛАВА, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

- У першую чаргу не задавальняе мастацкі ўзровень сучасных фільмаў. Пад гэтым я разумею адсутнасць або няпэўнасць ідэі, канцэпцыі, якая залежыць ад аўтараў карціны. Далей, мастацкасць патрэбна і візуальнай, і гукавой, і акцёрскай часткам стужкі. Калі на экране - нецікавая, аднастайная гераіня апынаецца ў банальных сітуацыях або персанажы "выдаюць" пошлыя жарты на ўзроўні самадзейнага "капусніку", гэта проста безгустоўнасць. Між тым, мастацкія якасці кінафільмаў так ці інакш прывабяць і масавую, і прафесійную аўдыторыю.

Спосабы вырашэння праблем старыя, як свет. Патрэбны таленавітыя людзі, якія прапануюць цікавыя праекты, добрыя сцэнарыі, сваё бачанне рэчаіснасці. Да таго ж, неабходна валоданне прафесіяй, рамяством, чаго цяпер востра не стае нашаму экрану. Чаму мы, беларускія кіназнаўцы, так цёпла прынялі фільм Аляксандра Колбышава "Ваўкі"? Ды таму, што ён зроблены прафесійнай і неабыякавай рукой. Адзначу таксама і складанае пытанне сучаснага культурнага кантэксту: менавіта ў ім нараджаецца і "прарастае" творчая асоба. Вось гэты момант, на мой погляд, - найбольш важны.