На думку арганізатараў і многіх аматараў высокага мастацтва, беларускі фестываль Юрыя Башмета стаіць поруч з тымі фестывалямі класічнай музыкі, што адбываюцца ў Зальцбургу (Аўстрыя), Верб'е (Швейцарыя). Сёлета на святочны фестывальны тыдзень таксама прыпадзе шмат як традыцыйных для яго падзей, так і музычных сюрпрызаў. Як заўсёды, Юрый Башмет выступіць як саліст і дырыжор, стаўшы гэтым разам за пульт ансамбля "Салісты Масквы". Сярод гасцей фестывалю - камерны ансамбль "Крэмерата-Балтыка" і скрыпач Гідон Крэмер, піяніст Аляксей Любімай, ансамбль старадаўняй музыкі "Хортус-Музыкус", літоўская віяланчэлістка Гіёндрэ Дырванаўскайтэ і многія іншыя сусветныя зоркі. Сярод беларускіх удзельнікаў- наш Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым, іншыя калектывы і салісты. Паводле добрай фестывальнай традыцыі, разам з вядомымі майстрамі будзе выступаць творчая моладзь.
- Спадзяёмся, што пятыя па ліку, юбілейныя, урачыстасці, будуць не горшыя за ранейшыя і пройдуць на высокім мастацкім узроўні, пакінуўшы прыхільнікам класікі самыя ўзнёслыя ўспаміны і надзею на далейшыя сустрэчы падобнага ўзроўню, - мяркуе сустаршыня аргкамітэта і мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер.