З Днём Незалежнасці, краіна!

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

3 ліпеня ў Мінску фінішуе шырокамаштабная Рэспубліканская акцыя “За незалежную Беларусь!”. Сярод бліжэйшых канцэртаў — выступленні 28 чэрвеня ў Шклове, 29-га — на плошчы Леніна ў Бабруйску, 30-га — на Савецкай плошчы ў Магілёве. 1 ліпеня буйны канцэрт адбудзецца ў Бялынічах, 2-га — у Круглым. Нарэшце, у Дзень Незалежнасці Беларусі ўдзельнікі збяруцца ля стэлы на праспекце Пераможцаў у Мінску.

У гэтай акцыі, — расказаў яе галоўны рэжысёр Вячаслаў Панін,— бяруць удзел усе лепшыя салісты і калектывы Беларусі. Але ў кожным з населенных пунктаў да сталічных артыстаў далучаюцца мясцовыя, таму апошнія карэктывы ўносяцца ў сцэнарый непасрэдна перад канцэртам. Сярод удзельнікаў — народныя артысты краіны Мікалай Скорыкаў, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян і многія-многія іншыя. Мабыць, увогуле немагчыма знайсці тых, хто не далучыўся хаця б да некалькіх канцэртаў.
Практычна ўсім творчым складам выступаюць Маладзёжны тэатр эстрады, салісты прадзюсерскага цэнтра “Спамаш”, группы “Далі”, “Да Вінчы”, іншыя калектывы. Дадам, што да гэтых канцэртаў падключыўся ў новым складзе знакаміты ансамбль “Верасы” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка. Іх першае выступленне, прычым адразу ў выглядзе сольнага канцэрта, адбылося 21 чэрвеня на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. Назаўтра яны паўтарылі гэты сольнік ля сцен Мірскага замка — у межах святкавання 5-годдзя АНТ, таму хутка можна будзе ўбачыць тэлеверсію гэтага канцэрта. А далей ансамбль разам з усімі рушыць у згаданы тур па Магілёўшчыне, 3 ліпеня вярнецца ў Мінск.Падарунак да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь рыхтуе і вядомы спявак, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алег Сямёнаў. Напярэдадні свята ў цыкле “Дню Незалежнасці прысвячаецца” ў Канцэртнай зале “Мінск” пройдзе яго сольны канцэрт “З любоўю да цябе, мая Радзіма” з удзелам такіх зорак беларускай эстрады, як Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Ізмаіл Капланаў, Нэлі Багуслаўская, Дарыя, арт-група “Беларусы”. У планах спевака— “творчы дэсант” у абласныя гарады, запіс цыкла рамансаў.
— Песні пра Вялікую Айчынную вайну,— сказаў А.Сямёнаў падчас прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Міжнародным цэнтры інтэграцыйнай інфармацыі Грамадскага прэс-цэнтра, — я ўключаю ва ўсе свае канцэрты. Гэта не толькі даніна павагі ветэранам, але і самыя шчырыя словы прызнання ўсім, хто абараняў і адраджаў нашу краіну, хто сваёй працай садзейнічае яе росквіту.
Патрыятычныя пачуцці нельга выхоўваць “ад выпадку да выпадку”, прымяркоўваючы адпаведны рэпертуар да чырвоных дат календара. Любоў да радзімы— гэта грамадзянская пазіцыя кожнага. Але і песні пра каханне— гэта таксама грамадзянская пазіцыя, бо праз высокае стаўленне да блізкіх людзей гартуецца і любоў да чалавецтва ўвогуле.

Надзея БУНЦЭВІЧ 

1 ліпеня ў Мінску на праспекце Пераможцаў будзе праводзіцца фізкультурна-спартыўнае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Яно працягнецца з 9 да 14.30.
У праграме — гарадскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў у гонках на ролікавых каньках, рэспубліканская велагонка-крытэрыум, адкрыты Кубак Мінска па лыжаролерных гонках для ўсіх ахвотных, адкрытыя спаборніцтвы па пляжным валейболе, гіравым спорце, армрэстлінгу, перацягванні каната, стрытболе.
Свае спрыт і майстэрства прадэманструюць юныя спартсменыконнікі Мінскай вобласці, барцы, сілачы. Адбудуцца эстафетныя велагонкі, гарадская спартакіяда сярод аздараўленчых лагераў, турнір па міні-футболе паміж раённымі камандамі Мінска, фестываль па міні-футболе сярод выхаванцаў дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў, заплыў яхт і яшчэ шмат цікавага. Пераможцы і прызёры ва ўсіх відах спаборніцтваў атрымаюць узнагароды.
Наш кар.