Апошнія гады Майстар не працаваў на студыі, але працягваў пісаць для душы, і яго жывапісныя работы заўсёды прыцягвалі ўвагу публікі ды знаходзілі зацікаўленых гледачоў. Творчасць Ігнацьева стала сапраўдным увасабленнем залатых часоў беларускага кінамастацтва. А асоба Яўгена Ігнацьева стала знакавай для плыні айчынных кінематаграфістаў-"шасцідзесятнікаў", якая прыйшлі на "Беларусьфільм" з ВГИКу амаль паўстагоддзя таму.
Спакойная, але незамянімая праца Майстра стала адной з важных старонак у гісторыі айчыннага мастацтва. Імя Яўгена Ігнацьева даўно з'яўляецца сінонімам знака якасці беларускага кіно, а яго работы, бясспрэчна, будуць вывучацца пакаленнямі нашчадкаў. "Полымя", "Час абраў нас", "Сведка", "Радаўніца" - Яўген Ігнацьеў узняў статус мастака-пастаноўшчыка на недасяжную на сённяшні дзень вышыню. Менавіта дзякуючы Ігнацьеву і яго калегам-равеснікам беларуская школа мастакоў-пастаноўшчыкаў у кіно дасюль лічыцца самай прафесійнай на прасторы былога Савецкага Саюза.
Віртуоз далікатнага восеньскага пейзажа, ён ствараў выбітную атмасферу чалавечай цеплыні ў кадры і душах гледачоў, цеплыні, якая характэрная для прадстаўнікоў кінематографа пасляваеннага пакалення. Дзякуючы бліскучаму таленту мастака, Яўген Аляксеевіч увасабляў на сваіх палотнах не толькі навакольны свет, але і душу тых, хто гэты свет насяляе. Пейзажы Ігнацьева запоўнены прысутнасцю Асобы - Маці, Бацькі, спрадвечных сімвалаў Роднай зямлі.
Нарадзіўся Яўген Ігнацьеў у Цэнтральнай Расіі, але, як і многія іншыя творцы, быў захоплены хараством Беларусі ды яе жыхароў. Нацыянальны характар творчасці Яўгена Ігнацьева ўвасоблены ў яго працы над шматсерыйнай эпапеяй Віктара Турава "Людзі на балоце. Палеская хроніка", што стала адным з галоўных увасабленняў беларускага менталітэту на экране. За вялікі ўклад у стварэнне эпапеі па творах Івана Мележа творца быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.
На здымку: Яўген Ігнацьеў пад час здымак фільма "Сведка".