Шукаю…спакою

№ 22 (788) 02.06.2007 - 08.06.2007 г

Напрыканцы мая на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі свой спектакль “Шукаю адзінокага мужчыну” па п’есе Алены Паповай прадставіў сталічным гледачам Мінскі абласны драматычны тэатр з Маладзечна. Спектакль гэты, як і “Адвечная песня” Я.Купалы ў РТБД, стаў летась пераможцам першага агляду-конкурсу пастановак па творах сучаснай і класічнай беларускай драматургіі. Мінчане ўжо завіталі ў госці да маладзечанцаў, і вось нарэшце настаў “візіт у адказ”.

Творчы тандэм драматурга Алены Паповай і рэжысёра Віталя Баркоўскага выклікае ў айчынных тэатралаў унутранае трымценне. Дапаўняючы і ўзаемна раскрываючы адно аднаго, вытанчаная, інтэлігентная і неаднапланавая драматургія спалучаецца ў спектаклі маладзечанцаў з іранічнай, нібыта “гуляючай”, рэжысурай. У выніку перад намі лёгкі, “паветраны” спектакль, практычна не абцяжараны грувасткімі дэкарацыямі (на сцэне ў якасці “эпіцэнтраў” месца дзеяння — усяго толькі стол, ложак ды прыгожая, ручной работы, жырандоля). А вытанчаныя бялюткія карункі надта нагадваюць…павуцінне, у якое літаральна зацягнула галоўную гераіню.
Пры гэтым, аднак, на самым пачатку спектакля рэжысёр нас “уводзіць у зман”: перад намі — дзве сяброўкі — адна жыццярадасная, свежая, прывабная (Ірына Кляпацкая), другая нагадвае старанную настаўніцу-векавуху (Алена Рахмангулава). Вось толькі згодна са звыклай “логікай”, менавіта “векавуха” мусіла б быць гераіняй спектакля, але ж гераіня Рахмангулавай — паспяховая сямейная жанчына, у якой у жыцці ўсё ёсць, — так яна сама сцвярджае, — а калі муж і не дорыць ёй кветак, дык затое ўсю зарплату аддае! А вось “няшчасная” гераіня, якую іграе Кляпацкая, зусім не выглядае бядачкай, нават наадварот — ёй так добра і ўтульна ў яе свеце вершаў, катоў і “віртуальнага” сябра, што ўсе намаганні навакольных прывесці яе жыццё ў адпаведнасць з “агульнапрынятымі стандартамі” выклікаюць у яе шчымлівае адчуванне страты чагосьці важнага, абавязковага і проста неабходнага для жыцця, як той кісларод, — душэўнай раўнавагі.
У яе кватэры з’яўляюцца самыя розныя мужчыны: інтэлігент-няўдачнік Гена (Андрыян Барткевіч), які для сябе піша дысертацыю, прысвечаную паводзінам чыгуну пры пэўнай тэмпературы, а для сям’і жадае мець даведку, што ён “не здатны зарабляць грошы”; сусед-банкір (Алег Чэчанеў), які ўночы працуе ва ўласнай піцэрыі, а ў гераіні бачыць магчымасць пашырыць уласную жылплошчу і — “павучыць жыццю інтэлігентку”; ціхі настаўнік музыкі, які білетам на канцэрт жадае “займець” сабе жонку, у якой у кватэры тоўстыя сцены; нарэшце, юнацкае каханне — Пашка, якога цяпер наўрад ці можна пазнаць… Кожны з гэтых герояў, урываючыся ў кватэру, а разам з тым — і ў жыццё галоўнай гераіні, па сутнасці, так і не цікавіцца ёю самой — навошта, які сэнс у гэтым, калі кожны чалавек жыве выключна ўласным мірком і ўласнымі клопатамі! І таму спектакль Баркоўскага — зусім не пра тое, што “ўсе мужыкі — сва…”. Ён, хутчэй, пра тое, што людзі зусім перасталі бачыць навакольны свет, і нават наяўнасць вачэй не робіць магчымым для іх убачыць, што побач — жывыя людзі, і ў кожнага з іх — свае інтарэсы, свой лад жыцця і сваё ўяўленне пра свет, які іх акаляе. І самае дарагое, што можа падарыць адзін чалавек другому, — абароненасць ягонага свету, ягонага жыцця.

Таццяна КОМАНАВА
На здымку:
сцэна са спектакля ”Шукаю
адзінокага мужчыну”.
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА