Аляксандр КАНАНОВІЧ, кінарэжысёр: “Прабел? Але і шанц…”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

— Схема вытворчасці мастацкага кіно ў Беларусі, на маю думку, усё ж мае шмат пераваг. Я так разумею, што зараз мы з вамі гаворым пра мадэль кінавытворчасці, якая існуе на “Беларусьфільме”. Пад час працы над маёй апошняй карцінай “Дасціш фантасціш” мне даводзілася пераадольваць пэўныя перашкоды. Так, пытанні вытворчага характару ўзнікалі, ды ўсё ж гэта былі не тыя праблемы, якія немагчыма вырашыць. З іншага боку, я як рэжысёр адчуваў сябе вельмі камфортна ў творчым плане: фактычна ніхто не ўмешваўся ў маю працу. Нават мастацкі савет рабіў заўвагі ветліва і карэктна, таму ў мяне няма нараканняў і на гэтае, унікальнае для іншых студый, звяно кіналанцужка. Урэшце, мастацкі савет існуе якраз для таго, каб зрабіць кіно лепшым.

 

Вялікім плюсам кінастудыі я лічу адсутнасць прадзюсерскага дыктату, які існуе на іншых базах, напрыклад, у Расіі, Украіне і г.д. Гэты, здавалася б, прабел, дае шанц для з'яўлення беларускага аўтарскага кіно. Безумоўна, пэўныя жанры без вялікіх фінансавых уліванняў пакуль застануцца для нас недасягальнымі - той жа блокбастэр, - але ж фільмы камернага характару, інтэлектуальнае кіно не патрабуе вялікіх сродкаў. Таму, я лічу, пакуль на студыі змяняць нічога не трэба: работы маіх калег толькі пацвярджаюць думку, што яшчэ некалькі крокаў, некалькі намаганняў - і мы ўбачым сваё добрае аўтарскае кіно.