“Зямля...” мастацкая: старт — у верасні

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Пачынаючы з верасня і да канца 2010 года ў краіне ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі праводзіцца агляд лепшых дасягненняў у галіне нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Усе мерапрыемствы адбудуцца ў рамках Рэспубліканскай выстаўкі “Зямля пад белымі крыламі”.

 

Сярод маштабных экспазіцый - выстаўка твораў народных мастакоў Беларусі і лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі краіны, а таксама выстаўка стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (яна распачнецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў верасні). Тут жа пройдуць персанальныя юбілейныя выстаўкі вядомых беларускіх мастакоў Мая Данцыга, Леаніда Дударэнкі, а таксама нашага земляка Барыса Заборава, які жыве і працуе ў Парыжы.

Напрыканцы лістапада ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі БСМ (Палац мастацтва) пачне працаваць ІІ Біенале жывапісу, графікі і скульптуры, якая прадставіць лепшыя дасягненні нашых мастакоў за апошнія два гады. Таксама ў галерэі запланаваны выстаўкі "Грунвальд-600", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" і персанальная выстаўка Аляксандра Кошалева.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прэзентуе канцэптуальны праект маладых мастакоў (відэа, медыя-арт, арт-аб'екты, інсталяцыі, эксперыментальны жывапіс), а таксама персанальныя выстаўкі Валянціна Губарава, Уладзіміра Цырыковіча, Сяргея Цімохава, экспазіцыю "SOS" мастакоў творчага аб'яднання "Арцель" і групавую выстаўку твораў маладых мастакоў. У лістападзе - снежні тут будуць працаваць экспазіцыя керамікі "Арт-Жыжаль", фотавыстаўка "Плюс-мінус" Міхаіла Баразны ды Кацярыны Кёнігсберг і "Эмалі" Мікалая Кузьміча. Музей і мастацкая галерэя Акадэміі мастацтваў у лістападзе прадставяць выстаўку твораў студэнтаў і выкладчыкаў установы, а ў кастрычніку - работы, створаныя студэнтамі мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пад час летняй практыкі, а таксама экспазіцыю Таццяны Кандраценка. У снежні маладыя мастакі і выпускнікі кафедры ДПМ пакажуць выстаўку "Свет металу", а Аляксандра Іванова і Алена Ліпінская - графіку і скульптуру. У мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" з 19 лістапада запланавана маладзёжная экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут жа, пачынаючы з верасня, пройдуць выстаўка-конкурс "Авантаж" (авангарднай моды), выстаўкі габелена "Джаз" Марыі Барысенка і "Тэхна-арт - знак якасці".

У галерэйна-выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сябрамі Міжнароднай гільдыі жывапісцаў будзе арганізавана Рэспубліканская выстаўка жывапісу, акварэлі, керамікі, скульптуры, фота.

Шырокая і цікавая праграма паказу твораў выяўленчага мастацтва чакае гледача і ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Пра запланаваныя праекты "К" распавядзе ў бліжэйшы час.