Ставілі тэатры… ”багаж”

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Сцэнічны сезон праз спробу аналізу Акідваючы вокам плён мінулага тэатральнага сезона, прыгадала біблейскую прытчу пра фараона, якому прыснілася аднойчы, нібыта выйшлі з ракі сем тлустых кароў, а за імі — сем худых, што з’елі тлустых кароў, але самі большымі не сталі. Сцэнічны прадукт апошняга года нагадвае акурат гэтых худых кароў: немагчыма аспрэчыць факт іх з’яўлення і наяўнасці, аднак “тлустасці” ніводная з іх так і не прынесла ні сабе, ні агульнаму творчаму жыццю краіны. У чым жа прычына такой пасіўнасці? І ці ёсць перспектывы для актывізацыі тэатральнага працэсу ў сталіцы і рэгіёнах? Паспрабуем прааналізаваць сітуацыю, засяродзіўшыся не столькі на гучных прэм’ерах, колькі на “ўнутраных”, але ад таго не менш важных, фактах жыцця айчыннай сцэны. У віхуры фестываляў

Адметнасцю сезона сталася тое, што пераважная большасць тэатральных уражанняў ад яго аказалася звязаная з фест/i/content/pi/cult/283/4509/9-1.jpgывалямі. "Белая вежа" ў Брэсце, "М.@rtкантакт" у Магілёве, а таксама сталічныя "Панарама" і Міжнародны фестываль тэатраў лялек - пра кожны з гэтых буйных і прадстаўнічых форумаў мы падрабязна пісалі на старонках "К". Яны - тыя знакавыя "вешкі", якія сёння, як, бадай, ніколі, своеасаблівым чынам вызначаюць сістэмы каардынат нашага ўспрыняцця ўласных тэатральных пошукаў і дасягненняў. У першую чаргу, дзякуючы таму, што ў аснове кожнага з фестываляў - сур'ёзная мастацка-творчая канцэпцыя. Яна і мацуе фундамент чарговай яго "прыступачкі".

Ды ўсё ж не перастае быць актуальнай "катрынкавая" тэма надзвычай малой прысутнасці на гэтых форумах нашых калектываў. Так, іх колькасць год ад года павялічваецца ў афішах (а Міжнародны фестываль тэатраў лялек змог сабраць у Мінску ўсе айчынныя лялечныя трупы), аднак нават гэты прагрэс не дае магчымасці асэнсоўваць сучасныя творчыя працэсы, што разгортваюцца на беларускай сцэне, з дастатковай доляй заглыблення ў матэрыял.

Крок управа, крок улева...

 Жыццё айчынных тэатраў, так бы мовіць, унутры ўласнай сферы ў мінулым сезоне пакінула адчуванне... "падводнасці": здавалася, што калектывы, бы касякі рыб, заглыбіліся на дно сваіх акварыумаў, і ўласнае творчае існаванне для іх абмежавалася гэтай прасторай, агароджанай з усіх бакоў шклом. З аднаго боку, наўрад ці варта папракаць іх у такой закрытасці і патрабаваць шырыні мастацкага існавання, бо пры ўсіх, нават самых пазітыўных, закліках крытыкі галоўная задача калектываў на месцах - забяспечваць тэатральнае жыццё сваёй спажывецкай групы.

Ды ўсё ж, як вызначэнне курсу карабля не можа вырашацца калегіяльна, а мусіць быць прэрагатывай капітана каманды, так і тэатральныя варункі патрабуюць наяўнасці моцнага і крэатыўнага лідэра, які будзе клапаціцца не толькі пра запаўняльнасць глядзельнай залы, што забяспечыць яму выкананне плана платных паслуг, але і пра творчы рост калектыву, яго прысутнасць "на плаву" ў сцэнічным асяродку. У мінулыя сезоны ператварэнне лідэраў-рэжысёраў у буйных флагманаў айчынных нацыянальных тэатраў прыцягнула да сябе жывы, непадробны інтарэс. Цяпер жа рэжысёрскія "ракіроўкі" аказаліся нібыта па-за ўвагай тэатральных аналітыкаў. І гэта тычыцца не толькі замены Наталлі Башавай у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача Уладзімірам Савіцкім. Думаецца, падставы для пільнай увагі дасць і Віктар Чэпелеў, што ў бягучым сезоне заняў пасаду дырэктара-мастацкага кіраўніка Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. У Гомельскім маладзёжным тэатры яго змяніў Юрый Вута, які, у сваю чаргу, "вызваліў" месца для Венедыкта Расстрыжэнкава ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне...

Не сакрэт, што падобныя перастаноўкі ў рэгіянальных тэатрах даюць падставу для ажыўлення рэпертуарных і мастацкіх пошукаў. Іншая справа - на практыцы далёка не ўсе з шэрагаў рэжысёраў-"гастралёраў" гатовы займацца складанай справай творчай рэанімацыі, а аддаюць перавагу малазатратнаму механічнаму пераносу свайго пастановачнага "багажу" на новую сцэну, што, безумоўна, не стварае істотных нагод для размоў пра творчыя пошукі. Магчыма, менавіта таму ў сёлетнім сезоне асноўнае поле інтарэсу закумулявалася вакол двух сталічных тэатраў са статусам "нацыянальны" - Купалаўскага і Горкаўскага: пафас змены кіраўніцтва натуральным чынам змяніўся творчымі буднямі, якія і даюць магчымасць найлепшым чынам убачыць, што ж цікава сёння "жывому" беларускаму тэатру і яго галоўным "спажыўцам" - гледачам.

А спажывецкая патрабавальнасць - дзіўная акалічнасць, якая ў тэатры выяўляецца даволі спецыфічным чынам. Глядач прыходзіць на той або іншы спектакль з трывалым перакананнем: ён ведае, што і як мусіць быць на сцэне. Калі ж "карцінка", якая адкрываецца яму, аказваецца іншай, узнікае хваля расчаравання і абурэння, - класічная гісторыя "падманутых чаканняў". У гэтым сэнсе мінулы сезон падарыў нам на сталічнай сцэне ажно тры спектаклі, якія выклікалі акурат гэткую рэакцыю (гаворка пра "Translations" і "Не мой" у Купалаўскім і "Пане Каханку" ў Горкаўскім тэатрах. Кожны з іх - непадобны да іншых і вырашае свае задачы, аднак усе яны аказаліся надзвычай... аднатыпнымі ў плане праяў глядацкай "патрабавальнасці".

Той жа Мікалай Пінігін у "Translations" не пайшоў па шляху жангліраванн/i/content/pi/cult/283/4509/9-2.jpgя жанравымі прыёмамі. Ён паспрабаваў заглыбіцца ў аўтарскі тэкст, не забіваючы яго залішнімі сцэнічнымі ўпрыгажэннямі кшталту яркіх музычна-танцавальных нумароў і візуальных спецэфектаў (хоць і яны, безумоўна, былі), у выніку чаго і атрымаў папрокі ў "сумнасці" і расплыўчатасці сцэнічнай гісторыі: глядач у асноўнай масе сваёй быў не гатовы бачыць і ўспрымаць гэткага "чужога" яму Пінігіна...

 Наступнай тэатральнай сенсацыяй мелася стаць прымеркаваная да Міжнароднага дня тэатра прэм'ера "Пане Каханку" на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Здавалася б, разлікі, зробленыя пастановачнай групай, проста не пакідалі будучаму спектаклю шанцаў для іншага лёсу... Аднак на справе дыскусіі вакол пастаноўкі разгарнуліся зусім не на падмурку тэатральнага пошуку: шматлікіх рэцэнзентаў хвалявала ў большай ступені тое, якія факты з біяграфіі Пане Каханку былі выцягнуты на свет і наколькі правамерна сёння надзяляць гэтую постаць рысамі мысліцеля і барацьбіта за нацыянальную самасвядомасць беларусаў. А ў выніку сам спектакль як з'ява калектыўнай працы вялікай творчай групы адышоў у цень.

На падмогу - антрэпрызу?

Тэма творчай актывізацыі маладых тэатральных дзеячаў застаецца ў шэрагу першачарговых пытанняў. На фоне размоў пра стварэнне сістэмы стымулявання і падтрымкі творчай рэалізацыі пачаткоўцаў Купалаўскі тэатр і Мікалай Пінігін прапанавалі самы відавочны ход: даць магчымасць паказаць уласную прафесійную сілу. Зрэшты, ідэя гэтая сама па сабе не новая: цягам не аднаго дзесяцігоддзя з зайздроснай перыядычнасцю заходзіла гаворка пра неабходнасць "выпрабавання сцэнай", але з гэткай жа перыядычнасцю маладых рэжысёраў далей Малой сцэны Купалаўскага так і не "пушчалі".

 Адной з "паддоследных" сярод маладых творцаў у мінулым сезоне стала рэжысёр Кацярына Агароднікава, вядомая альтэрнатыўнымі праектамі, ажыццёўленымі на сцэне Сучаснага мастацкага тэатра. У якасці спробы выхаду на рэперт у а р н ы калектыў яна прадставіла гледачам "Тэатраманію" Пітэра Шэфера. Акрамя пошуку пастановачнага рашэння, перад ёй стаяла і іншая задача: стварыць будучы спектакль, зыходзячы з таго, што ў бліжэйшыя пару сезонаў Купалаўскаму давядзецца "жыць на чамаданах". І рэжысёр паклікала на дапамогу ўсе тыя прыёмы, якія яна з пэўным поспехам эксплуатавала ў сваёй "Дванаццатай ночы" ды іншых пастаноўках у антрэпрызе: на сцэну бадзёрым крокам выйшлі хлопцы з "дудкамі" і іншымі музычнымі інструментамі, што сваім піянерскім запалам намагаліся стварыць атмасферу нязмушанай гульні...

 Галоўным урокам гэтага сцэнічнага "доследу" пад назвай "Тэатраманія" сталася наглядная дэманстрацыя немагчымасці простага нажыўлення ў рэпертуарным тэатры антрэпрызных прыёмаў і штампаў без адпаведнага іх "акультурвання". Усё тое, што калісьці выглядала міла і забаўна, у Купалаўскім падавалася зусім не смешным, а прэтэнзія на "гульню ў акцёрскую ігру" вельмі часта замінала такім яркім, любімым гледачамі актрысам, як Алена Сідарава і Зоя Белахвосцік, цалкам аддацца сваім персанажам. Хаця, здавалася, пазбаў рэжысёр спектакль усёй гэтай "рэжысуры" - сама пастаноўка ад гэтага толькі выйграла б, пераліваючыся чысцінёй крыштальных граняў тонкага акцёрскага існавання.

А маладыя і крэатыўныя?

Ды ўсё ж было б несправядліва акрэсліць тэатральнае жыццё адно толькі межамі сталіцы. Яшчэ ярчэй, чым у мінулыя гады, прыця/i/content/pi/cult/283/4509/9-3.jpgгнуў да сябе ўвагу Магілёў, які сёння стварыў умовы для цікавага мастацкага самавыяўлення маладых рэжысёраў, не баючыся гэтай іх "маладосці".

Прыкладам, летась Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча зрабіў даволі беспрэцэдэнтны крок: даслаў заяўку ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на размеркаванне ў трупу маладога спецыяліста на пасаду... галоўнага рэжысёра, у выніку чаго ў Бабруйск прыехаў Максім Сохар. Але калі ён яшчэ не паспеў праявіць сябе ў гэтым статусе, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігар Казакоў стаўся сапраўдным "маладым" адкрыццём мінулага тэатральнага сезона.

Нягледзячы на тое, што ў Магілёўскі абласны тэатр лялек Ігар Казакоў прыехаў працаваць адразу па заканчэнні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пэўны час яго асоба знаходзілася нібыта "ў ценю". Аднак удзел у Міжнародным фестывалі тэатраў лялек, дзе магіляўчане прадставілі яго спектакль "Poison", выклікаў сапраўдны фурор, скарыўшы фестывальную публіку чысцінёй, метафарычнасцю і яркасцю сцэнічнай формы. Што і казаць: жаданне і ўменне размаўляць з дзецьмі- і не толькі на сучаснай тэатральнай мове - сёння, як і заўсёды, з'яўляецца важным навыкам, здольным адкрыць маладому рэжысёру шырокую дарогу ў мастацтве. І мы, безумоўна, чакаем новых пастановак Ігара Казакова, тым больш, што сам рэжысёр кажа: "Мне цікава працаваць з самымі рознымі тыпамі лялек і тэатральнымі жанрамі".

 Ну, а галоўнай інтрыгай для горада над Дняпром стане запрашэнне ў верасні яшчэ аднаго маладога рэжысёра - Кацярыны Аверкавай на пасаду галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Што і казаць, пастаноўшчык, якая за мінулы сезон ажыццявіла тры гучныя прэм'еры на сталічных сцэнах - "Вяртанне Галадара" Сяргея Кавалёва ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а таксама "Зіму" Яўгена Грышкаўца і "Офіс" Інгрыд Лаузунд у Купалаўскім тэатры,- заявіла аб сабе як творца з самастойным мысленнем, цікавым і нелінейным. І той факт, што яна з задавальненнем прыняла прапанову ад "несталічнага" тэатра, сведчыць: паняцце правінцыйнасці не заўсёды носіць геаграфічны характар. А ў дачыненні да мастацтва і ўвогуле - выключна ментальны.

Што ж, наступны сезон ужо сёння "закідвае" перад намі свой "нерат" будучых тэатральных інтрыг, абяцаючы пэўныя нагоды для творчых разважанняў.

І з дня сённяшняга хочацца працягнуць туды ніты тэндэнцый, фарміраванне якіх, мусіць, і стала найважнейшай падзеяй у сезоне 2009 - 2010. Гаворка - і пра актывізацыю маладзёжнай рэжысуры на прафесійнай сцэне, і пра вынікі кадравых "ракіровак" у тэатральных калектывах, і пра надзейны падмурак фестывальнага руху.

 Упэўнена, зрушыць з месца сітуацыю зможа адна з галоўных тэатральных ініцыятыў мінулага сезона (і, мяркую, - адна з галоўных падзей сезона будучага!): заснаванне Нацыянальнай тэатральнай прэміі, ідэю якой на пачатку жніўня адобрыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ў час справаздачы Кіраўніку дзяржавы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі. Да рэалізацыі ідэі спрычынілася і газета "Культура", уключыўшыся ў справу на этапе распрацоўкі Канцэпцыі і актыўна асвятляючы такое важнае для айчыннага тэатральнага жыцця пачынанне.

Галоўнае ж, каб прэмія не проста стала трэндам будучага сезона (на яе відавочна будуць раўняцца тэатры па ўсёй краіне), а выкрышталізавала дадатковы стымул. Калі на "жывой" сцэне паўстане жывая ж рэжысура, дык і "каровы" тады, можа, стануць таўсцейшыя за сёлетніх...