Палкоўнік Шумскі падкрэсліў, што ў барацьбе з фашызмам беларускі народ панёс велізарныя страты: падчас Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці. Менавіта таму ў нашай краіне важнае значэнне надаецца захаванню памяці аб гераізме ўдзельнікаў вайны, якія склалі галовы за сённяшні мірны дзень.
Стварэнне ў кожным раёне кніг “Памяці” — працэс незакончаны, прадоўжыў Шумскі. Штогод у архівах адшукваюцца сотні новых імёнаў тых, хто загінуў на франтах і на акупіраванай тэрыторыі. Так, папоўніць спісы надрукаваных кніг “Памяці” немагчыма. Таму цяпер Міністэрства абароны Беларусі пры падтрымцы аблвыканкамаў стварае камп’ютэрны банк даных, які рэгулярна ўдакладняецца і пашыраецца…
Справядліва заўважана, што вайна не скончылася, пакуль не пахаваны апошні салдат. Пошукавую работу пры актыўнай падтрымцы маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, органаў дзяржаўнага кіравання, музеяў і архіваў ажыццяўляе 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Беларусі — адзінае ў свеце падраздзяленне па ўвекавечванні салдацкай памяці. З 1995-га па 2006 год спецыялісты батальёна выявілі і перапахавалі з усімі вайсковымі ўшанаваннямі парэшткі 16511 загінуўшых абаронцаў Бацькаўшчыны. Сумесна з ваенкаматамі ўстаноўлены імёны 56085 байцоў. Апрача гэтага, за 11 гадоў існавання батальёна выяўлена і абясшкоджана 2707 выбухованебяспечных прадметаў, адшукана 130 салдацкіх медальёнаў і 24 узнагароды.
Сёлета пошукавыя работы распачаліся з 16 красавіка на 177 аб’ектах у 58 раёнах усіх абласцей Беларусі. Апрацаваны 62 аб’екты, знойдзены 4 медальёны, выяўлены парэшткі 467 загінуўшых воінаў (імёны трох ужо ўстаноўлены).
Андрэй СТАРЖЫНСКІ