Беларускаму кіно неабходна вярнуць творчы аўтарытэт

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Кінагаліна — іміджавы складнік культуры краіны, што пастаянна падмацоўваецца эканамічнымі ўліваннямі. Таму і развіццё яго заўжды — пад пільнай увагай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Неаднойчы Кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу на развіццё кіно, узнімаў вострыя праблемы, наведваючы аб’екты кінаіндустрыі. Вынікам станавіліся даручэнні Прэзідэнта. Тэрмін выканання многіх з іх завяршаецца бліжэйшым часам, а выніковасць падлягае ўсебаковаму аналізу.

Стаць канкурэнтаздольным

 

Кіно беларусы любяць і глядзяць шмат: ад "сіткамаў" па тэлебачанні да 3D-блокбастэраў у адпаведна прыстасаваных кінатэатрах. На жаль, доля айчынных стужак у гэтым аб'ёме - пакуль зусім нязначная. Нашы кінавытворцы, галоўным з якіх застаецца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", пакуль не ў стане выпускаць вялікую колькасць экраннай прадукцыі. А з таго, што выходзіць на экраны... Часам мастацкі і тэхнічны ўзровень асобных айчынных стужак пакідае жадаць лепшага. Тое ж тычыцца і касавых збораў. Словам, тэма папулярнасці беларускага кіно і стаўлення публікі да прадукцыі з маркай "Беларусьфільм" застаецца актуальнай.

Праблем у нашага кіно - процьма: як арганізацыйных, так і выключна творчых. "Культура" неаднойчы закранала шэраг з іх у рознага роду публікацыях. І, разам з тым, паказальна, што ніводная з праблем нашага кіно не з'яўляецца арыгінальнай у сусветным кантэксце або невырашальнай: з падобнымі сутыкаюцца кінематаграфісты ў іншых краінах. Вопыт суседзяў, у тым ліку бліжэйшых, сведчыць: кіно можа быць цікавым і прыбытковым, бо людзі заўсёды з задавальненнем глядзяць сваё, зразумела, калі яно - добрай якасці. Пытанне ў наступным: якім чынам арганізаваць кінапрацэс, як з дапамогай наяўных рэсурсаў дасягнуць лепшых вынікаў? Карэспандэнты нашага выдання вырашылі паразважаць на тэму сучаснага стану нацыянальнага кінамастацтва, а таксама правесці апытанне тых, ад каго гэты стан залежыць, і тых, хто непасрэдна "спажывае" экранную прадукцыю,- гледачоў. У аналітычным матэрыяле, з якога пачынаецца тэматычная падборка, мы спецыяльна не закраналі спецыфічныя тэмы дакументальнага і анімацыйнага кіно. Збольшага, для гэтых відаў мастацтва характэрны тыя самыя праблемы, што тычацца кіно ігравога. Апошняе ж вымагае асаблівай увагі.

 

Працэс пайшоў?

Яшчэ некалькі гадоў таму знаходзіліся тыя, хто наважваўся ставіць крыж на айчынным кінамастацтве. Ігравых стужак на "Беларусьфільме" выпускалася так мала, што нават паўставала пытанне аб мэтазгоднасці існавання студыі, пабудаванай некалі ў разліку на зусім іншыя аб'ёмы. Сёння кожны наведвальнік будынка па праспекце Незалежнасці трапляе ў вірлівую атмасферу "ачуняўшай" кінафабрыкі: здымкі ідуць бесперапынна, усе тры павільёны заняты дэкарацыямі для сваіх, беларускіх стужак. Між тым, радавацца не выпадае.

Калі гаворка заходзіць пра беларускае кіно, дык часцяком даводзіцца чуць: "Кіно ў нас - ёсць, стужкі выпускаюць рэгулярна, а вось з кінапрацэсам як з цэласнай з'явай - вялікія пытанні. Не існуе добра наладжанай сістэмы, якая ўключае ў сябе ўсе складнікі кінематаграфічнага "ланцужка", таму якасныя, цікавыя гледачу фільмы з'яўляюцца час ад часу". Тыя, хто прытрымліваецца падобнага меркавання, маюць рацыю: часцяком тое добрае, што ўдаецца ствараць беларускім кінавытворцам, "губляецца" на шляху да гледача, патэнцыял, у першую чаргу - кадравы, не выкарыстоўваецца на поўную моц, а відавочныя пралікі не ўлічваюцца наступнікамі. Таму наракаць проста на асобныя праблемы не даводзіцца: патрэбен комплексны падыход.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба: дастаткова згадаць мастацкія кінастужкі "Беларусьфільма", што выйшлі ў пракат апошнім часам, зробленыя студыяй самастойна, без удзелу іншых арганізацый: "Дняпроўскі рубеж", "Інсайт", "Дасціш фантасціш". Рэклама і ўвага да іх з боку прэсы былі адпаведныя сціпламу памеру рэкламнага бюджэту, кінапаказы арганізавалі ва ўсіх рэгіёнах краіны, на нацыянальных тэлеканалах, аднак ні прыбытку, ні пераважна станоўчых водгукаў з боку гледачоў студыя і аўтары не атрымалі. Мастацкі ўзровень гэтых карцін далёка не аднолькавы, аднак вынік адзін і той жа: глядач стужкі практычна "не заўважыў", а калі "заўважыў", дык вельмі хутка пра іх забыў. Між тым, фільмы здымалі, у іх былі задзейнічаны таленавітыя, не выпадковыя ў прафесіі людзі, а на вытворчасць затрацілі немалыя дзяржаўныя грошы.

Зразумела, акупіць стужку коштам у некалькі мільярдаў у нашых умовах практычна немагчыма: паўтары сотні кінатэатраў не ў стане прынесці значны прыбытак - нават пры ўмове адначасовага паказу карціны ў іх,-а грошы за дэманстрацыю на айчынных тэлеканалах кінастудыя атрымлівае невялікія (каля пятнаццаці тысяч рублёў за хвіліну, што амаль у тысячу разоў менш, чым на расійскіх тэлеканалах). У выніку рэнтабельнасць беларускіх кінастужак складае дзесятыя долі працэнта.

Павысіць эканамічную эфектыўнасць Нацыянальнай кінастудыі дапамагаюць сумесныя праекты, пераважна - з замежнымі кампаніямі. Шматсерыйныя тэлевізійныя стужкі кшталту "У чэрвені 41-га" і "Снайпер. Зброя помсты", знятыя ў супрацы з расійскімі кампаніямі, у фінансавым плане аказаліся паспяховымі. Інакш і быць не магло: нават адзін паказ па цэнтральным расійскім тэлеканале гарантуе вяртанне 60 - 70% затрачаных на вытворчасць сродкаў карціны такога кшталту. Нездарма падобных праектаў на "Беларусьфільме" становіцца ўсё больш. Толькі сёлета пабачыў свет васьмісерыйны "Замах", поўнай хадой ідуць здымкі наступнай стужкі Аляксандра Яфрэмава - "Немец". Сумесным з'яўляецца і галоўны праект "Беларусьфільма" ў гэтым годзе - "Брэсцкая крэпасць", які, не выключана, займее тэлевізійную версію.

Трэба адзначыць, замежныя прадзюсеры і рэжысёры высока ацэньваюць прафесіяналізм айчынных спецыялістаў. Нездарма яны шырока выкарыстоўваюць тэхнічныя і кадравыя магчымасці нашага кіно: за апошнія два з паловай гады толькі расійскімі кінакампаніямі на базе "Беларусьфільма" створана больш за 50 стужак, у тым ліку такія, як "Стомленыя сонцам-2", "Каменская-5", "Ярмолавы", "Знахар", "Вольф Месінг" ды шэраг іншых гучных праектаў, якія знаходзяць вялікі попыт, у тым ліку, у нашага гледача.

З уласна беларускага найбольшы аптымізм выклікаюць работы асобных дакументалістаў і аніматараў, але спецыфіка іх працы ў тым, што маштабы вытворчасці дакументальных і анімацыйных стужак у разы саступаюць адпаведным маштабам ігравога кіно. Таму для масавай публікі іх высілкі часцей за ўсё застаюцца незаўважанымі, нягледзячы на вялікую павагу ў свеце.

Такім чынам, атрымліваецца крыху дзіўная карціна: пад кіраўніцтвам замежных прадзюсераў беларусы працуюць вельмі добра, а калі задзейнічаны ў здымках "на сябе", як у выніку вышэйзгаданых прэм'ер Нацыянальнай студыі, дык адразу ж губляюць творчы імпэт. Зразумела, тое тычыцца далёка не ўсіх: аўтарскі падыход да працы Аляксандра Колбышава і Андрэя Кудзіненкі аказаўся збольшага апраўданы, але прэм'еры іхніх стужак яшчэ наперадзе, таму даводзіцца весці размову пра тое, што ёсць на дадзены момант.

 

Кінапрагматыка

Дык чаму ж беларускія стужкі пакуль неканкурэнтаздольныя нават на сваім рынку? Доўгі час гэта можна было растлумачыць нізкім узроўнем тэхнічнага забеспячэння. Сапраўды, маштабнае пераўзбраенне на "Беларусьфільме" пачалося некалькі гадоў таму. На дадзены момант на Нацыянальнай студыі можна выконваць усе віды неабходных работ, што патрабуюцца для паўнавартаснай кінавытворчасці. Узвядзенне новага будынка сапраўды прыпынілася, але дзеючыя павільёны дазваляюць здымаць якасна. Разлічаныя на працу са звыклай кінаплёнкай і новыя лічбавыя камеры, лабараторыі апрацоўкі, мантажныя, тон-студыя таксама не надта адрозніваюцца ад аналагічнага абсталявання на самых знакамітых кінакомплексах свету. Дык, можа, справа - у спецыялістах, якія гэтае абсталяванне абслугоўваюць? Але, як мы ведаем, колькасць ахвотных скарыстацца паслугамі студыі не дазваляе наракаць на яе працу. Больш за тое: на "Беларусьфільме" ёсць прафесіяналы сусветнага ўзроўню. Яркі факт: замежны спецыяліст па аб'ёмным гуку, які нядаўна знаходзіўся на студыі, ацаніў работу аднаго з нашых гукарэжысёраў як адну з лепшых у сваёй галіне за апошні час. Зразумела, такіх прафесіяналаў няшмат: каб падрыхтаваць кожнага з іх, патрабуюцца гады. Спецыфіка кінематаграфічнай вытворчасці вымагае вузкіх спецыялістаў, навучыць якіх канвеерным метадам практычна немагчыма. Кіраўніцтва студыі бачыць выйсце ў запрашэнні замежных прафесіяналаў, побач з якімі нашы работнікі могуць значна павысіць узровень майстэрства. А ўтрымаць гэтых профі на студыі можна толькі цікавай працай і высокай заработнай платай. Апошняя цалкам залежыць ад эканамічных фактараў, у тым ліку ад эфектыўнага кіравання і ўзроўню інвестыцый.

У свой час "Беларусьфільм", дзякуючы Кіраўніку дзяржавы, не прыватызавалі, што, безумоўна, прывяло б студыю ў непрацоўны стан, як тое адбылося са шматлікімі аналагічнымі прадпрыемствамі ў сумежных з Беларуссю краінах. Аднак відавочна, што сама сістэма кіравання на студыі засталася амаль нязменнай з часоў планавай эканомікі. Новыя рынкавыя ўмовы дыктуюць іншыя падыходы: больш мабільная структура творчых падраздзяленняў, якія падпарадкоўваюцца агульнаму цэнтру, будзе куды больш эфектыўнай. Запатрабаванай можа стацца і правераная з часоў Дзяржкіно сістэма. У адпаведнасці з ёй вытворчасць і пракат былі б аб'яднаны ў адзіную сістэму, бо дасюль беларускія вытворцы і пракатчыкі працуюць паасобку, а іх інтарэсы часцяком не супадаюць. Таму сітуацыя, калі рэжысёр не ведае, чым цікавіцца яго патэнцыйны глядач, у нашым кіно не рэдкасць.

Нарэшце, у беларускае кіно павінны прыходзіць прыватныя інвестыцыі - зразумела, пад пільным дзяржаўным кантролем. Але, каб бізнес быў зацікаўлены ва ўкладанні грошай у мастацтва, трэба стварыць адпаведныя ўмовы, у першую чаргу - юрыдычныя. Відавочна, што падатковыя льготы на кінавытворчасць маглі б дапамагаць "Беларусьфільму" лягчэй знаходзіць запатрабаваныя сродкі.

Юрыдычных цяжкасцей хапае і ў іншых кірунках: ад праблем з высакаякасным літаратурным матэрыялам для сцэнарыяў - з-за абмежавання памераў выплат аўтарскіх узнагароджанняў - да фарміравання коштаў на работы і паслугі. Для заказчыкаў - рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь яны ніжэйшыя, таму замежныя кампаніі маюць добрую магчымасць зарабіць "на паветры", працуючы з "Беларусьфільмам" праз айчынную кампанію. Спецыфіка кінавытворчасці не заўжды стасуецца з нормамі працоўнага заканадаўства (Гаворка - пра абмежаванні працоўнага часу: скажам, на прыватных праектах здымачная змена летам доўжыцца 12 - 14 гадзін, таму спецыялісты студыі і імкнуцца працаваць "на баку", зарабляючы такім чынам большыя грошы.).

Спецыялісты ўпэўнены: калі правільна размеркаваць высілкі і стварыць адпаведную прававую базу, можна не толькі здымаць стужкі пад "чужым кіраўніцтвам" і на патрэбу замежнага рынку, але і самім збіраць поўныя залы. Зразумела, цалкам выціснуць галівудскую прадукцыю з кінатэатраў і тэлеэкранаў сёння не пад сілу ніводнай краіне свету. Зрэшты, задача толькі абараніць свой рынак будзе недастатковай: у сучасных умовах трэба займаць сваё месца ў сусветнай кінаіндустрыі. Тады і ўзровень айчынных стужак узнімецца да сусветнага. Прыкладам можа стаць Румынія, якая спачатку здолела зацікавіць умовамі здымак найбуйнейшыя кінакампаніі свету, а потым стварыла сенсацыю стужкамі сваіх маладых рэжысёраў на самых прэстыжных кінафестывалях. Што да міжнароднай кааперацыі, то тут патэнцыял у выглядзе прафесійных кадраў і геаграфічнага становішча ў "Беларусьфільма" - вялікі. Нездарма прапаноў ад замежных прадзюсераў у нашых кінематаграфістаў з кожным годам становіцца ўсё болей.

 

Урок на будучыню

Кадры, якія, як вядома, вырашаюць у кіно амаль усё, - месца для нашай індустрыі пакуль вельмі балючае. Незалежная Беларусь паступова будуе сваю сістэму падрыхтоўкі кадраў для кінавідэасферы, сутыкаючыся пры гэтым з заканамернымі цяжкасцямі: недахопам педагагічных кадраў, абсталявання, а галоўнае - адпаведнага вопыту. У маі гэтага года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў нарэшце адкрыты Факультэт экранных мастацтваў, у склад якога ўвайшлі чатыры профільныя кафедры. Цягам уступнай кампаніі на яго паступілі 85 чалавек (36- на бюджэтную і 49 - на платную формы навучання). Разам з залічанымі, сёння тут -амаль тры з паловай сотні студэнтаў на дзённай і завочнай форме навучання будучых рэжысёраў, прадзюсераў, аператараў, кіназнаўцаў.

І попыт на атрыманне такіх прафесій - ёсць. Калі агульны конкурс па Акадэміі мастацтваў склаў 4,4 чалавека на месца, дык сярэдняя колькасць па ФЭМу - 3,9. На некаторыя ж спецыяльнасці (скажам, "Рэжысура кіно і тэлебачання" па спецыялізацыі "Мастацкі фільм") даходзіў да 4,8 чалавека на месца. І ўсё ж... Пакуль магчымасці новага падраздзялення Акадэміі выглядаюць вельмі сціплымі, улічваючы абавязковае насычэнне вучэбнага працэсу сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Вядома, яе ўмацаванне патрабуе значных і мэтанакіраваных фінансавых укладанняў. І да гэтай тэмы "К" абавязкова вернецца ў бліжэйшы час.

Сёння беларусы могуць спасцігаць кінамастацкую прафесію дома, а не ехаць за мяжу, дзе многія з іх і застаюцца. Жаданне "вучыцца кіно", паўтаруся, у нашых землякоў ёсць: нашы грамадзяне з'яўляюцца студэнтамі самых прэстыжных кінашкол свету, у тым ліку парыжскай La Femis, пражскай FAMU, Кінашколы ў Лодзі. Толькі на розныя факультэта ВГИКа ў гэтым годзе паступіла 9 беларусаў. Прычым, як зазначылі ў прыёмнай камісіі апошняй ВНУ, гэта найбольшы паказчык сярод краін былога Савецкага Саюза.

Адкрыццё адмысловага факультэта дадае каліва пэўнага аптымізму, бо беларускай кінематаграфічнай культуры відавочна не стае сістэмнага характару, майстроў ва ўсіх накірунках кінамастацтва, якія будуць перадаваць свае веды наступнаму пакаленню. Праблема з-за "выпаўшага пакалення" дзевяностых, якое амаль цалкам сышло ў іншыя сферы дзейнасці, яшчэ доўга будзе аказваць негатыўны ўплыў на сферу кіно на Беларусі. Творчыя хібы, што навідавоку ў кожнай беларускай стужцы, выкліканы, у тым ліку, і гэтымі абставінамі. Таму беларуская кінадумка, сістэма мастацкіх і ідэалагічных каардынат у нашым кінамастацтве пакуль знаходзяцца на стадыі фарміравання. Відавочна, спасылкі на міфалогію класічнага савецкага кіно, што мы назіралі апошнім часам, сябе больш не спраўджваюць. Новаму пакаленню грамадзян незалежнай Беларусі патрэбна новае кіно. Магчымасці для яго стварэння ў нас ёсць, трэба толькі правільна імі карыстацца.

Антон СІДАРЭНКА