Зорны “дэсант”

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў штогод завяршае навучальны год фестывалем мастацтваў “Арт-мажор”, які складаецца з буйных справаздачных канцэртаў кожнай з кафедраў. Яны заўсёды карыстаюцца вялікай увагай публікі, бо сярод шматлікіх калектываў навучальнай установы — шмат лаўрэатаў разнастайных фестываляў і конкурсаў. Вось і сёлета: амаль усе калектывы, якія універсітэт адправіў у Санкт-Пецярбург на V Міжнародны музычны фестываль-конкурс “Петра-Паўлаўскія асамблеі — 2007”, заваявалі высокія ўзнагароды, у тым ліку Гран-пры ў намінацыі аркестравага выканальніцтва.

А між тым, “Петра-Паўлаўскія асамблеі” сабралі больш як 1000 музыкантаў з усіх рэгіёнаў Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Латвіі, Эстоніі, Сербіі, Іспаніі, Фінляндыі, Кітая. Гэты фестываль-конкурс ладзіцца раз у два гады, пачынаючы з 1999 г. Ён яднае прафесіяналаў і аматараў усіх узростаў, пачынаючы з дзіцячага, і ўсе музычныя кірункі: ад акадэмічнага да фальклорнага і эстрадна-джазавага. А інструмент на ім прадстаўлены — адзіны, але ва ўсёй разнастайнасці сваіх абліччаў: баян, акардэон, фальклорныя, губныя гармонікі, канцэрціна, банданеён і інш., прычым у сольным, ансамблевым і аркестравым відах музіцыравання.
Назва “Петра-Паўлаўскія асамблеі” паходзіць ад імёнаў не праваслаўных святых, а выдатных дзеячаў рускай музычнай культуры, якія сталі “святымі” для ўсіх выканаўцаў на рускіх народных інструментах, — заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Пятра Гаварушкі і Паўла Смірнова, стваральнікаў унікальнай пецярбургскай выканальніцкай школы, а таксама ансамблевых і аркестравых калектываў сусветнага ўзроўню.
Цікава, што сёлета ў асамблеях прымаў удзел унук Паўла Смірнова, які кіруе аркестрам баяністаў-акардэаністаў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Гэты калектыў і Беларускі народны аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Валатковіча падзялілі першую прэмію. Акрамя таго, наш аркестр адстаяў Гран-пры фестывалю ў аркестравай намінацыі.
Наш калектыў — нязменны ўдзельнік самых адказных мерапрыемстваў, сярод якіх — справаздачныя канцэрты кафедры народна-інструментальнай творчасці, дзе аркестр “прапісаны”, фестывалі “Калядная зорка”, “Арт-мажор”, сольнікі ў Белдзяржфілармоніі. І ў гэтым безумоўная заслуга кіраўніка аркестра В.Валатковіча, якому ўласцівы выдатны густ, дырыжорскае майстэрства, смелае ўвядзенне элементаў тэатралізацыі ў аркестравае выкананне. Вывезці калектыў з 36 чалавек з інструментамі за межы краіны — справа не танная. Аднак кіраўніцтва універсітэта знайшло сродкі і не памылілася.
Разам з аркестрам на фестывалі выступалі некалькі ансамбляў БДУ культуры і мастацтваў, якія таксама сталі лаўрэатамі. Пераможца міжнародных конкурсаў, ансамбль “Туцці” пад кіраўніцтвам Лідзіі Сухаваравай і квартэт пад кіраўніцтвам Таццяны Івановай занялі другое месца, ансамбль “Капрычыо” на чале з маладым выкладчыкам Вікторыяй Старыкавай заваяваў трэцюю прэмію, “Мінск-секстэт” стаў дыпламантам. Трэцяе месца заняў і ўзорны аркестр “Гармонія” СШ № 66 г. Мінска, якім кіруе былая выпускніца нашага універсітэта Таццяна Трусава.

Ларыса ТАІРАВА,
кандыдат мастацтвазнаўства
На здымках: Беларускі народны аркестр
БДУ культуры і мастацтваў (мастацкікіраўнік — Віктар Валатковіч).