Патэнт на брэнд

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

У Беларускім дзяржаўным ансамблі “Песняры” — падзея не толькі творчай, але і юрыдычнай важнасці.

 

Летась "песняроўскі" брэнд атрымаў прававую ахову ў Беларусі. І вось - афіцыйнае пацвярджэнне аб такім жа прызнанні ў Расіі, дзе ўвесь час з'яўляюцца ўсё новыя калектывы з такой назвай, прэтэндуючы на званне нашчадкаў творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна. Федэральная служба па інтэлектуальнай уласнасці, патэнтах і гандлёвых знаках зацвердзіла, што менавіта гэты калектыў з'яўляецца ўладальнікам права на гандлёвы знак "Песняры" на тэрыторыі Расіі.

 - Гэта сапраўды вялікі, сур'ёзны крок на шляху нацыяналізацыі аднаго з самых значных брэндаў нашай краіны, - пракаменціраваў падзею мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў. - Даказаць гэта было цяжка. Цягам года мы чакалі рашэння, збіралі неабходныя дакументы.

Самае галоўнае, што дае нам гэты дакумент, - адказ на пытанне, што мы часцяком чулі ў Расіі: маўляў, ну якія вы "Песняры"? Так што прызнанне брэнда ў краіне-суседцы для нас - яшчэ і вялікі творчы стымул, магчымасць заняцца выключна творчасцю, а не судовымі разборамі.