Поп-арт? Або пагоня за…

№ 33 (953) 14.08.2010 - 20.08.2010 г

Выстаўка “Рабі мастацтва папулярным” у Музеі гісторыі беларускага кіно прапанавала маладым мастакам сталіцы даць адказ на пытанне: што такое попарт? Хаця спробы самавыявіцца ў межах гэтага стылю ў нашых творцаў назіраліся, экспазіцыю, цалкам прысвечаную яму, зладзілі ўпершыню. Цікава было прааналізаваць, што мае на ўвазе моладзь пад дадзеным інтэрнацыянальным тэрмінам і як яго інтэрпрэтуе ў айчынных умовах.

/i/content/pi/cult/282/4479/7-5.jpg

Невыпадкова выстаўка супала з заканчэннем фестывалю "Дах" у Палацы мастацтва - яна з'явілася нібы яго працягам у "палегчаным" варыянце.

Поп-арт для нашых сучаснікаў - гэта калажы з рэчаў паўсядзённасці, "жывапіс смецця", жаданне... пазбегнуць гармоніі. Такім, зрэшты, рэпрэзентавалі стыль амерыканскія і заходнееўрапейскія мастакі некалькі дзесяцігоддзяў таму, ды і ў нядаўнія часы. І крыху дзіўна было бачыць тыя ж здымкі хмарачосаў, англамоўную рэкламу і выявы халоднай зброі ў калажах беларусаў ("TV no more" Дзмітрыя Дарашэнкі, "Mr. Urban" Уладзіміра Зуева).

Хаця экспазіцыя задумвалася як прысвячэнне Эндзі Уорхалу - "бацьку" поп-арта, - усё ж былі спадзяванні: беларусы абавязкова, хоць крыху, паэксперыментуюц/i/content/pi/cult/282/4479/7-6.jpgь з айчынным жа матэрыялам, а не з замежным. І якое, у такім выпадку, для нашай краіны мастацтва поп-арту? Ці можа яно адлюстраваць жыццё землякоў, нашы вуліцы і двары, выпадкі, што прымушаюць задумацца? Мабыць, такім пытаннем задаваліся нямногія ўдзельнікі. Варта зрабіць скідку на тое, што ў летнія дні шматлікія творцы маладога і сярэдняга пакаленняў не змаглі адгукнуцца на выстаўку... Або не мелі жадання звязваць свой жывапіс з такім стылем.

Самыя цікавыя творы, здаецца, будуць актуальнымі ў любы час. Скажам, партрэты Надзеі СаяпінайГендрусевіч, пяцікурсніцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, прыцягваюць пранізлівымі позіркамі адлюстраваных на іх "моцных дзяўчын" і на дзіва прыемнай колеравай гамай. Мастачка нібы процістаіць усяму, у тым ліку агульнаму рэчышчу выстаўкі, і гэты шчыры "пратэст" тут вельмі дарэчы.

Экспазіцыя даказала: які б ні быў абраны стыль або накірунак, найбольш яркімі акажуцца работы тых творцаў, што не жадаюць паўтарацца, браць кагосьці за ўзор і шукаюць нечаканыя аб'екты і формы.