Брэнд — ёсць! Як жа яго “раскруціць”?

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Камандзіроўка на Віцебшчыну — гэта заўсёды паездка за новым вопытам у пазабюджэтнай дзейнасці мясцовых культработнікаў. Як вядома, менавіта ў гэтай вобласці культасветнікам даведзены 200-працэнтны план па аказанні платных паслуг, і таму супрацоўнікі клубаў, музеяў і бібліятэк “крэатывяць” цяпер напоўніцу: да гэтага іх прымушае само жыццё. Вось і ў Шаркаўшчынскім раёне, куды выправіўся ў камандзіроўку, чакаў менавіта гэтага “крэатыўнага” падыходу да працы. І вынікі пэўных захадаў мясцовага аддзела культуры ўбачыў на свае вочы. Так, напрыклад, у вёсцы Верацеі, якая сёлета набудзе аграгарадоцкі статус, павінен у хуткім часе паўстаць культурнаспартыўны комплекс разам з гасцінічнымі нумарамі. А ў адным з СДК, дзе ўдалося пабываць цягам камандзіроўкі, зарабілі на аказанні платных паслуг ужо прыкладна 6 мільёнаў рублёў, у другім — 10 мільёнаў. Сумы, пагадзіцеся, немалыя. Але ёсць у працы мясцовых культработнікаў і пэўныя, нявыкарыстаныя пакуль што, рэзервы. Так, Музей культуры і побыту, размешчаны ў аграгарадку “Германавічы”, зарабляе сёння не так ужо і шмат, хаця калекцыя работ Язэпа Драздовіча, якая ёсць ва ўстанове культуры, можа прывабіць да сябе не адну сотню зацікаўленых турыстаў. Ды і галоўная гарадская ўстанова Шаркаўшчыны цяпер знаходзіцца на капітальным рамонце. Апошняе, натуральна, не спрыяе выкананню гадавога плана.

/i/content/pi/cult/281/4449/pic_12.jpgНарод пытаецца і прапануе

"Не стае рэкламы"

 Пад час традыцыйнага сацыялагічнага апытання, якое праводзіў і ў гарадскім пасёлку, і пры паездцы па раёне, пераканаўся: як у райцэнтраўскім, так і ў вясковым культурным жыцці яшчэ хапае нявырашаных пытанняў, якія бачныя мясцовым жыхарам часам лепш, чым работнікам сферы.

Святлана, жыхарка аграгарадка "Германавічы":

- Добры ў нас музей у вёсцы, вядомы не толькі ў раёне, але і ў іншых кутках Беларусі. Шмат да нас прыязджае турыстаў. Але, як падаецца, было б няблага перадаць музею частку памяшканняў дзіцячага садка: тады і экспазіцыя пашырылася б, і можна было б зменныя выстаўкі ладзіць...

Сяргей Іванавіч, пенсіянер з аграгарадка "Германавічы":

- Лічу, што нашаму музею не хапае рэкламы. Турысты заўсёды распытваюць у цэнтры вёскі, як дабрацца да музея. Там маленькі ўказальнік павесілі, але ж ён не надта дапамагае. Трэба ўладкаваць па трасе больш падобных указальнікаў, а таксама на ўездзе ў вёску з двух бакоў паставіць. Ды й дарогі абавязкова неабходна зрабіць. Бо не кожны турыст, асабліва- замежны, зможа да нас дабрацца па гравійцы...

Ганна Мікалаеўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Верацеі":

- Вельмі добра, што распачалі рамонт былога будынка школы. Тут, ведаю, размесцяцца СДК і бібліятэка. Цікава, а як яшчэ будуць выкарыстоўвацца памяшканні? Бо і зала спартыўная ў колішняй школе ёсць, туды б толькі трэнажоры паставіць...

Віталь, школьнік з аграгарадка "Лужкі":

- Вельмі хацелася б, каб адрамантавалі наш СДК або перавялі яго ў іншае памяшканне. Ці можна чакаць гэтага?

Аляксей, рабочы з г. п. Шаркаўшчына:

- У нас галоўная праблема звязана з раённым Домам культуры, які цяпер на рамонце. Калі плануецца завяршэнне рамонтных работ? Патрабуе рамонту, наколькі ведаю, і кінатэатр...

 

 

Прайшло два гады...

Па прыездзе ў Шаркаўшчыну, каб не губляць каштоўны камандзіровачны час, адразу ж выправіўся ў паездку па раёне. І, натуральна, наведаў спярша вядомы на ўвесь раён аграгарадок "Германавічы", дзе размешчаны Музей культуры і побыту.

Пра дадзеную ўстанову "К" пісала два гады таму. З гэтай прычыны падрабязна спыняцца на яе адметнасцях не буду. Нагадаю толькі, што у музеі - некалькі залаў: этнаграфіі, ткацтва, знакамітасцей Шаркаўшчыны, а таксама 116 работ Язэпа Драздовіча.

Наша газета яшчэ два гады таму пісала: музейная ўстанова патэнцыйна брэндаўтваральная. Не хапае толькі "раскруткі" і наладжанага "агрэсіўнага" маркетынгу, каб зацікавіць патэнцыйнага турыста. Дык што ж тут змянілася за два гады? Ці "раскручаны" гэты музей, якія "прыдумкі" рэалізуюць яго работнікі, каб "піарыць" сваю ўстанову?..

Адна з першых праблем - рэкламная. Па дарозе ў Германавічы не бачыў ніводнага ўказальніка да музея, і толькі ў цэнтры вёскі - адну невялічкую шыльду. Яна і паказвала дарогу да ўстановы культуры. Шыльда невялічкая настолькі, што, калі б мне яе спецыяльна не паказалі, то, шчыра кажучы, яе і не заўважыў.

- Рэкламы сапраўды не стае,- пагадзілася са мной дырэктар установы Людміла Навіцкая. - І ўказальнік гэты толькі нядаўна ўсталявалі, але ўсё роўна прыезджыя пытаюць у мясцовых жыхароў, дзе знаходзіцца музей, бо дабрацца сюды, не ведаючы шляху, даволі складана.

Безумоўна, у тым ліку і з-за гэтага, план платных паслуг ва ўстанове пакуль не выконваецца: патрэбна зарабіць 5 мільёнаў 500 тысяч рублёў, а за шэсць месяцаў бягучага года ў музейнай "кішэні" - толькі крыху больш за два мільёны. Хаця і білет ва ўстанову каштуе ўсяго нічога: 350 рублёў - "дзіцячы", 700- "дарослы", а за 5 тысяч можна замовіць экскурсавода. Не цяжка падлічыць: для таго, каб выканаць план, трэба, каб у музей прыйшло прыкладна 16 тысяч школьнікаў або 8 тысяч дарослых. Лічбы - практычна нерэальныя, асабліва калі ўлічыць, што ўстанова знаходзіцца ў вёсцы, а ва ўсім Шаркаўшчынскім раёне разам з насельніцтвам гарадскога пасёлка пражывае прыкладна 18 тысяч жыхароў.

Можна было б зарабіць на турыстах, балазе не так далёка - Глыбокае, Браслаў, Полацк і Віцебск. Але дарога сюды, па словах Людмілы Навіцкай, дрэнная - гравійка, - і тыя замежныя турысты з Германіі (прыкладна сорак чалавек), якія летам, пад час "Славянскага базару...", прыязджалі ў музей, ледзь дабраліся.

- А той, хто суправаджаў турыстаў, казаў мне: калі б дарога была лепшай, прыязджалі б рэгулярна, - кажа дырэктар музея. - Так што і гэтая "дарожная" праблема нам вельмі перашкаджае.

Няма ў музея і свайго сайта, праз які ён мог бы заявіць і распавесці пра сябе не толькі беларускім, але і замежным турыстам, хоць камп'ютэр з выхадам у Інтэрнет ва ўстанове культуры не так даўно з'явіўся. Так, можна было б знайсці выйсце праз продаж рэкламных брашур, улётак, буклетаў. Але... Брашуры, якія распавядаюць пра германавіцкі музей, ужо амаль усе разабралі: было іх надрукавана летась толькі 150 экземпляраў. Сёлета і гэтага рэкламнага "піару" не рабілі: няма вольных грошай... Словам, зразумела: аб патэнцыйным замежным турысце тут яшчэ пакуль не надта клапоцяцца, бо варта выдаваць брашуры і буклеты не толькі на беларускай, але і на англійскай, рускай і, калі ёсць відавочны попыт, на нямецкай мовах. Ды, натуральна, куды большым накладам...

 А памяшканні?

Хвалюе не толькі адсутнасць рэкламы. Другая праблема ўстановы - недахоп памяшканняў, пра што "К" пісала таксама два гады таму. Але, як кажуць, воз і дагэтуль на тым жа месцы.

- Рэкламы не стае, але бракуе і музейных памяшканняў,- кажа Людміла Навіцкая. - А можна было б рабіць зменныя экспазіцыі, ладзіць выстаўкі з іншых музеяў Віцебшчыны. Гэта было б цікава жыхарам раёна, бо, вядома ж, краязнаўчага музея на Шаркаўшчыне няма...

Натуральна, гэтую нішу займае музей у Германавічах. Але дадатковых памяшканняў для больш эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці пакуль не прадбачыцца.

Нагадаю, музей размяшчаецца ў былым маёнтку графа Шырына, і гэтаму будынку больш за 200 гадоў. Прычым установа "дзеліць" памяшканні з мясцовым дзіцячым садком. Месяц таму адзін з пакояў установы адукацыі перадалі музею пад вельмі патрэбнае яму фондасховішча. Але, на жаль, неабходных рамонтных работ пакуль не правялі, а трэба разбурыць адну са сцен і ўсталяваць дзверы. Таму шматлікія экспанаты (а іх тут - каля шасці тысяч адзінак, у тым ліку унікальныя карціны і маляванкі Язэпа Драздовіча) размяшчаюцца ў шафах, тумбах, сейфе - словам, у самых неспрыяльных умовах. На жаль, як і два гады таму. Але дырэктар музея запэўніла мяне, што цягам месяца ўсе неабходныя работы будуць выкананы, і фонды атрымаюць, нарэшце, сталае месца прапіскі.

Не магу не распавесці ў сувязі з "пакаёвай" праблемай і яшчэ вось пра што. На ўваходзе ў музей наведвальніка сустракае вялізная калекцыя вырабаў з гліны- шматлікія старадаўнія збаны, сабраныя мясцовымі музейшчыкамі па навакольных вёсках. Усе гэтыя прадметы таксама можна было б размясціць у асобным памяшканні і зрабіць яшчэ адну, напрыклад, ганчарную, выставачную залу.

Але гаворка зараз не толькі пра тое. У размове з дырэктарам акрэслілася і яшчэ адна праблема. Па словах Людмілы Навіцкай, у 2007 годзе, пасля вясновай паводкі, парушылася дрэнажная сістэма старадаўняга будынка, і ў падвальным памяшканні, дзе раней захоўваліся вырабы з гліны, цяпер пастаянна стаіць вада.

Спускаўся ў падвал і бачыў на свае вочы, што яе там даволі шмат: без гумавых ботаў не зайсці... Па словах Людмілы Навіцкай, на рамонт патрэбны грошы, якіх установа культуры не мае.

Зраблю невялічкае "падсумаванне". Тыя патэнцыйныя брэндавыя магчымасці, якія ўстанова культуры мела яшчэ два гады таму, так дасюль, на жаль, і не ўвасобіліся ў канкрэтныя справы, хаця часу на гэта было больш чым дастаткова. А турыстычны патэнцыял Германавічаў, у выніку, гасцямі вёскі напоўніцу не ацэнены.

СДК і... гасцініца?

Завітаў і ў вёску Верацеі, якая да канца бягучага года набудзе ганаровае найменне "аграгарадок". Цяпер рамонтныя работы вядуцца ў будынку былой школы, зачыненай два гады таму, дзе і размяшчаюцца мясцовы СДК ды бібліятэка.

У памяшканнях - будаўнічы "гармідар". У адным пакоі ляжаць рулоны руберойду, у другім- стаяць будаўнічыя рыштаванні, а ў трэцім будаўнікі замяраюць дзвярныя праёмы. Рамантуюцца не толькі невялікія памяшканні, але і вялізная спартыўная зала.

 - Пакуль што нашы гурткі, - а іх у клубе тры, - часова не працуюць, - распавяла мне дырэктар Верацейскага СК Алена Цітовіч.- Чакаем, калі ў адным з пакояў зробяць рамонт, тады і пяройдзем працаваць туды.

Для бібліятэкара Ірыны Крыўко таксама цяпер не надта спрыяльныя ўмовы для працы: кніжкі звязаны і складзены ў адным з пакояў, дзе і месціцца бібліятэка. Але, як запэўніла мяне Ірына Лук'янаўна, жыхары будучага аграгарадка кнігай не абдзелены: або сюды прыходзяць, або просяць яе прынесці кніжку на дом.

Ва ўстанове таксама працуюць фельчарска-акушэрскі пункт і камбінат бытавога абслугоўвання. З цягам часу ў Верацеях паўстане сапраўдны культурна-спартыўны комплекс. І нават - з гасцінічнымі нумарамі. Блізка - лясніцтва, і кіраўніцтва мясцовага аддзела культуры спадзяецца, што турыстаў ды паляўнічых прывабяць лясы Шаркаўшчынскага раёна. Таму і гасцінічныя нумары пуставаць не будуць.

А што да мясцовых жыхароў ды культработнікаў, дык яны з нецярплівасцю чакаюць заканчэння рамонтных работ у будынку колішняй школы. І- вераць у новае жыццё сваёй вёскі, якое распачнецца пасля таго, як будзе здадзены гэты патрэбны аб'ект сацыяльнай сферы.

10 мільёнаў за паўгода

Вырашыў спыніцца ў аграгарадку "Лужкі" і завітаць у мясцовы СДК, каб даведацца, якім крэатывам вызначаецца тут культурнае абслугоўванне насельніцтва.

На жаль, установа ў гэты дзень не працавала: быў выхадны дзень.

Але мясцовыя жыхары распавялі мне, што другі паверх СДК зачынены і не функцыянуе. Ды ўвогуле фасад будынка патрабуе рамонту: гэта бачна "няўзброеным" вокам. Але ўстанова, па словах дырэктара СДК Ірыны Буднік, зарабіла за першыя паўгода прыкладна 10 мільёнаў рублёў. Гэтаму, у асноўным, спрыяюць дыскатэкі, на якія прыходзіць ад 70 да 100 чалавек. Але, канешне ж, як жыхары, так і мясцовыя культработнікі мараць пра пераезд у новы будынак.

А як з кіно?

Каб завяршыць кароткі агляд культурнага жыцця Шаркаўшчынскага раёна, не магу не згадаць пра галоўную гарадскую ўстанову культуры - раённы Дом культуры. Цяпер установа знаходзіцца на капітальным рамонце: каля яе ўвахода завіхаюцца рабочыя з гаспадарчай групы аддзела культуры, а ўнутры, у актавай зале, праводзяцца планавыя будаўнічыя работы.

- Рамонт у нас распачаўся яшчэ летась, - распавяла мне дырэктар РДК Галіна Русачонак. - Канешне ж, гэта крыху замінае нашай працы, але знаходзім выйсце. На платных паслугах зарабілі прыкладна 30 мільёнаў рублёў - амаль столькі ж, як у мінулым годзе.

Але на 200-працэнтны ўзровень установа наўрад ці здолее выйсці. У асноўным РДК зарабляе дзякуючы дыскатэкам, бо танцавальная зала пакуль работы не спыняла.

Нягледзячы на тое, што тут - 15 гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў, з іх толькі адзін- гурток заняткаў шэйпінгам - платны. Каб выканаць даведзены план, дырэкцыя вымушана цяпер думаць пра павелічэнне колькасці платных клубных фарміраванняў. Як кажа дырэктар РДК, з цягам часу можа быць уведзена плата для ахвотных займацца харэаграфіяй і для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ва ўзорным цыркавым калектыве "Мара".

- Упэўнена, што калі ўвядуць у дзеянне актавую залу,- кажа Галіна Русачонак, - а гэта адбудзецца напрыканцы жніўня, мы павялічым паказчыкі платных паслуг. Будзем праводзіць начныя дыскатэкі і шукаць новыя формы работы. Крэатыўных людзей у нашым калектыве хапае, таму, лічу, мы справімся з гэтай задачай...

Чакае капітальнага рамонту і будынак Шаркаўшчынскага кінатэатра, які размешчаны цераз дарогу ад Дома культуры. Як распавяла мне дырэктар установы Ірына Каралёва, галоўная глядзельная зала зачынена і знаходзіцца ў аварыйным стане: цячэ дах. Патрэбна, натуральна, і новае кінаабсталяванне...

 

/i/content/pi/cult/281/4449/pic_14.jpgУ райвыканкамаўскай "лятучцы" прынялі ўдзел намеснік старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Галіна ВОЛАХ і начальнік аддзела культуры Іна ШЫНКЕВІЧ.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Перш-наперш хацеў бы пагутарыць пра музей у аграгарадку "Германавічы". Шыльда там, між іншым, сведчыць, што гэта - Музей Язэпа Драздовіча, але яна, як вядома, "неафіцыйная". Ці плануеце з цягам часу ўсё-такі назваць музей імем славутага беларускага мастака-філосафа?

Галіна ВОЛАХ:

 - Мы з Інай Шынкевіч ужо абмяркоўвалі гэта пытанне, з жыхарамі вёскі таксама гутарылі... Адназначнага адказу пакуль што даць я не магу, бо ў музеі не толькі карціны і маляванкі Язэпа Драздовіча захоўваюцца, але і прадметы побыту, этнаграфіі... Таму, лічу, пакуль пра гэта гаварыць зарана, бо патрэбна, каб назва адпавядала зместу. Магчыма, з цягам часу музей такую назву і займее.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не стае там і памяшканняў: няма фондасховішча, выставачнай залы...

 Галіна ВОЛАХ:

 - Згодная. Месяц таму далі памяшканне ад дзіцячага садка пад размяшчэнне фондаў. Яшчэ праз месяц зробім там неабходны рамонт, і музей займее сваё фондасховішча. А што да выставачнай залы... З цягам часу ўстанова можа займець і больш памяшканняў. Плануем перавесці дзіцячы садок у будынак школы. Тады знойдзецца месца і для выставачнай залы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - У падвальным памяшканні музея ўжо трэці год стаіць вада...

Іна ШЫНКЕВІЧ:

- Пад рамонт патрэбная праектна-каштарысная дакументацыя, бо гэта ж помнік архітэктуры. А грошай аддзел культуры пакуль што не мае. У нас на гэты год усяго закладзена трыццаць мільёнаў пад бягучы рамонт усіх устаноў культуры раёна. Гэтага, канешне ж, замала. А там, у музеі, не ўсё так проста: трэба адводзіць ваду... Таму, пакуль не зробім ПКД, рамонту не будзе...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адна праблема вёскі і музея - дарогі. Як адзначалі мясцовыя жыхары і культработнікі, да іх прыязджала б болей турыстаў, калі можна было б ехаць не па гравійцы...

Галіна ВОЛАХ:

- Па рамонце дарог у нас шмат што робіцца ў раёне. І той кавалак шляху з Полацка на Міёры рамантуецца таксама.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не стае і прыдарожнай рэкламы для музея, адпаведных друкаваных буклетаў - таксама. Няма ў музея і свайго сайта...

Галіна ВОЛАХ:

- Лічу, што рэкламы ў нас дастаткова: у нас ёсць інфармацыя пра музей на сайце райвыканкама, размешчаны чатыры бігборды ў раёне, інфармацыйныя шчыты...

Іна ШЫНКЕВІЧ:

 - Але актывізаваць гэтую працу трэба. Мы выдаём брашуры за пазабюджэтныя сродкі. У перспектыве будзем выпускаць іх на іншых мовах і большым тыражом.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А чаму так сталася, што ў Шаркаўшчыне няма краязнаўчага музея? Маючы такія фонды, як у Германавічах, можна было б зрабіць шыкоўную ўстанову... І "раскруціць" у раёне таго ж Драздовіча...

Галіна ВОЛАХ:

- Думаем над гэтым. Плануем адкрыць новую бальніцу ў 2011 годзе, і тады ў гарадскім пасёлку вызваляцца некалькі будынкаў. Магчыма, у адным з іх размесцім раённы музей.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі казаць пра брэнд і пра яго "раскрутку", дык мо і пра помнік Драздовічу варта было б падумаць? Усталяваць яго, напрыклад, у цэнтры горада. Задумак такіх няма?

Галіна ВОЛАХ:

- Ідэя добрая, і я яе для сябе абавязкова занатую.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабываў і ў вёсцы Верацеі, дзе плануецца стварыць культурнаспартыўны комплекс з гасцінічнымі нумарамі. Не баіцеся, што гасцініца не акупіцца?

Галіна ВОЛАХ:

- Нават у нашай Шаркаўшчынскай гасцініцы месца не заўсёды можна займець. А да нас людзі едуць і будуць ехаць: раён вельмі прывабны ў турыстычным плане. Таму, лічу, гэта вельмі перспектыўна. Да таго ж, не трэба забывацца і пра выкананне плана платных паслуг.

Іна ШЫНКЕВІЧ:

- Так, нам, паводле плана, трэба зарабіць 280 мільёнаў, а на сёння мы зарабілі толькі 81. Хаця, лічу, гэта таксама неблагая лічба. А калі казаць пра Верацеі, дык нам выдаткавана пад гэты аб'ект 320 мільёнаў. Зробім там 12 гасцінічных нумароў, а спартыўнае абсталяванне ўсталюе аддзел спорту і турызму.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ці плануецца рамонт будынка СДК аграгарадка "Лужкі"? Гэтага вельмі жадаюць як мясцовыя жыхары, так і культработнікі...

Галіна ВОЛАХ:

- Будынак сапраўды стары. Хоць там мясцовыя культработнікі няблага план выконваюць, праводзяць цікавыя мерапрыемствы.

Іна ШЫНКЕВІЧ:

- У нас распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на сядзібна-паркавы комплекс, які размешчаны ў суседняй вёсцы Гарадзец. Плануем з цягам часу размясціць Лужкаўскі СДК і бібліятэку менавіта ў гэтым будынку.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не магу не згадаць і пра раённы Дом культуры...

Галіна ВОЛАХ:

- Дом культуры - наша балючае месца. На яго капітальны рамонт прадугледжана прыкладна два мільярды рублёў.

Іна ШЫНКЕВІЧ:

- Летась асвоілі на рамонтных работах амаль 100 мільёнаў рублёў: зрабілі санвузлы і фае. Цяпер рамантуем глядзельную залу. Вобласць выдаткавала прыкладна 200 мільёнаў рублёў. Плануем увесці глядзельную залу ў дзеянне ўжо напрыканцы жніўня бягучага года. Таксама набылі новыя крэслы ў глядзельную залу на 216 мільёнаў рублёў, з раённага бюджэту выдаткавана прыкладна 50 мільёнаў на новае "адзенне" сцэны...

Галіна ВОЛАХ:

- Хацелася б таксама зрабіць і капітальны рамонт Шаркаўшчынскага кінатэатра. Але ж не ўсё адразу. Тым больш, наш раён прыкладна на 50 працэнтаў датацыйны. Шмат тут залежыць і ад фінансавання з абласнога бюджэту.


Дэталь да агульнай карціны

Цэнтр, дзе ёсць усё

У Германавічах наведаў не толькі музей, але і мясцовы Цэнтр культуры і народных традыцый. Ягоны дырэктар Вольга Сташкевіч абсалютна задаволена як матэрыяльнай базай сваёй установы, так і працай тых гурткоў, што тут існуюць.

Ёсць ва ўстанове культуры два камплекты гукавой апаратуры: для сцэны і для дыскатэчных мерапрыемстваў. Хапае і светлавых прыбораў, і крэслы ў глядзельнай зале на 200 месцаў таксама новыя. Таму, як кажа дырэктар СДК, ва ўстанове ёсць усё, што патрэбна для працы. Пры ЦКіНТ нядаўна запрацавала філарманічная пляцоўка, што вельмі дапамагае выконваць план платных паслуг. Летась установа зарабіла на канцэртах і дыскатэках пяць мільёнаў рублёў, а за шэсць месяцаў бягучага года - ужо шэсць мільёнаў. Рост, пагадзіцеся, унушальны. І, як лічыць Вольга Іванаўна, гэта яшчэ не мяжа.

Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Пашынскі:

"Плануем асноўнае"

- У наступным годзе будзем планаваць асноўнае фінансаванне рамонтных работ у Шаркаўшчынскім РДК са сродкаў абласнога ўпраўлення культуры. Сёлета выдаткавалі пад гэтыя мэты толькі невялікую частку грошай. На рамонт Шаркаўшчынскага кінатэатра фінансаванне сёлета не прадугледжана. У нас у вобласці 14 кінатэатраў. Нядаўна здалі кінатэатр у Докшыцах, заканчваем у Талачыне, 600 мільёнаў рублёў перадалі кінатэатру ў Полацку, і ў наступным годзе там павінны завяршыцца рамонтныя работы. А ўсе астатнія кінатэатры вобласці таксама патрабуюць рамонту. З наступнага года плануем па чарзе выдаткоўваць грошы для гэтага тром-чатыром кінатэатрам. У тым ліку - і кінатэатру ў Шаркаўшчыне. З наступнага года мяркуем дапамагаць і Германавіцкаму музею культуры і побыту. Там, па вялікім рахунку, неабходна маштабная рэканструкцыя ўсяго сядзібнага комплексу былога ўладання графа Шырына. Бо гэта цікавы турыстычны аб'ект на маршруце Мінск - Паставы - Глыбокае - Германавічы - Лужкі - Браслаў. А з цягам часу, пасля таго, як музею перададуць усе памяшканні, якія займае цяпер дзіцячы садок (папярэднія перамовы са старшынёй райвыканкама я ўжо праводзіў), дык у перспектыве можна будзе і назваць гэты музей імем Язэпа Драздовіча.

 

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"