Зорка Венера Сяргея Заранкі

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Ураджэнец мястэчка Ляды Бабінавіцкага павета Магілёўскай губерні (сёння — Дубровенскі раён Віцебшчыны), які зрабіў славу жанру партрэта ў ХІХ стагоддзі… Гаворка — пра мастака Сяргея Заранку. Калі ў мінулы раз распавёў пра станаўленне творцы, легенду аб паходжанні прозвішча майстра пэндзля, дык сёння засяроджуся на сталым перыядзе жыцця нашага земляка.

/i/content/pi/cult/283/4521/pic_5.jpg...А вось яшчэ адзін выдатны партрэт: 22-гадовай князёўны Лізаветы Абамелек-Лазаравай. Калісьці яна жыла ў доме ў маскоўскім Армянскім завулку, 7 (памерла ў 1904 г.). Ейны сын Сямён Сямёнавіч пайшоў з жыцця напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі, і з яго смерцю старажытны род Абамелекаў знік. Затое ў Італіі, у цэнтры Рыма, побач з Ватыканам, захавалася "віла Абамелекаў". Цяпер тут знаходзіцца рэзідэнцыя расійскага пасла ў Італіі. Вось такая нітачка цягнецца ад гэтай жанчыны, якую ў 1854 г. увасобіў пэндзаль Сяргея Заранкі.

І, канешне ж, найлепшым творам мастака як эталона партрэтнага жывапісу ХІХ стагоддзя з'яўляецца "Партрэт мастака Фёдара Пятровіча Талстога, віцэ-прэзідэнта Акадэміі мастацтваў". Існуюць некалькі аўтарскіх версій гэтага партрэта: дзве - у Рускім музеі ў Пецярбургу, адна - у нашым Нацыянальным мастацкім. Усе яны мала чым адрозніваюцца (толькі ў колеравых адценнях), але аўтар, відаць, уклаў у гэты вобраз шмат сіл і натхнення.

А вось рэцэнзент таго часу так адгукнуўся аб гэтай рабоце ў аглядзе выстаўкі 1850 г.: "Гэта не жывапіс, а- натура, ажыўленыя і адушаўлёныя адлюстраванні... У вачах - жывая вільгаць, выпукласць: гэтыя вочы глядзяць... Рука нібыта аддзялілася ад палатна... Адданасць натуры даведзена да такой ступені, што вы мімаволі забываеце карціну - бачыце перад сабою жывога чалавека..." Так, у жанры партрэта Заранка дасягнуў такой вядомасці, якую адчуў, мабыць, толькі яго сучаснік Карл Брулоў. Атрымліваючы шматлікія заказы, Заранка стварыў вялікую партрэтную галерэю эліты расійскага грамадства перыяду пачатку кардынальных рэформ. Мяркуйце самі: на яго віртуозна зробленых партрэтах прадстаўлены палітычныя дзеячы і чыноўнікі, міністры і генералы, арыстакраты і адукаваныя купцы, вялікасвецкія дамы і багатыя купчыхі, дзеячы мастацтва і мецэнаты, вучоныя і вандроўнікі, інжынеры і прамыслоўцы 1850-х - 1860-х гг. Я ўжо не кажу пра незлічоныя партрэты вялікіх князёў імператарскай сям'і і самога цара Аляксандра ІІ, што былі створаны для Раманаўскай партрэтнай галерэі Эрмітажа ды пакояў шматлікіх сваякоў імператара.

Як бачна з пераліку персанажаў работ, Заранка да адлюстравання простых людзей "не апускаўся". Відаць, цяжкае дзяцінства сына прыгоннага селяніна, памяць аб пастаянных матэрыяльных нястачах на ўсё жыццё адахвоцілі мастака маляваць тых жа "простолюдинов", з асяроддзя якіх ён выйшаў сам. Такое бывала ў біяграфіях мастакоў...

 У апошні перыяд жыцця Заранка часта рабіў партрэты і па фатаграфічных картачках, не звяртаючыся да натуры, і часам, пад цяжарам неймавернай колькасці заказаў, стаў паўтараць свае ж, раней знойдзеныя, творчыя прыёмы і загладжваць да глянцу жывапісную паверхню палатна. І ўчарашнія захопленыя водгукі крытыкі змяніліся або поўным маўчаннем, або рэзкім незадавальненнем жывапісам мастака. Раптам загаварылі, маўляў, "...перспектыўны жывапісец застаўся ў партрэце, і, мабыць, менавіта гэтаму свайму боку, гэтаму перспектыўнаму адлюстраванню галоў, гэтаму мікраскапічнаму вычэрчванню твараў, гэтай мундзірнасці і бестыпічнасці іх зарабіў Заранка ў 1850-я гады сваю вядомасць". У гэтым тагачасная крытыка ў нейкай ступені мела рацыю. Але...

Заранка напісаў больш за сотню партрэтаў, і гал/i/content/pi/cult/283/4521/pic_6.jpgоўны недахоп некаторых з іх заключаецца ў тым, што тут больш падабенства вонкавага ў вобразе мадэлі, чым унутранага, псіхалагічнага, душэўна-эмацыянальнага, у адрозненне, скажам, ад партрэтаў больш позняга часу: пэндзля І.Крамскога, І.Рэпіна, В.Пярова. Чаму так? Магчыма, гэта тлумачыцца акалічнасцямі жыцця Сяргея Канстанцінавіча, яго вечнай незабяспечанасцю, ягоным страхам аднойчы аказацца ў галечы. Пры такіх умовах чалавек не можа аддавацца тонкасцям псіхалагічнага аналізу, корпанню ў глыбіні чалавечай душы. Але затое моц пластычнай "лепкі", дзіўнае падабенства, дбайная, руплівая распрацоўка найдрабнейшых дэталей, цудоўная перадача асвятлення ўражваюць у партрэтах пэндзля Заранкі і сёння.

Аднак, з'яўляючыся выдатным майстрам, прызнаным главой новага канкрэтна-натурнага кірунку ў партрэтным жывапісе, Заранка так і не займеў права выкладаць у Акадэміі мастацтваў. Таму ў студзені 1856 г. ён быў вымушаны пагадзіцца прыняць пасаду інспектара і старшага прафесара ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў да канца жыцця, чым і змог прынесці вялікую карысць рускаму выяўленчаму мастацтву. Сярод яго вучняў - такія бліскучыя творцы, як В.Пяроў, Л.Саламаткін, У.Макоўскі, І.Пранішнікаў, В.Шэрвуд, В.Пукіраў, М.Неўраў, нашы землякі М.Андрыёлі, Ф.Хадаровіч, В.Сляндзінскі...

Як педагог ён сапраўды пакінуў пра сябе добрыя ўспаміны, бо заўсёды быў заняты клопатам пра творчую моладзь, якая з'язджалася ў Маскву з розных куткоў імперыі і не мела за душой ні капейчыны. Заранка хадайнічаў аб прысуджэнні стыпендый, аб вызваленні студэнтаў ад воінскай павіннасці, аб дазволе вучыцца бясплатна...

Вось што ён пісаў 26 жніўня 1857 г. у сваёй запісцы "Пра метад выкладання мастацтва", якая была накіравана ў Савет Маскоўскага мастацкага таварыства: "Маладыя людзі, што паступаюць у наша вучылішча, практычна ўсе, без выключэння, - самыя бедныя, і яны не толькі не забяспечваюцца Вучылішчам ва ўтрыманні, але яшчэ абавязаны ўносіць пэўную суму за права навучання... Увядзенне ў вучылішчы курса навук забароніць доступ асобам бяднейшага саслоўя, бо, абавязаныя ахвяраваць навучэнню навукам тым часам, які цяпер выкарыстоўваюць на набыццё сродкаў да існавання, яны відавочна будуць вымушаны адмовіцца нават ад мастацтва..." Прафесар Заранка лічыць, што ўвядзенне курса навук павінна суправаджацца яшчэ і забеспячэннем студэнтаў утрыманнем.

А вось фрагмент з прашэння ўдавы Сяргея Канстанцінавіча: "Каб прыкаваць да сябе цэлае пакаленне мастакоў, недастаткова аднаго таленту,- трэба было разумець асаблівасці здольнасцей кожнага жадаючага вучыцца і вельмі часта дзяліцца апошнім кавалкам хлеба з таленавітым вучнем, каб толькі ён не падаў духам. Такіх вучняў у Сяргея Заранкі жыло заўсёды некалькі чалавек на поўным яго забеспячэнні: выключна для таго, каб прыродныя іхнія здольнасці не прапалі дарма..."

Усе вышэйзгаданыя цытаты калісьці былі ўзяты з Цэнтральнага дзяржаўнага літаратурнага архіва (ф. Маскоўскага вучылішча жывапісу і скульптуры. Вопіс 1, справа № 148,173).

/i/content/pi/cult/283/4521/pic_7.jpg У сваіх успамінах вучань Заранкі Васіль Пяроў з дзіўнай падрабязнасцю і некаторай іранічнасцю пераказвае гутаркі настаўніка са сваімі выхаванцамі. Я думаю, яны будуць цікавыя з пункта гледжання лепшага разумення "эстэтыкі творчасці" Сяргея Канстанцінавіча, чые меркаванні накіроўваліся да адной мэты: упэўніць, што жывапіс - цяжкая справа, што няма "твораў па ўражанні і творчасці па натхненні", што ў мастацтве неабходны "станоўчыя веды". Заранка прапаведуе "практыцызм": спатрэбяцца перспектыва і анатомія, а не бессэнсоўнае чарчэнне гарызантальных і нахіленых ліній або завучванне назваў і тэрмінаў. Мастак апалчаецца на сцёртыя традыцыйныя паняцці. Ён не прымае "хараства рысунка", але прызнае яго "дакладнасць". Так, тэхніка- важная, аднак майстар засцерагае "ад віртуознасці або бойкасці пэндзля, шырыні пісьма". Жывапіс, паводле меркавання Заранкі, "ёсць мастацтва, якое адлюстроўвае толькі бачнае ў бачных формах". Таму неабходна дакладна перадаваць прыроду, "рабіць копію з чалавека і з усяго бачанага: што правільна прыродзе - тое добра і цудоўна, што няправільна- то ніжэй за ўсякую крытыку".

Мне здаецца, што некаторыя крайнасці меркаванняў Заранкі пра мастацтва ў чымсьці падобныя па рэзкасці тону, літаратурнай сентэнцыі з выказваннямі яго сучасніка- вялікага нізвяргацеля аўтарытэтаў Дзмітрыя Пісарава...

У 1865 г. Заранка быў выкліканы ў Пецярбург, каб стварыць партрэты імператарскай сям'і для Эрмітажа. Над гэтай замовай ён працаваў пяць гадоў. Потым зноў вярнуўся ў Маскву, дзе паспеў намаляваць два апошнія ў сваім жыцці партрэты: гэта выява графіні Вольгі Шувалавай (народжаная князёўна Беласельская-Белазёрская) і авальны партрэт "Дзяўчынка ў блакітнай сукенцы" (на фоне нізкага пейзажнага гарызонту і шэра-блакітнага неба ён адлюстраваў сваю юную дачку Наташу).

20 снежня 1870-га (1 студзеня 1871 г. па новым стылі) Сяргей Канстанцінавіч раптоўна сканаў ад разрыву сэрца, і, як потым пісалі, "пакінуў сям'ю ў вялікай беднасці". Шчыра кажучы, мне неяк дзіўна ўспрымаць гэтыя словы ў адносінах да Заранкі. Чалавек, што меў мноства дзяржаўных і прыватных заказаў, добра аплачваемы прафесар-педагог, сам не марнатравец, не мантач, не п'яніца, не гулец у рулетку або карцёжнік, не аматар ездзіць па Еўропе і- без маёмасці, без грошай! Штосьці тут не клеіцца, або я проста не ведаю пра нейкія таемныя ўмовы сямейнага і прыватнага жыцця выдатнага мастака.

Сяргей Заранка быў пахаваны на могілках старажытнага Аляксееўскага жаночага манастыра ў Маскве. Яму было 52 гады...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"