Гукі Карэі

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

Традыцыйнае карэйскае мастацтва прадэманстравалі айчыннай публіцы маладыя артысты з гэтай краіны днямі ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.

Канцэрт арганізавала Пасольства Рэспублікі Карэя ў нашай краіне, Міністэрства культуры, спорту і турызму гэтай дзяржавы і Асацыяцыя беларускіх карэйцаў. Група валанцёраў-карэйцаў з пяці чалавек, якія выконваюць танцы, песні і музыку сваёй краіны, знаходзілася ў Беларусі цягам трох месяцаў, і дадзены канцэрт стаў заключным у іх візіце, пра што паведамілі ў Пасольстве Рэспублікі Карэя ў Беларусі. Папулярная ў свеце вясёлая музыка самулноры (яе граюць на чатырох традыцыйных музычных інструментах), ужо захапіла жыхароў Дзяржынска, Гродна і беларускай сталіцы. Спадабалася слухачам і народная песня пансоры, якую вакаліст спявае ў дуэце з перкусіяністам. Танец з барабанам, сола на інструменце чангу, прыёмы таэквандо - каларытнае і дзіўнае для ўсходнееўрапейцаў відовішча. Артысты адзначаюць, што ім таксама было прыемна пазнаёміцца з культурай Беларусі. І ўвогуле, у іх застанецца шмат успамінаў пра нашу краіну на доўгія гады.