Сон пра касачы “Рай” паводле Паўла Марціновіча

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

У Любанскім музеі традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў — філіяле раённага Музея Народнай славы — адбылася прэзентацыя выстаўкі работ мясцовага самадзейнага мастака Паўла Марціновіча. Падзея сабрала родных і блізкіх Паўла Яўхімавіча, а таксама тых, хто добра ведаў гэтага таленавітага чалавека.

/i/content/pi/cult/283/4510/12-1.jpg

І па сёння інтэр'еры некаторых хат вёсак Засмужжа, Рачэнь, Обчын, Закальное, Шыпілавічы ды іншых упрыгожваюць дзівосныя маляваныя дываны. Яны літаральна выпраменьваюць яркія фарбы, радуюць вока выявамі юнакоў і дзяўчат. Маладзейшыя, тыя, каму такое багацце перайшло ў спадчыну ад бабуль і дзядуль, мабыць, і не ведаюць, што гэтыя работы належаць пэндзлю іх земляка.

 Павел Марціновіч пачаў маляваць дываны ў 1930-я. Пачатковыя навыкі валодання пэнздлем і фарбамі ён атрымаў на школьных уроках. Пасля дзейнічаў, як кажуць, па сваім разуменні: спецыяльная літаратура ў вясковай бібліятэцы адсутнічала, не было побач і таго, хто мог бы нешта падказаць. Магчыма, таму мастак не да канца спасціг законы перспектывы. З гэтай прычыны жывапіснасць у ягоных работах нярэдка саступала размалёўцы.

Але мастацкая мова Марціновіча вызначалася метафарычнасцю. Ён меў прастадушнасць мыслення, далiкатнае ўменне глядзець на жыццё вачамi дзiцяцi, кранальную даверлiвасць стылю. Гэта і кампенсавала недахоп прафесіяналізму, зачароўвала, вабіла, прыцягв/i/content/pi/cult/283/4510/12-2.jpgала...

 Асаблівы росквіт творчасці Паўла Марціновіча прыпаў на 1950-я гады. Попыт на маляваныя дываны быў вялікі. Заказчыкі, найчасцей - жанчыны ды дзяўчаты, прыязджалі да мастака з самых аддаленых вёсак раёна. Родныя і сябры везлі тыя "райскія" карцінкі ў Мінск, Барнаул, Калінінград, на Урал.

Які ж ён, рай, па версіі Паўла Марціновіча? Гэта маляўнічае возера ў зацішку, на дальнім беразе яго патанаюць у аблоках вяршыні гор, асветленыя промнямі заходзячага сонца. Ля самай вады, на выспе, стаіць у пышным кветніку белы палац: ад высокага ганка са стромкімі калонамі ўніз збягаюць прыступкі. Вакол растуць танюткія бярозкі, а паміж імі - ружы, рамонкі, астры, лубін, касачы ды іншыя дзівосныя кветкі. Гэты рай заселены каханнем.

 Вядомы пяць сюжэтаў, да якіх часцей за ўсё звяртаўся Павел Яўхімавіч, малюючы дываны. І ўсе яны так ці інакш звязаны з воднай стыхіяй. Надта любіў маляваць Марціновіч і нацюрморты з кветак, або, як іх называе мясцовы люд, макаткі...

 ...У 1980-м Паўла Яўхімавіча не стала. Хто ведае, можа яго душа якраз і трапіла ў рай, у той фантастычны свет, які ён сам і прыдумаў, у "Маляваныя сны Паўла Марціновіча" (так называецца выстаўка работ засмужца)?.. Але імя мастака пачало паступова забывацца. Вярнуць яго з нябыту ўдалося дзякуючы, найперш, намаганням вядомага мясцовага фалькларыста, супрацоўніка раённага Цэнтра культуры Сяргея Выскваркі. Матэрыял для экспазіцыі збіралі па крупінках. Некалькі маляванак пазычылі (бо і цяпер дужа даражаць імі) для выстаўкі жыхары вёсак раёна.

 Шмат цікавых штрыхоў да партрэта мастака дадалі на прэзентацыі Уладзімір Ціханоўскі, што добра ведаў Марціновіча (у маладосці Уладзімір Аляксандравіч загадваў клубам, дзе часцяком рэпеціраваў і спяваў Павел Яўхімавіч), аднавяскоўка Соф'я Статкевіч, унук мастака Юрый Кукраш. Дарэчы, апошні падарыў музею адну з работ свайго дзеда.

Сяргей КВІТКЕВІЧ

 На здымках: унук мастака Юрый Кукраш (справа) перадае музею твор дзеда; маляванка засмужскага майстра.