Хай заўжды будзе мір!

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Як жа іначай азначыць “векапомную” дату нашай гісторыі — 22 чэрвеня, пачатак Вялікай Айчыннай вайны, як не акцыяй за мір! Акурат гэтак — выстаўкай дзіцячага малюнка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча Беларускі фонд міру выказаўся супраць гэтай жудаснай знішчальнай навалы. Напярэдадні адкрыцця выстаўкі мы гутарылі са старшынёй Беларускага фонду міру Маратам ЯГОРАВЫМ. — Марат Фёдаравіч, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра выстаўку дзіцячага малюнка і яе “перадгісторыю”.

 /i/content/pi/cult/121/450/Haj-zauzhdy-budze-mir.jpg
— Традыцыйна, вось ужо дзесяць гадоў,
наш Фонд міру ладзіць дзіцячыя выстаўкі. Штораз яны маюць розную тэматычную накіраванасць, але галоўная іх тэма, пазначаная для маладых мастакоў,— “Мая зямля”. Яна даволі аб’ёмістая і можа ўключаць у сябе і тэму 60-годдзя Вялікай Перамогі, і тэму захаплення айчыннымі краявідамі, і творчае натхненне славутымі творамі айчынных мастакоў, пісьменнікаў... Сёлета дамінуючай стала тэма 125-годдзя з дня нараджэння нашых класікаў літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Для ўдзелу ў конкурсе дзецьмі з усіх куточкаў нашай краіны было даслана больш за паўтысячы работ у самых розных жанрах і тэхніках.
Журы пад старшынствам Мікалая Апіёка выбрала 80 работ у чатырох узроставых групах, сярод якіх і вызначацца лепшыя. Традыцыйна па выніках конкурсаў лепшыя работы працягваюць сваё “публічнае” жыццё: у свой час лідэры конкурсу да 60-годдзя Вялікай Перамогі ўдзельнічалі ў буйной Міжнароднай выстаўцы дзіцячага малюнка на Паклоннай гары ў Маскве. І сёлетнія пераможцы прымуць удзел у вялікім Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Маскве, а таксама наведаюць Японію — там вельмі зацікаўлены ў тым, кааб пабачыць, як малююць свет і сваю радзіму беларускія дзеці.
Я б мог шмат распавесці пра дзіцячыя работы, але не буду гэтага рабіць — лепш будзе, калі цікаўныя наведаюць нашу выстаўку і пабачаць іх на ўласныя вочы. Скажу толькі пра аднаго хлопчыка — Сяргея Азарава з пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна. Яго разьбяная работа “На Палессі” з выявай зубра пад дубам мяне ўразіла сваёй глыбінёй і шчырасцю настолькі, што я ўзяў яе з сабою на канферэнцыю Сусветнай федэрацыі “За ўсеагульны мір”, якая не так даўно адбылася ў амерыканскім Вашынгтоне, і перадаў яе нашаму Паслу ў ЗША Міхаілу Хвастову. Ён паабяцаў, што ўручыць яе адной з самых ініцыятыўных амерыканскіх грамадскіх арганізацый, якія прымаюць актыўны ўдзел у дапамозе па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў нашай краіне. Вось так работы нашых дзяцей становяцца “пасламі міру і сяброўства” ў свеце.
— Распавядзіце, калі ласка, і пра іншыя акцыі, якія ладзіць Беларускі фонд міру.
— Узгадаю толькі некаторыя з іх — самыя буйныя. Так, летась групай беларускіх актывістаў мы далучыліся да велапрабегу Сусветнага фонду міру “За мірную бяз’ядзерную Еўропу”, які стартаваў у Парыжы і прайшоў літаральна па усім еўрапейскім кантыненце, завяршыўшыся ў Маскве на Паклоннай гары. Велапрабег прайшоў і па Беларусі, у Брэсцкай крэпасці адбыўся мітынг Памяці.Разам з Іванаўскім аддзяленнем Расійскага фонду міру мы прынялі ўдзел у звышмарафоне па месцах баявой славы дывізій, сфарміраваных у Іванаве...
— Значыць, я не памылюся, калі скажу, што значнае месца ў сваёй рабоце вы надаяце працы з маладым пакаленнем?
— Безумоўна, згуртаванне моладзі славянскіх краін— адна з нашых прыярытэтных задач. Так, сёлета традыцыйна ў Рагачове ладзіцца маладзёжны лагер пад дэвізам “Мы славянскім сяброўствам моцныя”, дзе будуць дзеці не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны.Але не забываем мы і нашых ветэранаў вайны, людзей пажылых, якія, безумоўна, заслужылі нашу павагу і ўвагу. Так, да 60-годдзя Вялікай Перамогі Беларускі фонд міру разам з транспартнай фірмай “Навігатар”, дырэктар якой з’яўляецца адным з нашых актывістаў, правёў для ветэранаў спецыяльную акцыю — кожны мог бясплатна перавезці рэчы, напрыклад, мэблю на лецішча і г. д. Убачыўшы шырокі рэзананс, які гэтая акцыя выклікала, мы вырашылі зрабіць яе бестэрміновай, і цяпер не толькі ветэраны вайны, але і ўсе пенсіянеры могуць ажыццявіць такую перавозку па ільготных, надзвычай даступных цэнах.
— Такім чынам, дзейнасць Беларускага фонду міру палягае паміж “кропачнымі” акцыямі для канкрэтных людзей і буйнымі міжнароднымі, міжнацыянальнымі праектамі...
— Менавіта так. Таму што пра мір неабходна гаварыць і на глабальным, міждзяржаўным узроўні, і з кожным чалавекам паасобку. Асабіста я вось ужо 35 гадоў узначальваю Беларускі фонд міру і лічу, што тэма гэтая — тэма павагі паміж людзьмі, жыцця ў міры, суладдзі і згодзе — невычэрпная. І таму мы жадаем усім людзям на Зямлі міру, згоды і сяброўства.
— І вам таксама! Дзякую за размову.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА