…выстаўка ў 3D

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Літаральна тыдзень таму ў межах выставачных залаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь яшчэ можна было пазнаёміцца з унікальным праектам “Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI — XIX стагоддзяў”, арганізаваным установай сумесна з Яраслаўскім мастацкім музеем.

Напрыканцы ліпеня каштоўныя расійскія абразы вярнуліся да сябе на радзіму, і тым не менш, засталіся ў нас. Справа ў тым, што Нацыянальны мастацкі музей Беларусі падрыхтаваў і выпусціў новы мультымедыйны дыск "Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI - XIX стагоддзяў". Як адзначылі ва ўстанове, праект уяўляе з сябе віртуальную версію аднайменнай выстаўкі, якая праходзіла з 24 красавіка па 24 ліпеня ў Мінску і была прымеркавана да 75годдзя з дня нараджэння Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Узноўленая на дыску 3D-мадэль залы дазваляе адчуць сябе непасрэдна ў музейнай прасторы, а магчымасць дэталёвага разгляду твораў спрыяе больш падрабязнаму вывучэнню гістарычнага і мастацтвазнаўчага матэрыялу. Да таго ж, стваральнікі мультымедыйнага прадукту прадугледзелі і дадалі да кожнага экспаната ўсе неабходныя каментарыі. Нагадаем, што ў межах праекта дэманстраваліся 33 іконы XVI - XIX стст. са збору Яраслаўскага мастацкага музея, прысвечаныя іканаграфіі адных з самых шанаваных у праваслаўі святых - архіепіскапаў Мікалая Мірлікійскага і Іаана Златавуста.

Таксама быў прадстаўлены шэраг унікальных беларускіх абразоў, у тым ліку ікона "Прарокі Ісайя і Іерэмія" 30-х гадоў XVIII ст. з Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра, што была летась перададзена ў Нацыянальны мастацкі музей.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"