Башметаўскі, пяты...

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

На чарговым пасяджэнні арганізацыйнага камітэта Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета было вызначана, што пяты па ліку форум пройдзе ў Мінску з 6 па 13 кастрычніка. Арганізатарамі яго з'яўляюцца Міністэрства культуры нашай краіны, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт сумесна с вядомым беларускім кампазітарам Расціславам Крымерам.

/i/content/pi/cult/281/4427/Clip_10.jpgНа думку арганізатараў і многіх аматараў высокага мастацтва, беларускі фестываль Юрыя Башмета стаіць поруч з тымі фестывалямі класічнай музыкі, што адбываюцца ў Зальцбургу (Аўстрыя), Верб'е (Швейцарыя). Сёлета на святочны фестывальны тыдзень таксама прыпадзе шмат як традыцыйных для яго падзей, так і музычных сюрпрызаў. Як заўсёды, Юрый Башмет выступіць як саліст і дырыжор, стаўшы гэтым разам за пульт ансамбля "Салісты Масквы". Сярод гасцей фестывалю - камерны ансамбль "Крэмерата-Балтыка" і скрыпач Гідон Крэмер, піяніст Аляксей Любімай, ансамбль старадаўняй музыкі "Хортус-Музыкус", літоўская віяланчэлістка Гіёндрэ Дырванаўскайтэ і многія іншыя сусветныя зоркі. Сярод беларускіх удзельнікаў- наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым, іншыя калектывы і салісты. Паводле добрай фестывальнай традыцыі, разам з вядомымі майстрамі будзе выступаць творчая моладзь.

- Спадзяёмся, што пятыя па ліку, юбілейныя, урачыстасці, будуць не горшыя за ранейшыя і пройдуць на высокім мастацкім узроўні, пакінуўшы прыхільнікам класікі самыя ўзнёслыя ўспаміны і надзею на далейшыя сустрэчы падобнага ўзроўню, - мяркуе сустаршыня аргкамітэта і мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"