Лета музейных праектаў

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Менавіта такім чынам можна акрэсліць адразу некалькі ідэй, якія пачалі ўвасабляць у жніўні ў дзяржаўных літаратурных музеях Беларусі - Купалаўскім і Коласавым.

У прыватнасці, з 26 жніўня па 26 верасня ў Маскве, у Дзяржаўным музеі А.С. Пушкіна, будзе ладзіцца выстаўка, прысвечаная жыццю і творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Як распавяла "К" загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай работы Купалаўскага музея Глафіра Кушаль, будзе прадстаўлена прыкладна 200 экспанатаў: рукапісы Песняра, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, унікальныя фотаздымкі, перапіска класіка з рускімі літаратарамі і многае іншае. Асобны раздзел прысвецяць апошнім дням жыцця Янкі Купалы ў Маскве.

Як адзначыла Глафіра Кушаль, гэта не першы сумесны праект музейшчыкаў дзвюх краін: традыцыі супрацоўніцтва былі закладзены яшчэ ў мінулым стагоддзі, калі ў Міхайлаўскім прайшла выстаўка "Пушкін у Беларусі".

 А ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа з верасня пачне працаваць выставачная зала.

 - Мемарыяльная зала "Кабінет Якуба Коласа перыяду 1947 - 1952 гг." візуальна дапаўняла асноўную экспазіцыю, аднак інфармацыйна дубліравала рабочы пакой паэта ў апошнія гады яго жыцця, - распавяла "К" намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Ала Зайцава. - Таму мы вырашылі ўсю абстаноўку кабінета Якуба Коласа - мэблю пісьменніка 1947 - 1952 гадоў - перавезці ў наш філіял "Мікалаеўшчына" на мемарыяльную сядзібу ў Смольні: наш музей адчувае неабходнасць у выставачнай плошчы, каб дэманстраваць свае багатыя фондавыя калекцыі.

 Першая экспазіцыя адкрыецца ў новай выставачнай зале ў верасні і будзе прысвечана 85-годдзю з дня выхаду паэмы "Сымон-музыка". А ў кастрычніку наведвальнікі займеюць магчымасць азнаёміцца з некаторымі фондавымі калекцыямі Віцебскага мастацкага музея - філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"