Беларускія знаходкі ў Шанхаі

№ 34 (954) 21.08.2010 - 27.08.2010 г

Нацыянальны дзень Беларусі на “ЭКСПА-2010” адбудзецца 11 кастрычніка. На гэтую дату запланаваны афіцыйны візіт Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Грамадскім прэсцэнтры Дома прэсы намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Юрый Ласіцкі.

/i/content/pi/cult/283/4497/2-1.jpg

У рамках Нацыянальнага дня адбудзецца галаканцэрт майстроў мастацтваў нашай краіны. Пасля, як мяркуецца, наша дэлегацыя накіруецца ў Пекін, дзе распачнуцца Дні культуры Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

Як адзначыў Юрый Ласіцкі, прадстаўнікі дырэкцыі Нацыянальнай беларускай экспазіцыі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах Нацыянальных дзён Кубы, Аргенціны, Егіпта, Румыніі, Іарданіі, Кіргізіі ды іншых краін. "Выступленні айчынных артыстаў на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2010" у Шанхаі - добрая знаходка для ўспрымання гасцямі форуму Нацыянальнага павільёна Беларусі", - дадаў ён. Ужо тры мільёны чалавек наведалі наш павільён. Чакаецца, што ўсяго іх будзе каля сямі мільёнаў. А творчасць беларускіх выканаўцаў з'яўляецца для іх найбольш яркім уражаннем.

Цяпер наведвальнікі Сусветнай выстаўкі два разы на дзень могуць пабачыць канцэрты артыстаў Мінскай вобласці: гэта ансамбль старадаўняй беларускай музыкі "Пастараль" з Дзяржынска і фальклорны ансамбль "Крупіцкія музыкі" з Мінскага раёна. 17 жніўня яны выступілі з сольным канцэртам на плошчы Еўропы, а таксама ў павільёне кітайскага горада Ханьчжоу. У нашым павільёне пастаянна працуюць 12 чалавек: у іх лік уваходзяць беларускія студэнты, што навучаюцца ў ВНУ Кітая і валодаюць мовай гэтай краіны, а таксама кітайцы - валанцёры выстаўкі, якія засвойваюць беларускую і рускую мовы. Як было заўважана, кожны трэці наведвальнік (а іх у дзе/i/content/pi/cult/283/4497/2-2.jpgнь праходзіць праз павільён 35 - 40 тысяч) набывае сабе сувенір, створаны ў нас. Найбольш гасцей - з Кітая, Далёкага Усходу, ЗША, Еўропы, Тайланда, В'етнама. Ёсць і беларускія турысты. Па словах Юрыя Ласіцкага, павільён дэманструе агульную, даволі змястоўную і цікавую, карціну Беларусі культурнай.

А вось які запіс быў пакінуты ў кнізе водгукаў павільёна яго мільённым наведвальнікам - спадаром Лі Хэ Мінгам: "Вельмі рады гэтай нечаканай і прыемнай падзеі. Наведанне Беларускага павільёна дарагога каштуе: дызайн - вельмі арыгінальны і прыгожы, стаўленне супрацоўнікаў павільёна - душэўнае і добрае. Спадзяюся, у будучыні ў мяне з'явіцца магчымасць наведаць вашу цудоўную краіну. Упэўнены, выстаўка дасць магчымасць кітайскаму народу больш глыбока даведацца пра культуру і быт беларусаў, і многія накіруюцца ў падарожжа да вас. Так трымаць і надалей, Беларусь!"

 На здымках: запіс у кнізе водгукаў мільённага наведвальніка Нацыянальнага павільёна Беларусі на "ЭКСПА-2010";

галаграфічныя аб'екты - нязменна ў цэнтры ўвагі гасцей павільёна.