Спартак і Кітры ў горадзе фантанаў Ці ёсць у Ерэване Лебядзінае возера?

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Сярод пераможцаў VI Адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД, што нядаўна прайшлі ў Ерэване, — сёлетнія выпускнікі Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, а цяпер ужо маладыя артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ігар АНОШКА (залаты медаль) і Аляксандра ЧЫЖЫК (сярэбраны). Гэтыя ўзнагароды тым больш дарагія, што нашы ўдзельнікі ўвайшлі ў гісторыю Дэльфійскіх гульняў як першыя пераможцы ў намінацыі “Акадэмічны танец”, якая ўзнікла на гэтым спаборніцтве толькі сёлета. Увогуле ж беларуская каманда прывезла з Арменіі, нагадаем, восем медалёў і тры дыпломы.

/i/content/pi/cult/282/4480/8-1.jpg

- Гэта быў наш першы конкурс у жыцці, - пачаў Ігар. - І ён пераканаў, што трэба спрабаваць удзельнічаць і ў іншых творчых спаборніцтвах. - Конкурсы патрэбны не толькі для кар'еры, - далучылася Саша, - але і як нейкія стымулы, маякі, што паказваюць, куды трэба імкнуцца, на якія прафесійныя дасягненні сваіх сверснікаў арыентавацца.

 - Гэта сапраўды каштоўны досвед, - прадоўжыў Ігар. - Прагляды адбываліся ў зале тамтэйшага харэаграфічнага каледжа. Сцэна там была невялікая - у нашым каледжы куды большая, а ў Вялікім тэатры - увогуле агромністая. Таму давялося прыстасоўваць свае нумары да гэтых умоў: штосьці "сціскаць", штосьці ўвогуле прыбіраць - падобныя карэктывы нам часта даводзілася ўносіць у выступленні пад час зімовых гастролей па Германіі, куды мы ездзілі разам з іншымі навучэнцамі нашага каледжа. Цягам двух тыдняў літаральна штодзень быў новы горад, выступалі нават у Берліне, але, у асноўным, на сцэнах драматычных тэатраў. Паказвалі "Дон Кіхот", мы з Сашай - у цэнтральных партыях.

- Па-дэ-дэ з "Дон Кіхота" вы паказвалі і ў першым туры Дэльфійскіх гульняў. А ў самім гэтым спектаклі танцавалі таксама на справаздачным паказе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. На справаздачным жа канцэрце каледжа ў нашым Вялікім тэатры вас можна было ўбачыць не толькі ў так званым "чорным" Па-дэ-дэ з "Лебядзінага возера", але і ў Адажыо са "Спартака": яго вы танцавалі на другім туры ў Ерэване. Якія з гэтых партый вам бліжэй?

 - "Лебядзінае возера", - усміхаецца Саша, - мара ўсіх балерын, і я- не выключэнне. Вельмі хацела б станцаваць Фрыгію ў "Спартаку": адчуваю, што гатова да яе фізічна і маральна. Дарэчы, калі пад час Дэльфійскіх гульняў беларуская дэлегацыя давала канцэрт у Спітаке, дзе калісьці быў жудасны землятрус, мы з Ігарам абралі менавіта Адажыо са "Спартака". Ну, а Кітры з "Дон Кіхота" - увогуле, як я: гарэзлівая, свавольная, упартая./i/content/pi/cult/282/4480/8-2.jpg

- Характар у Сашы, - пагаджаецца Ігар,- сапраўды больш настойлівы, упарты, яна заўсёды мяне падтрымлівае, падбадзёрвае. Мне таксама вельмі хацелася б станцаваць Спартака. У адрозненне ад звыклых "балетных прынцаў", гэта сапраўдны мужчынскі характар. І цудоўная харэаграфія Валянціна Елізар'ева! Мне не вельмі блізкі мадэрн, а тут - цікавая сумесь новага і больш традыцыйнага, а галоўнае - гэта менавіта балетная, надзвычай выразная харэаграфічная пластыка, у кожным руху - пачуцці і думкі.

- Гэта вы цяпер так балет ацэньваеце. А ў дзяцінстве- бацькі прывялі на заняткі?

 - Не зусім, - крыўдзіцца Ігар. - Я яшчэ ў дзіцячым садку займаўся бальнымі танцамі, захацелася прадоўжыць, і балетная класіка, якой навучалі ў школе з харэаграфічным ухілам, спадабалася больш. Так што харэаграфічны каледж я абраў сам.

 - У мяне, - расказвае Саша, - было прыблізна гэтак жа. Толькі бальныя танцы, куды мяне бацькі адвялі ў пяць гадоў, не асабліва спадабаліся. А ў каледж мяне параіла аддаць настаўніца Школы мастацтваў, дзе я займалася з васьмі гадоў. І наступныя дзевяць гадоў я жыла ў інтэрнаце, бо родам з Мазыра. Як жартаваў мой бацька, склаўшы пра гэта верш, "Мама с папой привезли / и в балет отдали. / Вот и мучайся, скачи! / Лучше петь сказали б".

- А ў Ерэване паспелі штосьці паглядзець?

 - Там вельмі адметная архітэктура, - Саша адказвае за дваіх. - І яшчэ - гэта горад фантанаў! Адразу ўзгадаўся наш фантан ля Вялікага тэатра...

 На здымках: Ігар Аношка і Аляксандра Чыжык з прафесарам Наталіяй Дзігмелашвілі (Грузія); Аляксандра Чыжык у партыі Кітры.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"