Наша кіно: прэстыж - гэта...

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Якія фільмы айчыннай вытворчасці глядзяць беларусы, стужкі якіх жанраў хацелася б ім бачыць на экранах кінатэатраў і як узняць прэстыж нашага кінематографа - з гэтымі пытаннямі выйшлі карэспандэнты "К" на вуліцы беларускай сталіцы.

 

Усяго намі было апытана пяцьдзесят чалавек ва ўзросце ад 20 да 70 гадоў. Прычым прадстаўнікі больш сталага пакалення прызнаваліся, што даўно, з розных прычын, не наведвалі кінатэатр, таму прыгадвалі, звычайна, "Белыя Росы" і "Прыгоды Бураціна" - карціны, створаныя яшчэ за савецкім часам. Некаторыя таксама ўспаміналі "Анастасію Слуцкую" і "У жніўні 44-га", ды і то таму, што змаглі пабачыць гэтыя стужкі па тэлебачанні.

Апытаныя маладзейшага веку аказаліся куды больш абазнанымі ў дасягненнях айчыннага кінематографа: акрамя ўжо згаданых карцін, былі названы таксама "Франц і Паліна", "Дняпроўскі рубеж", "Дасціш фантасціш", "Інсайт"... У лічбах на першым месцы па згадках - "У жніўні 44-га" (17 рэспандэнтаў). Вынік - заканамерны, калі ўлічыць, што фільм з ахвотай дэманструюць як айчынныя, так і расійскія каналы, асабліва- у святочныя дні, калі ўшаноўваем Подзвіг салдат Вялікай Айчыннай вайны. На другім месцы - "Белыя Росы" (14 апытаных), на трэцім- "Прыгоды Бураціна" (13 чалавек).

Аднак трэба адзначыць, што прыкладна 10 рэспандэнтаў не змаглі назваць ніводнага фільма айчыннай вытворчасці. Хаця тыя ж "Белыя Росы" або "У жніўні 44-га" глядзелі, падаецца, усе... Магчыма, людзі проста не ведалі, што гэтыя цудоўныя фільмы створаны айчыннымі рэжысёрамі...

Што да другога пытання (Якіх тэм, сюжэтаў, жанраў не стае беларускаму кінематографу?), дык, напрыклад, 70-гадовай Еўдакіі Фёдараўне хацелася б больш бачыць фільмаў пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, стужкі, якія арыентавалі б маладое пакаленне, як дзейнічаць у розных жыццёвых сітуацыях. З гэтай думкай былі згодны, дарэчы, і людзі сярэдняга ўзросту, і маладыя. Так, 39-гадовы Віталь рэзюмаваў: "Баевікоў і ўсякіх "стралялак" цяпер зашмат. Хацелася б пабачыць сучасны фільм, які прымусіць задумацца пасля прагляду".

Цікавы факт: пра засілле баевікоў казалі не толькі людзі старэйшага пакалення, але і моладзь. "Хацелася б больш маладзёжных і сучасных сюжэтаў,- кажа 21-гадовая Настасся, - маладзёжных серыялаў, кшталту расійскіх "Студэнтаў".

Даволі значная частка рэспандэнтаў шкадавала аб нястачы фільмаў на гістарычную тэматыку, асабліва- звязаную з Сярэднявеччам. Таму, падаецца, поспех "Анастасіі Слуцкай" - не выпадковы, а цалкам заканамерны: глядач марыць аб добрым гістарычным кіно. І тут з экранізацыяй раманаў таго ж Уладзіміра Караткевіча ды іншых пісьменнікаў, пра што таксама згадвалі некаторыя з апытаных, у будучых беларускіх рэжысёраў і сцэнарыстаў сапраўды, як бачна, добрыя перспектывы.

Не надта здзівіла і арыентацыя моладзі на расійскі кінематограф:: фільмы краіны-суседкі прадстаўлены як у беларускім кінапракаце, так і на тэлебачанні вельмі шырока. Таму маладыя людзі казалі пра ўзровень беларускага кінематографа, параўноўваючы яго з расійскім: "У Расіі навучыліся здымаць, - кажа 26-гадовы Ігар, - і цяпер у яе нават заходнія кінакампаніі нешта пераймаюць. Нам бы ў Беларусі дасягнуць падобнага ўзроўню - вось, як мне падаецца, рэальная задача айчыннага кіно на сёння".

І апошняе наша пытанне датычылася шляхоў працы на прэстыж беларускага кінематографа для шырокай аўдыторыі. Прапаноўваліся розныя варыянты: паказваць на тэлебачанні 75 працэнтаў беларускіх фільмаў, як і ў радыёэфіры, пераймаць ад іншых краін ужо "раскручаныя" ідэі і здымаць падобнае сваё, больш увагі надаваць гістарычнаму і прыгодніцкаму жанрам, наладзіць вытворчасць дзіцячага кіно, якога так не стае на экране, і займець такім чынам сваю нішу ў сусветным кінематографе...

Але большасць рэспандэнтаў сышлася на думцы, што неабходна даваць магчымасць эксперыментаваць маладым, бо толькі яны могуць выказаць арыгінальнае і адметнае бачанне навакольнага свету ў беларускім кінематографе.

"Трэба заахвочваць рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў праз пошук паступова выяўляць сваё, асабістае, у здымачным працэсе, - кажа 27-гадовая Таццяна. - Толькі так, на маю думку, мы зможам прыўнесці штосьці адметнае ў сусветнае кінамастацтва, не капіруючы тое, што ўжо было створана ў Расіі і на Захадзе".

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"