Аркестр, які здзівіў

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Другі год запар сімфанічны аркестр Брэсцкага музычнага каледжа, якім кіруе Людміла Жабінская, быў запрошаны да удзелу у VII Міжнародным юнацкім фестывалі класічнай музыкі ў нямецкім горадзе Кобургу.

/i/content/pi/cult/282/4482/8-4.jpg

Як і летась, аркестр з вялікім поспехам выступіў у фестывальных мерапрыемствах: даў два канцэрты і прыняў удзел яшчэ ў пяці ў якасці акампаніруючага калектыву. Імпрэзы з удзелам нашага аркестра прайшлі ў нямецкіх гарадах Кобургу, Зэслаху, Родаху, Колбергу, Штрэсенхаузене і Ахорне. У фестывалі былі задзейнічаны юныя зоркі з Англіі, Аўстрыі, Германіі, Францыі, Ірландыі, Іспаніі, Расіі, Украіны.

Неаднойчы нямецкія слухачы апладысментамі выказвалі сваю ўдзячнасць майстэрству аркестра і яго салістам: струннікам Марыне Аляксандравай і Таццяне Крыштаўчук, духавікам Раману Сергіенку, Андрэю Фенюку, Наталлі Рыскаль, Мікалаю Краўчуку.

Для навучэнцаў музычнага каледжа гэтая паездка сталася цудоўнай школай педагагічнага майстэрства. Наш калектыў не толькі на высокім узроўні прадставіў аркестравае выканальніцтва калектываў навучальных устаноў нашай краіны, але і меў магчымасць пазнаёміцца з ўзроўнем падрыхтоўкі юных музыкантаў Еўропы.

А напрыканцы свайго прабывання ў Кобургу аркестр прыняў удзел у вялікім канцэрце ў горадзе Канстанцы, што на поўдні Германіі, у рамках дабрачыннай акцыі дзецям-інвалідам гэтай краіны.

Рамуальд ЖАБІНСКІ, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы