Што на што падобна?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Заўтра ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі завяршаецца шмат у чым унікальная выстаўка “Арт-механізмы. Рух фантазій”, прадастаўленая Міжнароднай гільдыяй майстроў з Санкт-Пецярбурга.

 

Яе экспанаты не толькі здзіўляюць незвычайнасцю мастацкіх задум, але і настройваюць на філасофскі лад, выклікаючы роздум над лёсам і новым жыццём старых зламаных механізмаў, выкінутых на сметнік.

"Механізм" стварэння кампазіцый гэтага напрамку, што атрымаў назвы scrap art, trash art, вельмі просты для разумення сутнасці і надзвычай працаёмісты, карпатлівы для ўвасаблення. Творы ўзнікаюць з асобных рэчаў і іх дэталей. І ўсё гэта трэба не толькі прыдумаць, а яшчэ і знайсці! Часам гэтыя "скульптуры" так і нараджаюцца - непасрэдна ў працэсе творчасці. Да мастака выпадкова трапляе нейкая адна дэталь (да прыкладу, корпус былой швейнай машынкі прабабуліных часоў, што нагадвае тулава коткі)- і да гэтага паступова далучаюцца астатнія прадметы або іх часткі. Заўважце, палова экспанатаў "умее" не толькі стаяць на подыуме пасярод музейнай залы, але і... рухацца, выдаваць разнастайныя "нечалавечыя" гукі. Ну проста "жыццё пасля жыцця"!

 Кідаюцца ў вочы і абсалютна адрозныя індывідуальныя манеры майстроў. Творы Ігара Іванова ўзрастаюць са спалучэння дызайну і графікі, для сваіх "карцін" ён часта выкарыстоўвае вялікую колькасць аднатыпных прадметаў - манет, ключоў. Таццяна Шубіна стварае характарныя "партрэты" жывёл, насякомых, літаратурных персанажаў. А Вольга Ардоўская - сапраўдны філосаф: яе творы пабудаваны на шматлікіх бачных і завуаляваных асацыятыўных ланцужках: у кожным пульсуе думка, і ледзь, здаецца, схопіш яе - ляціць птушкай, каб прызямліцца на мяжы рэальнасці і фантастыкі.