Канцэпцыя — не догма. Але…

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

У спякотную суботу 16 чэрвеня ў Мірскім замку адбылася навукова-практычная канферэнцыя, падчас якой абмяркоўваліся канцэпцыя яго рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі, дэманстраваліся нядаўна знойдзеныя гістарычныя матэрыялы пры жыхароў Міра і падзеі, што ўзрушвалі ціхае беларускае мястэчка. Слова бралі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея РБ, археолагі-даследчыкі Мірскага замка, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Старшыняваў на канферэнцыі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў.

 /i/content/pi/cult/121/452/Mirski-zamak1.jpg
 Неўзабаве вакол замка з’явіцца агароджа.
Мірскі замак.
Ход работ — на ўласныя вочы Пасяджэнню папярэднічала экскурсія. Правёў яе загадчык сектара па навуковай працы філіяла НММ “Замкавы комплекс “Мір” Ігар Ложачнік.
Спярша мы агледзелі прылеглую да замка тэрыторыю, дзе нават у суботні дзень не спыняліся працы па добраўпарадкаванні, і наведалі фамільную капліцу Святаполк-Мірскіх. Плануецца размясціць у капліцы аналагі іканастаса з Бярозаўкі, панікадзіла з Траецкай царквы ў Міры. Крыпта яшчэ нядаўна наводзіла жах на выпадковых наведвальнікаў змрокам, павуціннем, захламленасцю. Цяпер яе аўтэнтычная плітка ашчадна пасыпана жоўтым пілавіннем, уздоўж сцен пастаўлены рыштаванні. У крыпце захаваліся шэсць надмагілляў Святаполк-Мірскіх, але толькі на адным чытаецца надпіс, з якога вынікае, што тут спачывае 12-гадовая княжна Сонічка.
Візіт у замак пачынаем з досыць вялікай падземнай часткі, дзе неўзабаве адкрыецца рэстаран. Але сама абедзенная зала са спадарожнымі памяшканнямі зойме не болей за траціну сутарэнняў, астатняе — тэхналагічныя службы, інжынерныя сеткі.
Плануецца, што будзе адзіны ўваход з замкавага двара ў гасцінічныя апартаменты, рэстаран і музейную экспазіцыю. З фае пастаяльцы паедуць у свае нумары на ліфце, гурманы спусцяцца ўніз, а цікаўныя да гісторыі збочаць налева. І.Ложачнік, ведучы ўдзельнікаў канферэнцыі па замку, звярнуў увагу на экспазіцыйныя ярусы ў паўночным корпусе, на выразна бачную таўшчыню абарончага мура, на закансерваваныя фрагменты тынкоўкі XVIII стагоддзя. Экспазіцыя павінна адлюстроўваць гісторыю будаўніцтва Мірскага замка, а завершыцца ў параднай зале, аформленай па ўзоры XVIIІ ст. Закуплены нержавеючыя вітрыны для экспанатаў паўднёва-заходняй і брамнай вежаў, якія не будуць ацяпляцца. А ў паўночна-ўсходняй вежы супрацоўнікі музея мяркуюць стварыць асяродак для маленькіх наведвальнікаў, там можа знайсціся месца і для славутай Мірскай батлейкі. 

Пазіцыя 1: наспяваюць змены
Навуковая канцэпцыя музеефікацыі замкавага комплексу была зацверджана выязной калегіяй Міністэрства культуры РБ 31 ліпеня 2002 г. і ў жніўні таго ж года была апублікавана ў газеце “Культура”. Але ў пачатку 2007 годаў сувязі з рэарганізацыяй аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ змяніўся склад Рабочай групы па музеефікацыі замка. Як паведаміла на пасяджэнні загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва, намеснік старшыні Рабочай группы Алена Карпенка, узнікла неабходнасць у дапамозе археолагаў, архітэктараў, якія стаялі ля вытокаў даследавання і рэстаўрацыі Мірскага замка.
Перад новым складам творчай группы была пастаўлена найскладаная задача: унесці ўдакладненні і змены ў канцэпцыю 2002 г. з улікам максімальнага выкарыстання вынікаў архітэктурна-гістарычных даследаванняў, скарачэння экспазіцыйнай плошчы.
Стварэнне музейнай экспазіцыі — гэта складаны працэс, які патрабуе творчых намаганняў навуковых супрацоўнікаў, дызайнераў, мастакоў, інжынерна-тэхнічнага персаналу.
Тут бачацца наступныя задачы: прасачыць і праілюстраваць гісторыю існавання замка і яго ўладальнікаў у сувязі з гісторыяй Беларусі і Еўропы ў цэлым; акцэнтаваць увагу наведвальнікаў на шматфункцыянальнасці замкавага комплексу і яго асноўных місіях: прэзентацыйнай, абарончай, адміністратыўнай, эканамічна-гаспадарчай; з дапамогай архітэктурна-выяўленчых сродкаў, музейных экспанатаў, дакументаў падкрэсліць значнасць замка як унікальнага помніка нацыянальнай культуры, гістарычнага феномена.У сувязі з архітэктурнымі асаблівасцямі комплексу — наяўнасцю замкнёных памяшканняў, прахадных залаў, складаных пераходаў паміж вежамі — мэтазгодна будаваць кампазіцыю асобнымі тэматычнымі блокамі.
Для наведвальнікаў паўночнага корпуса прадугледжана некалькі экскурсійных маршрутаў. Некаторыя экспазіцыі на вежавых ярусах будуць разлічаны на адзіночнага наведвальніка. “Перад намі не стаіць задача поўнай рэканструкцыі гістарычных інтэр’ераў, — лічыць Алена КАРПЕНКА і яе калегі. — Па-першае, з-за недахопу гістарычных матэрыялаў, па-другое — з-за немагчымасці музейнага выкарыстання ўсходняга корпуса, планіроўка якога найбольш вядомая па інвентарах.
Праект прадугледжвае рэканструкцыю двух інтэр’ераў: сталовай — на перыяд Рэнесанса і параднай залы — на перыяд Барока. Дэкаратыўнае рашэнне будзе прапанавана супрацоўнікамі УП “Мінскпраект” для абмеркавання”. У выпадках, калі некаторыя падзеі, гістарычныя факты немагчыма праілюстраваць з дапамогай візуальных аб’ектаў, інфармацыя будзе падавацца ў інфакіёсках, на дысплеях праз спецыяльныя камп’ютэрныя праграмы. Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея разлічваюць на дапамогу калег і гатовы абмеркаваць прапановы па перадачы на дэпазіт экспанатаў з іншых музеяў краіны. Сеня праблемы музеефікацыі замка вырашаюцца часткова шляхам выкарыстання фондаў НММ, часткова — шляхам спецыялізаваных закупак.
Ёсць папярэдняя дамоўленасць аб вырабе копій шклянога посуду ўрэцка-налібоцкай мануфактуры, шпалераў мясцовай вытворчасці. “Наша задача — паказаць асаблівасці Мірскага замка, а не дубляваць тэмы, прыярытэтныя для Нясвіжа”, — падкрэсліла А.Карпенка. Таму асаблівая ўвага будзе нададзена збору кафлі і самабытных ганчарных вырабаў рэгіёна. Багаты матэрыял, сабраны вядучымі айчыннымі археолагамі і іх маладымі паслядоўнікамі, стане асновай для унікальнай экспазіцыі эвалюцыі мастацкага афармлення печаў і камінаў Мірскага замка XVI — XIX стст.
Будзе адроджаны і культурны ландшафт вакол замка, найперш — італьянскі сад. Музей дамовіўся аб супрацоўніцтве са спецыялістамі расійскага палацава-паркавага ансамбля “Астанкіна”, якія маюць багаты вопыт у гэтай справе. 

 /i/content/pi/cult/121/452/Mirski-zamak2.jpg
Інтэр’ер сталовай Радзівілаў. (Эскізная прапанова “Мінскпраекта”.)
Казытання нерваў не будзе?
Даследчык архітэктуры Валянцін Калнін прапанаваў абмеркаваць пытанне, як павінна выглядаць замкавая турма. Ён лічыць, што “турэмная” экспазіцыя павінна гаварыць найперш пра гуманізм заканадаўства Вялікага княства Літоўскага ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі. Знаёмства са Статутам ВКЛ дае падставы для высноў, што жорсткія пакаранні прымяняліся не надта часта, пасля больш мяккіх папераджальных мер. У ніжняй замкавай турме вязня дазвалялася трымаць не болей за 1 год і 6 тыдняў. Мірскі замак — адзіны на Беларусі, дзе цалкамзахавалася турэмнае памяшканне. 

Спрэчкі вакол печкі
Археолагі Алег Трусаў і Пётр Русаў падзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў, у прыватнасці, кафлі Мірскага замка. А кафляй, як вядома, абліцоўваліся печы. Якраз незавершаная яшчэ рэканструкцыя рэнесансных печаў, пастаўленых нядаўна ў замкавых памяшканнях замест страчаных, выклікала бурны абмен думкамі. Многія выказалі сумнеў у іх гістарычнай адпаведнасці.
Выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алег Костка прапанаваў вырашыць гэтае пытанне эксперыментальна: зрабіць дзейную рэканструкцыю печы эпохі Рэнесанса і такім чынам вызначыць, якімі павінны быць печы ў замку.
— Трэба, каб гісторыя Міра пастаянна папаўнялася і ўдакладнялася, каб грамадскасць падключалася да абмеркавання таго, што робіцца ў Міры, — падсумавала агульны настрой удзельнікаў канферэнцыі намеснік дырэктара НММ па навуцы Надзея УСАВА.
— З пачатку гэтага года мы інтэнсіўна працуем над музеефікацыяй Мірскага замка, — дадала А.Карпенка. — Спадзяёмся на дапамогу розных спецыялістаў. 

Пазіцыя 2: новых ідэй — па мінімуме
Навуковы кіраўнік Мірскага замка, галоўны архітэктар праектаў УП “Мінскпраект” Дзмітрый БУБНОЎСКІ не змог прыехаць на канферэнцыю, але мы сустрэліся з ім пазней.
— Дзмітрый Сямёнавіч, на якім этапе зараз рэстаўрацыя замкавага комплексу?— Доўжыцца першая чарга рэстаўрацыі — самы працяглы этап, які ўключае найбольшы аб’ём работ. Да нядаўняга часу працы вяліся ў адпаведнасці з тэматыка-экспазіцыйным планам музеефікацыі Мірскага замка. Сёлета плануецца завяршыць усходні корпус і падземны ўзровень. Замкавы комплекс на плошчы ў 26 гектараў будзе абнесены агароджай вышынёй больш за 2 метры, забяспечанай ліхтарамі і сістэмай відэаназірання з антывандальнымі засцерагальнікамі. Унутр можна будзе трапіць праз 8 уваходаў, у тым ліку праз 2 — заехаць на аўтамабілях. Прадугледжаны адзін кантрольна-прапускны пункт, яго асноўныя функцыі — рэгуляванне транспартнай плыні і атрыманне інфармацыі ад сістэмы відэаназірання.
— Ці значыць гэта, што ўваход на прылеглую да замка тэрыторыю стане платным?
— Не думаю. Хутчэй за ўсё, удзень доступ застанецца свабодным, а ўначы будзе дзейнічаць прапускны рэжым.
— А якія задачы стаяць перад рэстаўратарамі капліцы?
— Аднаўленне манументальных роспісаў — гэтае заданне атрымала УП “Мінскрэстаўрацыя”. Завяршаецца гідраізаляцыя падвалаў. Будзе рэстаўраваны картуш з гербам Святаполк-Мірскіх. Над уваходамі ў залу і крыпту, а таксама над брамай ля дома вартаўніка з’явяцца абразкі, як гэта было раней. Пры князях капліца ацяплялася, але ў тых печах аказалася істотна пашкоджанай канструктыўная аснова, таму давялося іх разабраць. Тым не менш, адна з новых печаў будзе складзена цалкам са старой кафлі, астатнія — з адноўленай паводле арыгінальных узораў.
— Дарэчы, паводле якіх крыніц выконвалася ў замку рэканструкцыя печаў эпохі Рэнесанса?
— Тагачасныя печы не захаваліся ў Беларусі, так што большасць нашых грамадзян і нават спецыялістаў можа скласці аб іх даволі прыблізнае ўяўленне. Асабіста я меў магчымасць даследаваць гэтае пытанне ў Кракаве, Варшаве і Вроцлаве. Вядома, што верхняя частка такой печы была істотна вужэйшай за ніжнюю, часцей за ўсё круглай. Наогул канструкцыя печаў падлягала частым удасканальванням, каб павысіць эфектыўнасць цеплааддачы, камфортнасць і бяспеку ўжывання. Корпусы тых печаў, якія вы бачылі, будуць абліцаваны кафляй, выкананай УП “Мінскрэстаўрацыя” паводле знойдзеных на раскопках узораў. Мы вельмі дакладна падыходзім да падбору колеравай гамы...
— Ці ўносіліся карэктывы ў канцэпцыю музеефікацыі 2002 года?
— Дакументальна аформленых прапаноў ад заказчыка я пакуль не атрымліваў. Але хачу тут адзначыць, што ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у навукова-праектную дакументацыю строга рэгламентаванае, бо новыя ідэі могуць прывесці да істотных пераробак ва ўжо адрэстаўраваных частках замка. Нагадаю таксама, што канцэпцыя музеефікацыі ўзаемазвязана з праектам “ЮНЕСКО — Мірскі замак”. На сённяшнім этапе рэстаўрацыі Мірскага замка дакладная і паслядоўная пазіцыя заказчыка набывае надзвычайную актуальнасць. Гэта мінімум, на які я разлічваю. 

Не памыляецца той, хто нічога не робіць
Не можа не радаваць, што пасля доўгіх гадоў забыцця Мірскі замак, як і Нясвіжская рэзідэнцыя Радзівілаў, адраджаецца, каб годна прэзентаваць нашу спадчыну ў свеце. Але гэта аб’екты павышанай адказнасці, дзе кожная памылка можа дорага каштаваць і нашай гістарычнай памяці, і нашай рэпутацыі ў свеце. Таму нам бачыцца, што праблемы, якія непазбежна ўзнікаюць у ходзе рэстаўрацыйных работ, варта абмяркоўваць разам навуковаму кіраўніку, Рабочай группе Нацыянальнага мастацкага музея, запрошаным кампетэнтным спецыялістам і супольна прымаць усебакова абгрунтаваныя рашэнні.

Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Мір — Мінск