Фундамент для Памяці

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Наша газета неаднойчы ўжо пісала пра ўзвядзенне знакавага для кожнага беларуса новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаем, што, згодна з Даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, 1 красавіка бягучага года быў адкрыты спецыяльны дабрачынны рахунак, каб любы ахвотны мог зрабіць унёсак у будоўлю гэтай знакавай для нашай краіны установы.

/i/content/pi/cult/283/4503/3-1.jpg

- Гэта вельмі неабходная акцыя, - лічыць дырэктар Музея Сяргей Азаронак, - бо ў ментальнасці славян заўсёды існавалі паняцці ўзаемавыручкі і ўзаемадапамогі - тое, што ў беларусаў называецца "талака". І гэты рахунак павінен засведчыць, - і ўжо робіць гэта, - што лепшыя традыцыі нашай культуры і менталітэту захаваліся, гэта - натуральны стан нашай душы. Было б вельмі добра, каб кожны супрацоўнік кожнай арганізацыі - як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай формы ўласнасці - змог бы пералічыць пасільную суму на гэты рахунак. Тады музей сапраўды набыў бы статус усенароднай будоўлі...

Дарэчы, супрацоўнікі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўжо пералічылі грошы на дабрачынны рахунак. Цяпер у планах дырэкцыі - правядзенне інфармацыйнай рэкламнай кампаніі па зборы сродкаў на будаўніцтва музея.

 - Магчыма, мы будзем супрацоўнічаць у гэтым плане з Саветам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з газетамі, натуральна, і з "Культурай", - распавёў Сяргей Азаронак. - Не выключаю, што зладзім "круглы стол", прысвечаны тэме будаўніцтва музея. Таксама цяпер думаем над тым, каб нейкім чынам увекавечыць калектывы і прозвішчы тых людзей, хто пералічыў грошы на будаўніцтва музея.

 Па словах Сяргея Іванавіча, ён даволі часта наведвае будоўлю і штотыднёва ўдзельнічае ў пасяджэнні штаба пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара горада Мінска Віктара Нікіціна.

- Калектыў музея таксама шчыра ўдзячны міністру культуры Рэспублікі Беларусь Паўлу Латушку,- кажа Сяргей Азаронак,- які пастаянна трымае сітуацыю з ходам будаўнічых работ на кантролі і дапамагае вырашаць праблемныя моманты. Так, напрыклад, калі ў нас узніклі некаторыя пытанні па структуры экспазіцыі, міністрам былі адразу ж дадзены неабходныя даручэнні, якія цяпер /i/content/pi/cult/283/4503/3-2.jpgвыконваюцца.

Карэспандэнт "К" таксама наведаў тое месца, дзе паўстане новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з прарабам будаўнічага ўпраўлення ААТ "Будтрэст № 1" Валерыем Ігнаценкам мы прайшліся па будоўлі, каб убачыць тое, што ўжо зроблена.

- На сённяшні дзень выкапаны катлаван пад будынак, усталяваны адзін вежавы кран, хутка з'явіцца яшчэ адзін, - распавёў Валерый Аляксандравіч. - Зроблена прыкладна 40% фундаментнай пліты, плануем скончыць работы па ёй на пачатку верасня. Да канца года мяркуем усталяваць калоны і перакрыцці цокальнага паверха...

Дарэчы, для Валерыя Ігнаценкі гэта не першы значны ў маштабе краіны сталічны аб'ект. Працуючы спачатку майстрам, а пасля - прарабам БУ-5, Валерый Аляксандравіч паспеў ужо прыняць удзел у пабудове Мінскай ратушы.

- І я, і будаўнікі адчуваем гонар і вялікую адказнасць, што менавіта нам выпала магчымасць прыняць удзел ва ўзвядзенні будынка будучага музея, - кажа Валерый Ігнаценка, - бо для ўсіх нас гэты аб'ект - асаблівы і вельмі важны.

 Галоўны архітэктар праекта новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Крамарэнка таксама ў гэты дзень наведваў месца будоўлі.

- Сапраўды, калі бачыш маштаб цяперашніх работ - гэта ўражвае, - распавёў карэспандэнту "К" Віктар Уладзіміравіч.- Як вядом/i/content/pi/cult/283/4503/3-3.jpgа, я з'яўляюся таксама і аўтарам праекта будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І тое, што кожны беларус паўдзельнічаў у фінансаванні гэтага знакавага аб'екта культуры, - вельмі сімвалічна. Цяпер бібліятэкай карыстаюцца многія жыхары нашай краіны - "Нацыяналка" аддае людзям усе свае скарбы ведаў.

 Гэтак жа, упэўнены Віктар Крамарэнка, станецца і з музеем. Таму тое, што адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў,- вельмі важна для кожнага беларуса.

- Музей - гэта Памяць народа, звязаная з трагічнымі старонкамі нашай гісторыі, - кажа Віктар Уладзіміравіч. - І кожны ўнёсак - гэта не толькі ўклад у справу будаўніцтва музея, а таксама і ў справу міру на ўсёй Зямлі, каб будучыя пакаленні памяталі і ніколі не дапусцілі вяртання жахаў вайны.

На здымках: работы на аб'екце ў самым разгары.

 Фота Юрыя ІВАНОВА

Ад рэдакцыі. Калектыў Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і Мастацтва" таксама вырашыў зрабіць свой унёсак - пералічыць на дабрачынны рахунак будоўлі музея сярэдні дзённы заробак кожнага са сваіх супрацоўнікаў. Заклікаем і вас, шаноўныя чытачы, падтрымаць святую справу ўзвядзення новага музея - музея вечнай

Памяці герояў! Банкаўскія рахункі прыведзены на 1-й паласе гэтага нумара "К".

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"