Школа звонкага шматгалосся

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

У канцэртнай зале сталічнага Палаца прафсаюзаў быў аншлаг. А прыйшлі слухачы не на залётную эстрадную зорку з яе высокай ступенню “раскруткі”, а на... юбілей узорнага хору “Дружба”.

Калыска гэтага калектыву — СШ № 1 г. Мінска, якая 40 гадоў таму стала першай у Беларусі школай з харавым ухілам. А чароўнай феяй вечара была цяперашняя кіраўніца хору Таццяна Валошына. За 31 год працы яна выхавала сотні талентаў. Многія былыя выхаванцы школы ўжо самі кіруюць рознымі калектывамі: Святлана Качан-Карчэня і Вольга Варапаева-Кулічкова — фальклорным ансамблем “Горліца”, у Мінскім музычным вучылішчы працуе Вольга Юшкевіч. Сярод былых харыстаў — прадзюсер і зорка СТБ Павел Каранеўскі, супрацоўніца Міністэрства культуры РБ Таццяна Пархамовіч (разам з Аксанай Паньковай, дачкой Т.Валошынай, яны ўтраіх сталіся ўмелымі “запяваламі” яскравага дзейства, выступіўшы ў ролі вядучых), вядомая эстрадная спявачка Prima-Vera (Таццяна Сідарэнка), санкт-пецярбургская вакалістка Ірына Кучынская, якая сваімі спевамі таксама ўпрыгожыла неардынарнае свята, салістка Беларускай оперы Алена Сіняўская (з дзявочым прозвішчам Знак). Сімвалічна, што падчас выканання твора Моцарта яна перадала мікрафон, а разам з ім — і спеўную эстафету цяперашняй салістцы хору “Дружба” Ганульцы Янушкевіч, якая завяршыла нумар.Нягледзячы на мноства прамоў і віншаванняў (у тым ліку ад адміністрацыі Кастрычніцкага райвыканкама), на сцэне панаваў культ музыкі, песні, Яе Вялікасці Культуры. А яшчэ — аура добразычлівасці, еднасці і далікатнасці. Шмат гучала твораў сучасных беларускіх кампазітараў, у тым ліку Алены Атрашкевіч, Васіля Раінчыка. А ва ўрачыстай песні Эдуарда Зарыцкага “Нас яднае хор” было амаль прароцтва: хор сапраўды з’яднаў не толькі выканаўцаў, але і публіку ў адзіным парыве. 

Васіль ЖУКОВІЧ, паэт