- Пачатак фестывалю ў Мінску мае на мэце паказаць наш цудоўны горад замежным гасцям, - кажа нязменны старшыня "Magnificat'а", беларускі дакументаліст Юрый Гарулёў. - Для гасцей і ўдзельнікаў форуму плануецца багатая экскурсійная праграма па сталіцы. Да таго ж, яго адкрыццё супадзе з урачыстасцямі ў гонар 300-годдзя заснавання мінскага Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і 100-годдзя касцёла Святых Сымона і Алены. Гэтай падзеі будзе прысвечана і ўрачыстае пасяджэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў. Таму адкрыццё "Magnificat'"а ўпершыню адбудзецца каля Крыжа Архікафедральнага касцёла, а першыя конкурсныя паказы пройдуць у Чырвоным касцёле.
Па словах арганізатараў, наведвальнікаў форуму чакае цікавая і насычаная праграма, стужкі і перадачы якой адлюстроўваюць розныя бакі хрысціянскага жыцця розных канфесій. Так, праваслаўныя вернікі будуць прадстаўлены, у тым ліку, фільмамі відэастудыі ў гонар пакутніка Іаана Воіна СвятаЕлісавецінскага манастыра з Мінска. Пра конкурсную карціну "Галоўная роля", якая абяцае стаць фаварытам сёлетняга "Magnificat'а", "Культура" пісала ў адным са сваіх нумароў. Пяццю дакументальнымі работамі будзе прадстаўлена Італія. Сярод стужак з Апенінаў найбольшую цікавасць выклікае фільм пра апошнія дні жыцця Яна Паўла ІІ, а таксама стужка "Дзённік горнага святара". Падзеяй абяцаюць стаць паказы стужкі даўняга сябра фестывалю - расійскага рэжысёра Аляксандра Купрына "Экзарх Фёдараў" і тэлепраграмы "Блакадная вера" пра жыццё пад час блакады Ленінграда.
Нагадаем, што шосты год дэвізам фестывалю "Magnificat" з'яўляецца біблейскае выслоўе "Ut unum sint": "Каб усе былі адно". Журы форуму сёлета ўзначаліць рэдактар шэрагу каталіцкіх перыядычных выданняў Беларусі Хрысціна Лялько.